Пошук

13.07.2009 15:12  
«Дзень, поўны радасці, настаў» —
Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца!
(Пс 118 (117), 24).


Хрыстус Пан сваім Уваскрасеннем абудзіў ва ўсіх вялікую, шчаслівую радасць. «Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана» (пар. Ян 20, 20). Колькі ж радасці зведала Марыя! Касцёл Хрыста апявае гэта ў велікодным марыйным гімне Regina caeli laetare і ў папулярных песнях нашага народа. Якой жа вялікай была радасць Марыі Магдалены, калі раптам яна пачула: «Марыя!», — і ўсклікнула: «Раббуні, — што азначае „Настаўнік“!». Хрыстус усюды, дзе з’яўляўся, выклікаў радасць.

Знамянальна, што зніклі ўсе сляды Яго жудаснай Мукі. Засталіся толькі шрамы — доказ, які пераканаў Тамаша. Але не было ўжо цярпення ў душы Хрыста. Ён не згадваў пра зведаныя пакуты, нікога не дакараў, не папракаў, не выказваў прэтэнзій. Калі гартаем старонкі Евангелля, параўноўваем тэксты і супастаўляем іх сінаптычна, каб аднавіць вобраз Хрыста пасля Уваскрасення, мы не знаходзім там нават кроплі болю, смутку ці расчаравання. Хрыстус узвысіўся над усім, што людзі з Ім учынілі. Пётр у сваіх прамовах спасылаўся на Муку і Смерць Хрыста, але Хрыстус сябе паводзіў так, нібы ўсяго гэтага і не было...

Яго Справа была настолькі вялікая, магутная, цудоўная і радасная, што ўсё іншае — нават успамін жахлівай Мукі — нібы не існавала! Яго справа стала адказам на спадзяванні пакаленняў, якія чакалі сотні тысяч гадоў. Усе чалавечыя правіны, якія абражаюць Нябеснага Айца, уся нявернасць Ізраэля, які чакаў Месію, паводзіны габрэяў у адносінах да Хрыста, іх нявер’е, вераломства, злосць, гнеў і нянавісць — усё гэта было нічым у Яго вачах у параўнанні з веліччу Справы Адкуплення. Чалавечую слабасць перавысіла Любоў, а любоў абуджае радасць. Таму Хрыстус, здзейсніўшы Справу Адкуплення, даручаную Яму Айцом, узрадаваўся нічым не азмрочанай радасцю. Ён адчуў палёгку, супакой і шчасце.

Яго радасць і супакой перадаваліся ўсім, з кім Ён сустракаўся. Хрыстус жадаў гэтай радасці. Ён сам выклікаў яе і прымаў у ёй асабісты жывы ўдзел. Ён бачыў, як радуюцца Яго вучні, ствараў мноства нагодаў для радасці — вельмі чалавечай і звычайнай.

Цела Хрыста было пераменена, але Ён так сябе паводзіў, нібыта ніякай змены не адбылося. Яго адносіны да вучняў і акружэння былі звычайнымі і натуральнымі. Ён сядаў разам з імі за стол, дзяліў з імі спажытак. Нават часцей, чым перад Мукай, Ён запрашаў іх есці, заахвочваючы сваім прыкладам: «Хадзіце ж, снедайце...», сам «... узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу» (пар. Ян 21, 12–13). На беразе Тыберыядскага возера Ён паклапаціўся пра тое, каб на сапраўдны Вялікдзень падрыхтаваць спажытак для вучняў, занятых лоўляю рыбы. Мы ведаем, што перад Мукаю Езус размнажаў хлябы, але ніколі да гэтага мы не чулі, каб ён сам «кухарыў». Ён зрабіў гэта менавіта пасля Уваскрасення, калі Яму самому гэта было ўжо менш за ўсё патрэбна. Адкуль Езус узяў рыбу, што пёк на вуглях на беразе возера? Гэта таямніца. Ён сказаў яшчэ дадаць толькі што налоўленую рыбу і прыгатаваў вучням сапраўдны пір.

Хрыстус Пан не аб’яўляецца вучням у постаці Увакрослага Пераможцы. Ён не падкрэслівае сваёй незвычайнай велічы, хоць Яму мы спяваем у велікодных песнях: «Ён смерць перамог! Ён — Пан наш і Бог». Нічога такога ў Хрысце няма! Ён звычайны і штодзённы, Ён уваходзіць у чалавечыя справы па-чалавечы.

Можа, ніколі раней Хрыстус не праяўляў такой сардэчнасці, як пасля Уваскрасення. Ён ужо вырваў з рук сатаны запіс нашых даўгоў, з дапамогай якога той аспрэчваў у Бога сваё права на чалавечы род. Цяпер шатан застаўся з пустымі рукамі, а ў руках Хрыста — усё... Тыя, хто Яго акружае, з’яўляюцца цяпер Яго дзецьмі, здабытымі за вялікую цану — Empti enim estis pretio magno — каштоўнай крывёю Хрыста як Беззаганнага Ягняці... (пар. 1 П 1, 19).

Ён стаў на чале грамады людзей, якія ідуць да Айца. Вось Яго дзеці, Яго сябры, Яго самыя блізкія! Колькі ж яны каштавалі Яму! Таму Ён глядзіць на іх, як на адшуканыя скарбы.

За знявагі, спазнаныя перад смерцю, Хрыстус пасля Уваскрасення адплаціў людзям дабрынёй, сардэчнасцю, блізкасцю і радасцю. Які ж Ён велікадушны! Пасля Уваскрасення Ён мог добра «адплаціць» фарысеям, кніжнікам, Іраду, Пілату і нават вучням, якія Яго пакінулі, асабліва Пятру, які адрокся ад Яго, — усім! Усім! Ён жа мог запытацца: «А дзе ж вы, сыночкі, дзеліся, калі Я быў на крыжы?». На шчасце, Хрыстус ні пра што такое не пытаўся. Пра гэта ў Евангеллі няма ніводнай згадкі. Ён трымаў сябе так, нібы ўсяго гэтага не было.

Як жа гэта цудоўна — забываць і прабачаць! Гэта ўнутрана вызваляе, чыніць чалавека сапраўды вялікім і адначасова блізкім і братэрскім. Менавіта такой з’яўляецца любоў, менавіта такім бывае сапраўднае сяброўства!

Хрыстус вучыць уменню быць адно з адным і ўзвышацца над усім, што для нас магло б стаць непрыемным і балючым. Ён вучыць нас забываць. Што было — тое прайшло! Хрыстус увёў нас у новае жыццё і ў новую атмасферу.

Вось як паводзіць сябе Хрыстус Уваскрослы. Так павінны паводзіць сябе таксама і мы ў сваім жыцці, на працы і ў адносінах з іншымі людзьмі. Так паводзяць сябе ўсе, хто любіць Хрыста, і ўсе, хто любіць адно аднаго ў Хрысце. Ён нам паказаў, як трэба адносіцца да акружэння, каб жыць у згодзе з братамі.

Няхай нашае суіснаванне будзе адзначана Божай радасцю! Няхай дом кожнага з нас будзе домам Божай радасці, домам сяброўства, добразычлівасці, дабрыні і роднасці, дзе ўжо не памятаюць абразаў і не нагадваюць пра спазнаныя крыўды, бо тут валадарыць любоў, якая ўсё перамагае, пра ўсё забываецца і прабачае.

Умілаваныя браты і сёстры, з нагоды Велікодных святаў прыміце мае самыя шчырыя пажаданні шчодрых ласкаў і благаславенняў Уваскрослага Хрыста ў вашым асабістым, сямейным і грамадскім жыцці.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа