«Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4). |
Калі ў Вялікую пятніцу Пілат пачуў вызнанне Хрыста: «Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37), то задаў Хрысту пытанне: «Што такое праўда?» (Ян 18, 38). Пытанне Пілата ў Вялікую пятніцу засталося без адказу. Гэты адказ Пілат і Ерузалем пачулі на трэці дзень пасля Вялікай пятніцы — раніцай у Велікодную нядзелю — і, на жаль, ён не быў прыняты ні Пілатам, ні старазапаветным Ерузалемам. А гэта быў надзвычайны адказ, які ўразіў увесь Ерузалем, і па сённяшні дзень уражвае ўсё чалавецтва. Хрыстус, асуджаны Пілатам на смерць, укрыжаваны і пахаваны, уваскрос! Яго грабніца пустая!
Вось вялікая праўда, пра якую засведчыў Хрыстус, уваскрослы ў Велікодную раніцу. Для таго Ён нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб, прынёсшы сябе ў ахвяру на крыжы за чалавечыя грахі дзеля адкуплення роду людскога, перамагчы смерць і адкрыць для людзей брамы да вечнага жыцця. Чалавек будзе жыць вечна!
Жыццё чалавека нельга закрыць у цесных рамках ад нараджэння да смерці. Чалавек павінен сапраўды сысці ў магілу, але з гэтай магілы ён напэўна выйдзе. Ніхто і нішто не можа забіць чалавека назаўсёды, навечна. Пра гэтую Пасхальную праўду Хрыстус сведчыць у Касцёле, які Ён сам заснаваў і ў якім ужо на працягу дваццаці стагоддзяў няспынна прысутнічае ў Боскай Эўхарыстыі.
Уваскрослы Хрыстус кажа: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, і пасля гэтага не можа больш нічога зрабіць» (Лк 12, 4). Гэтае настаўленне датычыць розных праяваў адносін і дзеянняў, накіраваных супраць паасобных людзей, а таксама супраць розных чалавечых супольнасцяў.
Такім чынам, не бойцеся хваробаў, якія нішчаць зямное жыццё чалавека. Не бойцеся калецтва, старасці, якія чыняць чалавека слабым і бездапаможным. Не бойцеся ўсяго таго, што знішчае цела. Гэта праўда, што боль і цярпенне — цяжкі крыж, чалавек не жадае іх прымаць і ў меру сваіх фізічных сіл абараняецца. Але ў святле Велікоднай раніцы ўсе гэтыя зямныя выпрабаванні змяншаюцца і слабнуць. Пакуты зямнога жыцця нельга параўнаць з хвілінай, якая чакае нас у будучым жыцці ў вечнасці. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 12).
Таксама не бойцеся людзей, якія вас мучаць, можа, нават здзекуюцца з вас. Гэта могуць быць суседзі, але могуць быць таксама і члены сям’і. Не бойцеся тых, хто прычыняе вам духоўную ці матэрыяльную крыўду, хто прымушае вас плакаць. Сам Пан Езус зведаў усё гэта: Яго бічавалі, укаранавалі цернем, усклалі крыж на плечы, укрыжавалі, паклалі ў грабніцу. І вось Ён уваскрос і дасягнуў радасці паяднання з Богам Айцом у небе. Святы Павел у сваім лісце да Рымлянаў піша: «Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашы смяротныя целы Духам сваім, што жыве ў вас» (Рым 8, 11).
Не бойцеся тых, хто знішчае духоўныя каштоўнасці, не прызнае праўды, злоўжывае справядлівасцю, абмяжоўвае свабоду, сее нянавісць, забівае нявінных. Прыйдзе час, калі праўда, свабода, справядлівасць і любоў перамогуць, калі запануе Валадарства Хрыста Уваскрослага.
І ўрэшце, не бойцеся сатаны і яго вераломства. Бо князь гэтага свету, які шнарыць у пошуках, каб звесці каго-небудзь са шляху праўды і любові, ужо быў асуджаны Хрыстом Уваскрослым. Няма такога граху і такога зла, ад якога дзякуючы Хрысту Уваскросламу немагчыма было б вызваліцца і атрымаць вечнае шчасце. Бо дабро мацнейшае за зло, ласка мацнейшая за грэх, свабода мацнейшая за няволю, любоў мацнейшая за нянавісць, жыццё мацнейшае за смерць.
Гэта тая вялікая праўда, якая грунтуецца на факце Змёртвыхпаўстання Пана. Аднак трэба прызнаць, што праўду прымаць часам цяжка. Сёння мы часта шукаем праўду, аднак плануем наперад, якой яна павінна быць. А калі яна не адпавядае нашым разумовым магчымасцям, мы яе не прымаем. Пасхальнай праўды немагчыма пазнаць толькі з дапамогай розуму, асабліва ў цяперашні час, калі людзі дастаткова часта аддаляюцца ад Касцёла, ад веры, ад Бога. Гэтую праўду можна пазнаць і прыняць толькі і выключна з дапамогаю веры. І таму, між іншым, Пілат, хаця ўжо ў Вялікую нядзелю меў адказ на сваё пытанне, гэтай праўды не прыняў. Не зразумеў. Яму не хапіла веры.
І яшчэ адно варта ўсвядоміць: вера ў Змёртвыхпаўстанне Хрыста нарадзілася не з наіўных жаданняў; не са сведчання варты, што стаяла каля грабніцы Езуса; не з чутак, якія разносілі жанчыны; не са слоў Магдалены, якая Яго любіла; не з вестак, што кружылі сярод легкаверных людзей. Наадварот, навіна пра змёртвыхпаўстанне Хрыста сутыкалася з недаверам апосталаў да словаў жанчын, Магдалены, а св. Тамаш цэлы тыдзень супраціўляўся, казаў, што не паверыць, пакуль не дакранецца да ранаў і боку Езуса.
Вера ў змёртвыхпаўстанне Езуса выйшла з самога Хрыста. Ён сваімі неаднаразовымі з’яўленнямі пасля паўстання з грабніцы, а таксама сваім выразным і рашучым словам абгрунтоўваў у свядомасці вучняў упэўненасць, што сапраўды перад імі іх уваскрослы Настаўнік. Толькі са шматразовых аб’яўленняў і прадказанняў Святога Пісання нарадзілася вера ў Хрыста, які ажыў. Пасля зразумення гэтага надзвычайнага факту ў апосталаў з’явілася гатоўнасць памерці за Хрыста, як і Хрыстус памёр за іх і за ўсіх людзей. Яны набылі таксама ўпэўненасць у тым, што як Хрысус перамог смерць, так і яны атрымаюць вечнае жыццё.
Такім чынам, вялікая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана сталася фундаментам хрысціянскай веры. Кожны, хто хоча паглыбіць веру, павінен прыходзіць да пустой грабніцы Езуса, дзе ляжалі толькі «палатніна і хуста, што была на галаве Яго» (пар. Ян 20, 7). Умацаванне веры — гэта нішто іншае, як нястомныя пошукі Хрыста Уваскрослага, гэта жаданне сустрэцца з Ім.
Няхай гэтая Пасхальная праўда — Змёртвыхпаўстанне Хрыста Пана — ажыўляе нашую веру ў Яго прысутнасць да сканчэння вякоў у перамененых постацямі хлеба і віна ў святой Імшы, у святой Камуніі і ў табэрнакулюмах каталіцкіх святыняў.
Няхай Уваскрослы Хрыстус, які пастаянна прабывае сярод нас у Эўхарыстыі, будзе крыніцай хрысціянскай мужнасці, каб мы не баяліся, але смела перамагалі ў нашым жыцці і паводзінах усялякія цяжкасці і перашкоды — як цялесныя, так і духоўныя, — згодна з Пасхальнай праўдай аб тым, што чалавек жыве вечна, што любоў мацнейшая за ўсялякае зло, а жыццё перамагае смерць.
Будзем жа непарушна з’яднаныя з Езусам Хрыстом Уваскрослым, заўсёды прысутным у Эўхарыстыі, бо гэта ўмацоўвае нас у выпрабаваннях зямнога жыцця і з’яўляецца задаткам нашага змёртвыхпаўстання да хвалебнага жыцця ў вечнасці.
Такія мае Велікодныя пажаданні вам, дарагія дыяцэзіяне, і да іх я далучаю сваё пастырскае благаслаўленне.
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі