Пошук

25.04.2012 12:05  

Прасіце Пана жніва

Дарагія браты і сёстры!

1. Колькі разоў мы чуем словы Хрыста: «Прасіце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Мы ведаем, што яны азначаюць заклік да малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Гэты заклік паўтараецца ўжо дзве тысячы гадоў і нагадвае пра неабходнасць такіх пакліканняў, бо сапраўды, жніво вялікае, а працаўнікоў мала (пар. Мц 9, 37–38).

2. Аднак адначасова ў сучаснага чалавека можа нарадзіцца пытанне: ці святары, законнікі і законніцы яшчэ патрэбныя ў наш час? Ці не з’яўляюцца яны перажыткам мінулага? Ці не перашкаджаюць іншым? Ці маюць што сказаць у эпоху небывалага развіцця навукі і тэхнікі, якія даюць магчымасць чалавеку лятаць у космас, лячыць вельмі цяжкія хваробы, аўтаматызаваць працу, пазнаваць таямніцы свету і матэрыі, імгненна перадаваць інфармацыю і г.д.?

Адказам на гэтае пытанне няхай будуць словы аднаго са святароў. «Было гэта пасля вячэрняй святой Імшы. Я занёс хворай жанчыне святую Камунію. Яна чакала мяне. Калі ўвайшоў, запаліла свечкі і з верай прыняла Эўхарыстычнага Хрыста. Калі я трымаў у руках Гостыю і казаў: „Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету“, глядзеў на твар гэтай жанчыны. З-пад яе павекаў пакаціліся слёзы. Гэты былі слёзы веры, надзеі і любові. Потым яна мне сказала: „Ніхто мяне не адведвае, я жыву адна, найгоршая справа — гэта самотнасць. Адзінае, што мяне падтрымлівае, — гэта вера. Таму хачу як мага часцей прымаць святую Камунію“. Менавіта тады Хрыстус, які прыйшоў да гэтай хворай жанчыны ў малым кавалку кансэкраванага Хлеба, надаў сэнс майму святарству».

Гэты святар меў што сказаць той жанчыне. Можа, не столькі ён, колькі сам Хрыстус, але праз паслугу святара. Хрыстус таксама мае што сказаць нам пры алтары, на амбоне, у катэхетычнай зале і ў кожнай сітуацыі, калі мы патрабуем Бога, бо ў нашым жыцці няма такога моманту, калі б мы Яго не патрабавалі, хаця аб гэтым не заўсёды думаем.

3. Кожная праца з’яўляецца выкананнем свайго паклікання. Але ці мы заўсёды памятаем аб гэтым? Генеральны Сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Даг Хаммаршольд, які трагічна загінуў у авіякатастрофе ў Паўночнай Радэзіі (Афрыка) падчас міратворчай місіі ў Конга ў 1961 г., добра вядомы не толькі як выбітны палітык і дыпламат, але таксама як чалавек глыбокай веры і малітвы, у сваіх запісках напісаў наступныя словы аб святарстве: «Святар, ты атрымаў усё за нішто. Таму не вагайся, калі трэба даць тое, што з’яўляецца нічым — за ўсё». Так можа кожны пакліканы апісаць сваю дарогу. Тое, што ён меў, — пакідае, бо яно становіцца для яго нічым перад тым, што атрымаў, а менавіта дар святарства, дар даць Бога і Ягоную ласку іншым людзям, якія гэтага патрабуюць.

4. Мы з вялікай пашанай адносімся да людзей, якія належным чынам і з адданасцю выконваюць сваю працу. Пра такіх мы кажам, што яны сапраўды з’яўляюцца пакліканымі быць лекарамі, інжынерамі, выкладчыкамі і г.д. Бог кліча кожнага чалавека і кожнаму дае тое ці іншае заданне. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі пра Хрыста — Добрага Пастыра. Яго таксама Бог паклікаў да спецыяльнай місіі, паклікаў, каб быў Добрым Пастырам, гэта азначае, каб духоўна апекаваўся, вёў і кіраваў усё чалавецтва. Для гэтага Ён павінен быў быць Добрым. Добрым не толькі для тых, хто Яго прызнае і пойдзе за Яго голасам, але і для ўсіх. Кожны з нас у пэўным сэнсе з’яўляецца пастырам для свайго наваколля — кіраўнік для падуладных, бацькі для дзяцей, настаўнікі для вучняў і г.д. Але ці мы заўсёды з’яўляемся добрымі пастырамі па прыкладу Хрыста?

5. Акрамя гэтага, шырока зразумелага значэння паклікання, Хрыстус некаторых кліча да асаблівай пастырскай функцыі — да святарства. Ён дае ім сваю моц і ўладу, каб ад імя Касцёла, які Ён заснаваў на зямлі, духоўна ўзначальвалі чалавечыя супольнасці і вялі іх да Бога. Ён нікога да гэтага задання не змушае і ніхто сам сабе гэтай годнасці не бярэ. У пэўны момант жыцця Хрыстус становіцца побач і прапануе чалавеку, каб пакінуў усё і пайшоў за Ім. Гэта вялікае адрозненне і адначасова адказнасць, гэта дар і заданне.

Мы добра ведаем, як цяжка быць добрым для ўсіх, асабліва для няўдзячных. Святар павінен быць добрым для ўсіх. Дапамогай у гэтым ёсць Хрыстус, які служыць прыкладам і дае нам сваю ласку. Хто пойдзе за Хрыстом, павінен лічыцца з тым, што атрымае крыж, які неабходна несці, ідучы слядамі Хрыста аж да велікоднай раніцы. Яго святарства не будзе сумным, бо з ім будзе той, хто перамог кожны смутак і роспач. Трэба памятаць аб тым, што заданне, якое стаіць перад святаром, не большае за тую моц, якая падтрымлівае яго. А гэтая моц — Хрыстус, Яго прыклад і ласка.

6. Пакліканне да святарства і кансэкраванага жыцця мае падвойнае вымярэнне: яно ўзрастае на зямлі, але адначасова ёсць дарам неба. Першым і асабліва важным асяроддзем паклікання ёсць сям’я, яе штодзённае жыццё і практыкуемая ў ёй іерархія каштоўнасцяў, а таксама рэлігійная фармацыя. Таму ў справе пакліканняў набходна звяртаць увагу найперш на сям’ю, бо ў ёй нараджаюцца пакліканні. Яны не прыходзяць з космасу, але ўзрастаюць у нашых сем’ях.

Наступнай вельмі важнай справай з’яўляецца грунтоўная катэхізацыя і духоўнае кіраўніцтва маладой асобай, якая шукае жыццёвага шляху. Малады чалавек патрабуе падтрымкі і парады.

Далей, у справе пастырства пакліканняў немагчыма пераацаніць прыклад святара ці кансэкраванай асобы. Спытайце ў сённяшніх святароў, законнікаў ці законніц, і даведаецеся, як многія з іх удзячныя за сваё пакліканне менавіта добраму прыкладу іншага святара ці кансэкраванай асобы, якіх яны сустрэлі на сваім жыццёвым шляху. Нездарма лацінская прыказка кажа: «Verba movunt, exempla trahunt» — «Словы штурхаюць, а прыклады цягнуць».

Ажыццяўленне пакліканняў адбываецца ў Касцёле і праз Касцёл. Таму папа Бэнэдыкт XVI у сёлетнім Пасланні на Дзень малітваў аб пакліканнях выказвае надзею, што мясцовыя Касцёлы стануць тым месцам, дзе пакліканні, дзякуючы разумнаму і духоўнаму кіраўніцтву, будуць распазнаныя і іх аўтэнтычнасць будзе выпрабавана (пар. Пасланне на Дзень малітваў аб пакліканнях 2012 г.).

7. Такім чынам, мы можам сказаць, што на самой справе жаданне служыць Богу нараджаецца, пазнаецца, узрастае і рэалізуецца на зямлі, сярод нашых братоў і сясцёр, якія належаць да Касцёла Хрыста.

Аднак усё гэта без Божага благаслаўлення, без паклікання і выбару Пана не прынясе адпаведнага плёну. Аб гэтай ласцы мы павінны толькі прасіць, бо пакліканне — гэта дар самога Бога, дар Ягонай любові, як заўважае папа Бэнэдыкт XVI у сёлетнім Пасланні на Дзень малітваў аб пакліканнях, дар, які праяўляецца праз дзеянне Святога Духа (пар. Пасланне на Дзень малітваў аб пакліканнях 2012 г.). Кожная малітва, у якой просім аб Божых дарах адпаведна волі Божай, не з’яўляецца бясплённай. У гэтым запэўніў нас сам Хрыстус: «Прасіце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Святы Айцец у сувязі з гэтым падкрэслівае, што пазнанне Святога Пісання, любоў да Божага слова, асабістая і супольная малітва, а перадусім Эўхарыстыя, дапамагаюць зразумець прыгажосць прысвечанага Божаму Валадарству жыцця (пар. Пасланне на Дзень малітваў аб пакліканнях 2012 г.).

8. Калі мы молімся аб пакліканнях, то нашая малітва накіроўваецца да Езуса — Добрага Пастыра. А гэты Пастыр клапоціцца аб сваіх авечках і нават гатовы аддаць сваё жыццё за іх. Ён клапоціцца аб лёсе чалавека. Прадбачачы, што фізічна Ён не застанецца з намі, паклікаў Апосталаў і ўчыніў іх рыбакамі людзей (пар. Мц 10, 1–20). Перад тым, аднак, як разаслаць вучняў па ўсім свеце, Ён узяў іх у сваю школу, каб там навучыць, як яны павінны быць рыбакамі людзей.

Добры рыбак павінен умець карыстацца вудай ці сеткай, павінен таксама ведаць месцы, дзе можна лавіць рыбу, павінен ведаць час, калі можна злавіць. Ён таксама павінен знаць віды рыб і ўмець іх распазнаваць. Гэта азначае, што кожны пасланы для выконвання нейкай місіі найперш патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі, каб мог гэтую місію і пакліканне добра выканаць. Хрыстус, клічучы Апосталаў, сказаў, што ўчыніць іх рыбакамі людзей (пар. Мц 4, 19). Таму кожны святар з’яўляецца рыбаком, які ловіць людзей са свету для Бога. Гэтая дзейнасць называецца апостальствам.

Падобна таму як рыбак павінен падрыхтавацца перад тым, як выплыць на мора, так і святар павінен падрыхтавацца да сваёй місіі, каб быць добрым пастырам. Гэтаму служыць семінарыйная фармацыя. Менавіта там Хрыстус выхоўвае кандыдатаў да святарства ў добрых пастыраў. Бог не кліча высокакваліфікаваных, але кваліфікуе пакліканых, — як кажа амерыканская рэлігійная прыказка.

Адзін з найбольш славутых скульптараў Мікеланджэла ў каменным блоку мармуру ўбачыў Майсея. Кожны ўдар долата, кожны рух рукі адкрываў яго бачанне і набліжаў да рэчаіснасці. Пасля завяршэння працы ён звярнуўся да вельмі прыгожай статуі, якая выражала як быццам жывога чалавека, і сказаў: «А цяпер, Майсей, прамоў!»

Пакліканы павінен дазволіць Езусу долатам семінарыйнай фармацыі выкаваць з каменя яго характару святара, каб ён сапраўды быў «аlter Christus» — «другім Хрыстом», каб потым мог дзейнічаць ад Яго імя — прамаўляць, асвячаць Божы народ і ў любові кіраваць ім.

9. Пасланы прадстаўляе місію таго, хто яго пасылае, і яго заданнем ёсць прадстаўляць паслаўшую яго асобу. Місіяй пакліканых і пасланых праз Езуса Хрыста ёсць паказаць любоў Бога да чалавека, заклікаць да перамены жыцця, а таксама паказаць дарогу веры, якая вядзе да вечнага шчасця. Каб добра рэалізаваць гэтае заданне, трэба быць добра падрыхтаваным, мець далоні, якія раздзяляюць тое, чаго патрабуе чалавек. Неабходна таксама давераных святару асобаў уключаць у сакрамэнтальную ахвяру Хрыста, бо Сын Божы прагне збавіць кожнага чалавека. Таму Ён кліча святароў і іх пасылае.

10. У нашым жыцці мы здзяйсняем выбар, наступствы якога дасягаюць вечнасці. Якім шляхам пойдзем: шляхам лёгкага жыцця, прыемнасцяў, імгненнай карысці ці шляхам ахвяры, уключанай у ахвяру самога Збаўцы?

Езус не меў ваганняў, які шлях вядзе да шчасця. А ты, малады чалавек? Услухайся ў голас Хрыста. Можа, менавіта сёння Ён кліча цябе да святарства ці кансэкраванага жыцця. Услухайся і дай адказ, бо жніво вялікае, а работнікаў усё яшчэ мала (пар. Мц 9, 37).

Давяраючы ўсіх вас і справу пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця апецы Марыі — Маці святароў, — ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Мінск, 25 красавіка 2012 г.
Свята св. Марка Евангеліста


Выкарыстаная літаратура: Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Дзень малітваў аб пакліканнях 2012 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у IV Велікодную нядзелю 29 красавіка 2012 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа