Умілаваныя ў Хрысце мае дыяцэзіяне!
У гэтым годзе мы адзначаем 350-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі, якую ён прыняў у Янаве (у цяперашні час — Іванава) 16 мая 1657 года ад казакаў, ворагаў Каталіцкага Касцёла.
Кім быў гэты мучанік?
Святы Андрэй Баболя быў манахам-езуітам. Манаскую і святарскую фармацыю ён прайшоў ва ўстановах свайго ордэна. Святарскае пасвячэнне прыняў 12 сакавіка 1622 года ў Вільні.
Чым ён займаўся?
Настаяцелі даручалі св. Андрэю розныя абавязкі, з якімі ён цудоўна спраўляўся. Ён быў настаўнікам і выхаваўцам свецкай моладзі і тых, хто рыхтаваўся да манаства, мадэратарам Марыянскай Садаліцыі ў шматлікіх езуіцкіх школах, напрыклад, у Браневе, Пултуску, Полацку, Нясвіжы.
Члены Марыянскай Садаліцыі ўпрыгожвалі набажэнствы і працэсіі, працавалі, не чакаючы ўзнагароды, у шпіталях, прытулках і вязніцах. Яны былі сведкамі веры.
Святы Андрэй спаўняў таксама абавязкі настаяцеля ў Нясвіжы, Бабруйску, Пінску. Акрамя таго ў Пінску ён спаўняў абавязкі прапаведніка, рэктара Калегіума і мадэратара Марыянскай Садаліцыі. Многія праваслаўныя ахвотна слухалі яго казанні і катэхезы, аддавалі сваіх дзяцей у калегіум. Часта гэта быў іх шлях навяртання ў каталіцызм.
Найбольш ахвотна наш святы спаўняў абавязкі прапаведніка і вандроўнага місіянера.
Каго называлі вандроўным місіянерам?
Гэта быў святар-законнік, які хадзіў з вёскі ў вёску, вучыў малітвам, праўдам святой веры, хрысціў, спавядаў, цэлебраваў святую Імшу, удзяляў святую Камунію, злучаў пары сакрамэнтам сужэнства, узмацняў у веры католікаў, шчыра дапамагаў жадаючым перайсці з праваслаўя ў каталіцызм, набліжаў людзям Хрыста, а тым самым уздымаў чалавечыя каштоўнасці і ўзровень жыцця.
Дзейнасць і папулярнасць св. Андрэя сталі прычынаю яго мучаніцкай смерці.
Якімі былі абставіны мучаніцтва?
Еўропа знаходзілася ў стане міжусобных канфліктаў. На Русі казакі, якія валодалі баявымі навыкам і мелі прагу да незаконнага ўзбагачэння, былі выкарыстаныя ворагамі Каталіцкага Касцёла, каб знішчаць святыні і кляштары, забіваць свецкіх католікаў і святароў, асабліва уніятаў і езуітаў.
У маі 1657 г. на Пінск, Янаў і іх ваколіцы напалі казакі. Як свецкія католікі, так і духоўныя асобы шукалі прытулку ў лясах і суседніх мясцовасцях. Казакі ж рабавалі, што хацелі, хапалі, каго хацелі, і забівалі, як хацелі.
І вось, 15 мая ў Гарадку яны схапілі і забілі а. Шымона Маффона, езуіта, а на наступны дзень, пасля паўдня, схапілі а. Андрэя Баболю ў вёсцы Перадзела каля Янава. Яго мучылі незвычайна жорстка. Здзекі над ім працягваліся дзве гадзіны і скончыліся ў 15.00. Яго бічавалі, білі па твары так, што выбілі некалькі зубоў, вырывалі пазногці на руках, сціскалі галаву дубовымі абручамі. Пасля гэтага а. Андрэя звязалі вяроўкаю, прывязалі да двух коней і пагналі ў Янаў, каб паставіць яго перад сваімі завадатарамі. Тыя працягнулі лютыя здзекі з дапамогаю шабляў, нажоў, агню і прыладаў, якія знайшліся на бойні. Урэшце, яго падвесілі за ногі да столі, галавою ўніз, і калі казакам надакучыла чакаць смерці Божага слугі, яны абрэзалі вяроўку. Калі Апостал любові і адзінства хрысціянаў упаў на зямлю, яго дабілі, двойчы ўдарыўшы шабляю па шыі.
Ян Павел ІІ сказаў: «Ён памёр, аддаючы сваё жыццё за каталіцкую веру, замучаны з нянавісці да каталіцкай веры хрысціянамі, якія не былі католікамі» (29.05.1988 г.).
Святога мучаніка пахавалі ў Пінску, у крыпце езуіцкага касцёла.
Культ святога Андрэя
Толькі праз сорак пяць гадоў, 16 красавіка 1702 года, труну з целам Андрэя Баболі дасталі з зямлі, па ўказанні самаго святога, якое ён даў у сне рэктару калегіума ў Пінску Кіпрыяну Гадэбскаму. Адкрыўшы труну, прысутныя ўбачылі, што цела Андрэя захавалася нятленным, з усiмi слядамi катаванняў. Яго паклалі ў новую труну, якую змясцілі на ўзвышэнні пасярод касцёльнай крыпты. Да рэліквій пачалі прыбываць шматлікія пілігрымы. Людзі атрымлівалі незвычайныя ласкі. Асаблівым праяўленнем клопату св. Андрэя пра жыхароў Піншчыны быў прызнаны той факт, што іх абмінула эпідэмія, якая з сярэдзіны 1709 і да канца 1710 года забрала тысячы ахвяраў у Польшчы і Літве.
У 1712 годзе быў распачаты беатыфікацыйны працэс, але толькі 30 кастрычніка 1853 г. Папа Пій IX абвясціў Андрэя Баболю благаслаўлёным. Яго культ распаўсюджваўся ў Польшчы, Літве, на Русі.
У 1918 г. польскія біскупы звярнуліся да Папы Бэнэдыкта XV з просьбай аб кананізацыі благаслаўлёнага Андрэя. Пасля шматлікіх даследаванняў заяўленых цудаў, 17 красавіка 1938 года ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана Папа Пій XI абвясціў Андрэя Баболю святым.
Духоўны партрэт нашага апекуна
Святы Андрэй меў высакародны характар. Пакорны, сціплы, ён не клапаціўся пра выгоды, быў працавітым, мужным, але імпульсіўным, запальчывым, упарта абараняў свае меркаванні, з-за чаго меў шмат клопатаў у манаскім жыцці. У кантактах з вызнаўцамі іншых рэлігій ён быў ураўнаважаны, хоць і бескампрамісны ў тым, што датычылася вернасці Евангеллю і Касцёлу. Яго называлі «душахватам», «лаўцом душаў», «Апосталам Піншчыны», святым.
Святы Андрэй — Апякун Пінскай дыяцэзіі
У 1925 годзе, калі была створана Пінская дыяцэзія, біскуп Зыгмунт Лазінскі атрымаў ад Апостальскай Сталіцы дазвол на тое, каб бл. Андрэй Баболя быў абвешчаны яе Апекуном. З 1926 г. кожны год 16 мая ў Янаве адбываліся ўрачыстасці з удзелам біскупа Зыгмунта Лазінскага, а пазней — біскупа Казіміра Букрабы. Іх называлі «янаўскімі ўрачыстасцямі». У іх прымалі ўдзел вернікі лацінскага і ўсходняга абрадаў не толькі з Пінскай дыяцэзіі, але таксама з розных мясцовасцяў Польшчы. Другая сусветная вайна, атэістычны палітычны рэжым, рэпатрыяцыя палякаў, ператварэнне янаўскага касцёла спачатку ў склад збожжа, потым — у дом культуры і, урэшце, у склад розных прадметаў мясцовага гарвыканкама — усё гэта зрабіла немагчымым развіццё культу св. Андрэя ў Янаве і пілігрымкі на месца яго мучаніцтва. Толькі пасля рэгістрацыі парафіі ў 1991 г. і вяртання касцёла, якое адбылося 21 кастрычніка 1994 года, з 16 мая 1995 года ізноў пачалі адбывацца пілігрымкі жыхароў Беларусі на месца мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі. Але ўжо з 199
0 года кожны год 16 мая ў Янаў прыбывалі аўтобусныя пілігрымкі з Польшчы, Велікабрытаніі, ЗША, Аргентыны, Аўстраліі, Украіны.
Дыяцэзіяне моляцца да св. Андрэя. З нагоды кананічнай біскупскай візітацыі парафіяне даручалі сябе апецы святога. Былі надрукаваны розныя малітвы, абразкі і брашуры на беларускай мове, якія знаёмяць з асобаю святога апекуна, а з нагоды юбілею, які мы цяпер адзначаем, быў адчаканены медалік з выяваю святога Андрэя Баболі.
Святкаванне юбілею
350-ю гадавіну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі наша дыяцэзія будзе святкаваць на працягу цэлага года. Гэта будзе Год святога Андрэя Баболі — сведкі веры.
Святкаванне распачнецца навэннай, якая будзе адпраўляцца ў кожнай парафіі з 7 па 15 мая. 16 мая мы будзем перажываць галоўную ўрачыстасць у Іванаве з удзелам Апостальскага Нунцыя, біскупаў Беларусі, з вашым удзелам, дарагія дыяцэзіяне, а таксама з удзелам вернікаў з дэканатаў Нясвіжа, Бабруйска, Полацка, на тэрыторыі якіх працаваў св. Андрэй і якія ў цяперашні час належаць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і да Віцебскай дыяцэзіі.
Усіх сардэчна запрашаем! Няхай жа нас будзе як мага больш! Гэта — вялікая ўрачыстасць святога Андрэя і наша! Дайце сведчанне сваёй веры і ўдзячнасці Божаму Провіду за святога Андрэя Баболю! Прыходзьце пешкам або прыязджайце на транспарце, але заўсёды арганізавана з вашымі душпастырамі.
Пасля галоўнай урачыстасці распачнецца перыяд святых Місій у парафіях нашай дыяцэзіі ў адпаведнасці з зацверджаным каляндарным планам.
Шаноўныя вернікі!
Святыя Місіі — гэта вялікая і адказная духоўная праца кожнага верніка і парафіяльных супольнасцяў, Божая праца ўсёй дыяцэзіі згодна з заклікам: «Сёння быць сведкам веры!».
Мы сталі веруючымі людзьмі дзякуючы нашым бабулям, дзядулям, бацькам, родным, святарам, катэхеткам, дзякуючы падзеям веры. Цудоўна, што ў працэсе нашага чалавечага развіцця нам спадарожнічаюць сведкі веры. За гэты дар нам трэба дзякаваць Богу!
Жыццё кожнага хрысціяніна, у залежнасці ад таго, наколькі кожны яго жыццёвы выбар адпавядае веры, з’яўляецца сведчаннем прысутнасці Хрыста ў ім і праз яго там, дзе ён жыве і працуе. Некаторыя асобы могуць даць гераічнае сведчанне веры, вытрываць у найцяжэйшых выпрабаваннях, часам нават да праліцця крыві. Гэтыя сведкі веры маюць выключны ўплыў на фармаванне веры ў сэрцах і розумах людзей. Такім сведкам веры з’яўляецца святы Андрэй Баболя.
Святым Місіям перш за ўсё будуць спадарожнічаць рэліквіі і абраз святога Андрэя, а таксама мой аповед пра гісторыю рэліківій святога Андрэя, запісаны на магнітафонную стужку, і выстава. У парафіях абдудзецца таксама конкурс пад назваю: «Што я ведаю пра святога Андрэя Баболю?».
Рэліквіі нашага святога апекуна, місіянера-вандроўніка будуць спадарожнічаць нашай духоўнай працы. Яны будуць нагадваць нам пра Божага апостала, які надалей вандруе з адной мясціны ў другую, несучы святарскае служэнне, служэнне сведкі веры, пацверджанай жыццём і мучаніцтвам.
Падчас святой Імшы перад рэліквіямі святога мы хочам публічна ўшанаваць нашага апекуна, узгадаць яго прыклад сведчання веры, выпрабаваць сваю веру, чэрпаць духоўныя сілы, неабходныя для таго, каб жыць згодна з Божымі запаведзямі, аднавіць у сабе жаданне адзінства ўсіх хрысціянаў.
Бог праз служэнне святога Андрэя Баболі набліжаецца да нас, да кожнага з нас паасобку і да ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. Будзем жа гатовыя прыняць Яго прысутнасць і дзейнасць! Дапаможам адно аднаму аднаўляць хрысціянскае жыццё, каб быць сведкамі веры сёння!
Я разлічваю на тое, што вы добра ўсвядомілі гэтыя заданні, якія мы хочам здзейсніць з дапамогаю святога Андрэя. Вельмі хачу, каб напрыканцы святых Місій кожны вернік з радасцю ўсклікнуў: «„Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус!“ (Гал 2, 20). Я, разам са святым Андрэем, належу Хрысту, Яго Касцёлу і разам з ім усклікаю: „Мая вера вядзе да збаўлення, навяртайцеся!“».
Я ўскладаю надзею на Божы Провід і веру, што так станецца!
На гэтую боска-чалавечую працу ад усяго сэрца благаслаўляю вас усіх.
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі