Пошук

13.07.2009 13:46  
«Езус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне;
шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў».
(гл. Ян 20, 29)

«Забралі Пана з грабніцы... не разумелі яшчэ Пісання... словы гэтыя здаліся ім пустаслоўем», – вось некалькі сказаў, узятых з апісання аб’яўлення Хрыста пасля Уваскрасення. Яны выразна адлюстроўваюць настрой, які панаваў сярод вучняў, раскрываюць думкі самых блізкіх Хрысту людзей. Памёр! Гэта ўжо канец. Ці маглі яны думаць інакш: так заканчваецца жыццё ўсіх людзей, нават найбольш паяднаных з Богам – такі закон чалавечага жыцця, такая логіка мыслення чалавека.

Аднак у адных і тых жа евангельскіх апавяданнях ёсць і іншы настрой: «Убачыў і паверыў! Тады яны ўзгадалі словы Ягоныя і, вярнуўшыся ад грабніцы, абвясцілі ўсё гэта адзінаццаці...». Ёсць настрой абуджэння веры ў сэрцах людзей. Яны перамаглі страх пасля драматычных падзей пятніцы, сутыкнуліся з пустою грабніцаю, перажылі сустрэчу з Настаўнікам, які ім аб’явіўся, і нарэшце адступіліся ад прынцыпаў чалавечай логікі, пайшлі за Божаю праўдаю – Ён жыве! – і спасылаліся пры гэтым на асабістае сведчанне сустрэчы з Панам. Мабыць, самым яскравым з’яўляецца сведчанне нявернага Тамаша.

Падчас аб’яўлення Уваскрослага Езуса ў вечары першага дня тыдня ў доме, дзе знаходзіліся вучні, не было апостала Тамаша. Калі вучні расказвалі яму, што бачылі Езуса, ён сказаў: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». А праз восем дзён, калі вучні Яго зноў былі ў доме і Тамаш з імі, Езус прыйшоў пры замкнутых дзвярах, стаў пасярэдзіне і прамовіў: «Спакой вам!». А потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш адказаў Яму: «Пан мой і Бог мой». Езус сказаў: «Ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 25-29).

О як жа гэтая нявернасць Тамаша найлепш засведчыла Уваскрасенне Езуса Хрыста! Спачатку апосталы з вялікай цяжкасцю прымалі гэту неверагодную праўду, пакуль самі не сталі сведкамі Уваскрасення Езуса. Адзінымі аргументамі для іх былі сведчанні Святога Пісання, пустая грабніца і ўзрушаныя словы жанчын, якім першым аб’явіўся Хрыстус.

Нядзіўна, што Тамаш не паверыў апосталам, якія казалі яму, што бачылі Пана, і адрэагаваў катэгарычна і адназначна: «Пакуль не ўбачу на руках у Яго ранаў ад цвікоў, і не ўкладу рукі маёй у бок Ягоны, не паверу». Тамаш хоча ўпэўніцца ў рэальнасці і праўдзівасці слоў апосталаў. І вось Хрыстус не толькі аб’яўляецца Тамашу, каб надаць гэтаму сведчанню асаблівае значэнне, але дазваляе яму дакрануцца да ранаў на Яго руках і ў баку. Усё ж такі з усіх апосталаў і вучняў адзін-адзінюткі Тамаш быў вылучаны такім чынам. (...)

Каб лепш зразумець сустрэчу Тамаша з Хрыстом праз восем дзён пасля Яго Уваскрасення, трэба таксама ўзяць пад увагу ранейшае здарэнне, запісанае тым жа евангелістам, у якім прымае ўдзел Тамаш. Апостал становіцца сведкам пустой грабніцы, перажывае цуд уваскрашэння памерлага, бачыць, як Лазар устае з магілы. Пасля Вялікай пятніцы і Вялікай нядзелі Тамаш даведваецца, што грабніца, у якой ляжаў Езус, пустая, а апосталы гавораць яму, што «бачылі Пана». Тамаш катэгарычна адмаўляецца верыць у Змёртвыхпаўстанне Езуса, і толькі пасля таго як убачыць раны на руках і ў баку Уваскрослага, ранейшы няверуючы вымавіць словы веры і праслаўлення: «Пан мой і Бог мой!».

Пазней, згодна з традыцыяй, Тамаш накіруецца на Усход. Ён стане прапаведаваць над Еўфратам, дойдзе да Індыі і там будзе заколаты дзідамі. Ён памірае як верны сведка Езуса Хрыста. Разам з іншымі апосталамі і вучнямі Тамаш спадарожнічаў Езусу падчас Яго публічнай дзейнасці, слухаў Яго Добрую Навіну, быў сведкам розных цудаў, якія здзейсніў Езус, сам па даручэнні Настаўніка прымаў актыўны ўдзел у абвяшчэнні Божага валадарства. Але толькі пасля таго, калі апостал сустрэўся з Уваскрослым Езусам, убачыў сляды мукі і смерці на крыжы, адбылося яго поўнае вызнанне веры і поўнае прысвячэнне сябе апостальскай місіі.

У свеце ёсць шмат людзей, падобных да Тамаша ў перыяд яго нявер’я. Многія б хацелі мець пацверджанне веры ў Бога канкрэтнымі цудоўнымі знакамі, якія сведчылі б пра Божае існаванне і дзейнасць, аднак сёння праблема веры зводзіцца да таго, што сказаў Езус, адказваючы на вызнанне Тамаша «Пан мой і Бог мой»: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў». Цяпер наша вера чэрпае сведчанні ад тых, хто слухаў, бачыў, дакранаўся да Езуса і перадаў наступным пакаленням.

Зрэшты, не чалавек робіць ласку і дабро Богу тым, што верыць. Гэта вера з’яўляецца незвычайнаю Божаю ласкаю для чалавека, таму што Бог у сваёй дабрыні паказвае Сябе людзям у постаці свайго ўкрыжаванага і ўваскрослага Сына. Нам патрэбна менавіта тая вера, якая абапіраецца на праўду смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Такая вера для нас – благаславенне, ласка, «дарога, праўда і жыццё», і яна вядзе нас па зямным жыцці да лучнасці з Богам у вечнасці.

Схіляючы галовы і кленчачы перад Уваскрослым Хрыстом Панам, просім Яго пакорна, каб мы, умацаваныя сведчаннем святога апостала Тамаша праз прызнанне чалавечнасці і Боства Езуса («Пан мой і Бог мой»), кіраваліся ў сваім жыцці і паводзінах запаведдзю Езуса: «Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў» (гл. Ян 20, 29).

І гэта, мае шаноўныя дыяцэзіяне, велікодныя пажаданні, якія падтрымліваю пастырскім благаславеннем. Амэн.

Кардынал Казімір Свёнтэк,
Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа