«А Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14)
Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы скіраваны да Бэтлеема, да стайні, да ясляў, бо мы жадаем нанава перажыць збаўчую таямніцу ўцелаўлення Божага Сына.
У гэтую святую Бэтлеемскую Ноч адбылася доўгачаканая сустрэча чалавека з Богам.
Для таго, каб належным чынам зразумець і адпаведна ацаніць гэтую сустрэчу, неабходна вярнуцца да часу стварэння чалавека, калі Творца пасяліў яго ў раі, дзе чалавек мог не толькі сустракацца з Богам, але і бачыць Яго твар у твар.
На жаль, гэты благаслаўлёны час сустрэчы чалавека з Богам працягваўся не вельмі доўга. Па нашэптванні д’ябла чалавек парушыў Божую забарону пазнання дабра і зла і, у якасці пакарання, быў выгнаны з раю, такім чынам страціўшы прывілей сустракацца з Богам і непасрэдна прабываць з Ім.
Для чалавека распачаліся доўгія гады, цэлыя стагоддзі зямнога жыцця ў аддаленасці ад Бога — усемагутнага Творцы, магутнага Валадара, суровага Пана. Праўда, за дабро, за змену да лепшага Бог быў літасцівы да чалавека і прабачаў яго, благаславіў яму, але за новыя адступленні, за грахі ізноў сурова караў. Але ж у сэрцы чалавека пастаянна жыла туга па сустрэчы з Богам, па прабыванні з Ім.
Аднак калі чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, калі замест пашаны адзінага, сапраўднага Творцы чалавек аддаваўся ідалапаклонству, Бог у сваёй адвечнай дабрыні і любові да сваіх стварэнняў вырашыў спаслаць на зямлю свайго Сына, каб адкупіць чалавечы род, каб навярнуць людзей да сапраўднай веры, каб прымірыцца з чалавекам.
«Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1–2).
«Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).
І вось дзве тысячы гадоў таму назад «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14).
Якім жа дзіўным было прыйсце на зямлю Сына Божага, гэтая сустрэча Бога з чалавекам! Здавалася б, што Сыну Божаму больш пасавала б нарадзіцца ў царскім палацы, а пазней — прыняць уладу і Божай моцай наладзіць ва ўсім свеце парадак, угрунтаваны на Божым праве.
Аднак Бог абраў цалкам іншы спосаб прыйсця на зямлю. Святы Лука вельмі сцісла апісвае гэтую найвялікшую з падзей, якія калі-небудзь адбываліся на зямлі: «... надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6–7).
Сярод тых, хто акружаў Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскай стайні, не было магутных гэтага свету, а былі толькі пакорная Марыя, убогі Юзаф, некалькі наёмных пастухоў і пара жывёлінаў.
А нованароджаны Сын Божы? Ён ляжаў у яслях, бездапаможна варушыў ручкамі, чакаў матчынага малака і час ад часу плакаў ад холаду.
Толькі спеў анёлаў «дакументаваў» таямніцу прыйсця Божага Сына на зямлю.
Так выглядала сустрэча Бога з чалавекам.
Таямніца Божага Нараджэння ў сваім глыбокім вымярэнні з’яўляецца надзвычайнай сустрэчай чалавека з Богам і Бога з чалавекам на працягу гісторыі чалавецтва.
У Бэтлееме Юдэйскім распачалася найпрыгажэйшая гісторыя перакрыжавання шляхоў Бога і чалавека: стары свет граху і новы свет ласкі, любоў і прымірэнне дасягаюць найбольшай блізкасці, што адкрывае новую перспектыву гісторыі чалавека і свету. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у біяграфію кожнага чалавека, каб выбавіць нас з няволі граху, каб мы нанава «ад Бога нарадзіліся» (пар. Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі.
У Бэтлееме сустракаюцца вялікая любоў Бога і шчырая вера чалавека. Праз бэтлеемскую стайню Бог спяшаецца да людзей, а людзі вандруюць да Яго. Божы Сын стаў блізкі чалавеку, пасяліўся між людзей: Ён з імі, сярод іх і для іх.
Там, у стайні, да Яго працягнуліся шматлікія рукі. І найбольш чулыя рукі Маці, і поўныя клопату рукі Юзафа, і спрацаваныя рукі пастухоў, і добразычлівыя рукі, якія перанеслі Божае Дзіцятка з ясляў у дом, і рукі вучоных Мудрацоў з Усходу. Але да Дзіцяці працягнуліся таксама і рукі нянавісці, забруджаныя крывёю забітых бэтлеемскіх немаўлят. Гэтая Бэтлеемская Ноч сталася сапраўды ноччу чалавечых рук, працягнутых да Бога.
Праз трыццаць гадоў скрытага жыцця ў Назарэце Божы Сын Езус Хрыстус распачаў сваю публічную збаўчую дзейнасць. У нястомных сустрэчах з людзьмі на працягу трох гадоў Ён абвяшчаў Добрую Навіну любові да Бога і бліжняга, чыніў шматлікія цуды і ахвяраваў сябе ажно да смерці — крыжовай смерці — дзеля адкуплення чалавечага роду і прымірэння людзей з Богам.
Пасля свайго ўваскрасення і ўнебаўшэсця, верны свайму абяцанню — «не пакіну вас сіротамі» (пар. Ян 14, 18), «і вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20), — Езус застаўся ў сваім Касцёле — Яго Містычным Целе, — які атрымаў дары Духа Святога, каб у сустрэчах з людзьмі ў святых сакрамэнтах весці іх да свайго вечнага Валадарства.
На Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў Боскую Эўхарыстыю, Ён даў людзям магчымасць штодзённа сустракацца з Ім праз удзел у святой Імшы — аднаўленні Яго крыжовай Ахвяры — праз прыняцце Яго Цела і Крыві ў постацях хлеба і віна, духоўнага спажытку для душы, праз наведванне і адараванне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у табэрнакулюме — жывой Эўхарыстычнай Стаенцы.
Неабходна часта і доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, утоеным у Эўхарыстыі, каб належным чынам ушаноўваць Яго, каб дзякаваць Яму за атрыманыя ласкі, каб перапрашаць за ўчыненыя знявагі, каб прасіць Яго аб благаслаўленні.
І так, пачынаючы ад Бэтлеемскай Ночы, на працягу дзвюх тысяч гадоў ажно да канца гісторыі чалавецтва пастаянна і няспынна адбываюцца сустрэчы Бога з чалавекам і чалавека з Богам.
Якія ж невымоўныя дабрыня, міласэрнасць і любоў Бога ў адносінах да людзей!
Пастаянныя сустрэчы з Богам даюць чалавеку магчымасць прабываць з Ім ужо ў гэтым зямным жыцці і тым самым гарантуюць атрыманне прывілею вечнага прабывання з Богам у Нябесным Валадарстве.
З найлепшымі святочнымі пажаданнямі і пастырскім благаслаўленнем
Кардынал Казімір Свёнтэк Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі. |