Пошук

24.12.2018 20:00   Catholic.by

«Бог чакае, адкрый перад Ім сваё сэрца і не бойся, там шмат дабрыні і цеплыні. Я перакананы, што ў гэтай сустрэчы нашых сэрцаў ажыве велізарная моц надзеі і любові, спавітая верай», — піша біскуп.

Любая моладзь! Дарагія браты і сёстры!

У вігілійную ноч мы спяваем: «у яслях ляжыць, хто ж паверыць... ?!» Сапраўды, ці Бог абраў бы сабе месца ў яслях? Аднак жа Яго адаруюць анёлы, захапляецца Ім Найсвяцейшая Маці Марыя, глядзіць ахоплены клопатам святы Юзаф, з радасцю схіляюцца пастушкі, і ўсе задаюць адно пытанне: «Ці гэта праўда, што Бог выглядае так, як кожны чалавек?»

Дарагія! Божы Сын пакладзены на сена. Гэта цуд, які мы спазнаём, перад якім молімся, які нас затрымлівае перад сабой: калядкі, дзяленне аплаткай, пастэрка і пытанне ў тваім маладым сэрцы і маім: ці сапраўды Бог ажно так палюбіў свет?

Павер, брат і сястра, што гэта так! Бог чакае, адкрый перад Ім сваё сэрца і не бойся, там шмат дабрыні і цеплыні.

Я перакананы, што ў гэтай сустрэчы нашых сэрцаў ажыве велізарная моц надзеі і любові, спавітая верай. Гэта мы дасведчылі ў 2018 годзе, калі былі разам на малітве ў Гродне падчас Агульнабеларускіх дзён моладзі, у пілігрымках і моладзевых сустрэчах пры нашых парафіях. Гэта адбылося дзякуючы вам, маладым нашай краіны, якія з’яўляецеся надзеяй грамадства і Касцёла. І гэта так. Мы разам клапаціліся, каб нашая «малая Айчына» была моцная прысутнасцю Бога.

Няхай сёлетнія святы Божага Нараджэння ў чарговы раз дапамогуць нам усвядоміць, што Бог выглядае менавіта так, як сам жадаў.

Таму паглядзім на сябе ў гэтыя святы Божага Нараджэння і Новага 2019 года Панскага Божым позіркам, з перспектывы Бога. А гэта адбываецца найперш у нашых сем’ях, там дзе прытульна і хораша.

Новы год 2019 пройдзе ў нашым мясцовым Касцёле пад дэвізам «Сям’я — крыніца радасці і надзеі для моладзі», бо як інакш? Таму прашу вас, дарагая моладзь, аб малітве ўжо сёння за вашыя сем’і, якія вы ў гэтым годзе згодна з пажаданнем двух любячых сэрцаў створыце. Няхай яны будуць моцныя моцай вашай узаемнай любові, спавітыя благаслаўленнем Божым.

Дарагія! Перад бэтлеемскай стаенкай будзем маліцца адзін за аднаго і памятаць пра «Маленькую Любоў», што спіць у яслях, і прасіць аб благаслаўленні Божага Дзіцяці для ўсіх людзей добрай волі.

Благаслаўлёных, радасных, добрых і спакойных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2019 года ад Пана.

Моладзь! Памятай, што Касцёл лічыць цябе сваёй надзеяй!

З пастырскім благаслаўленнем
Біскуп Юзаф Станеўскі
Адказны за душпастырства моладзі пры ККББ

 

Абноўлена 06.02.2019 10:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа