над жыхарамі краіны змроку заззяла святло...
Іс 9, 1
Бэтлеемская ноч, што ўкрывае збавенную таямніцу Божага Нараджэння, стала ў гісторыі чалавецтва парогам пераходу са Старога ў Новы Запавет. Гэтая святая ноч паклала канец шматвяковай гісторыі пазначанага цяжкімі выпрабаваннямі Старога Запавету і стала пачаткам светлай эры збаўчага Новага Запавету.
Таму, наведваючы Бэтлеемскую стаенку, варта параўнаць гэтыя два розныя перыяды ў гісторыі чалавецтва на зямлі, каб глыбей усвядоміць і зразумець важнасць і значэнне прыйсця на свет Божага Слова.
1. Стары Запавет. Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства і пасяліў яго ў раі, каб ён мог прабываць са сваім Створцам. На жаль, чалавек, адораны вольнаю воляй, паддаўшыся намовам сатаны, парушыў Божую забарону пазнавання дабра і зла, і за гэта быў выгнаны з Эдэмскага саду. Для чалавека пачаліся доўгія гады, цэлыя вякі качавання і зямной вандроўкі без права непасрэднага прабывання з Богам.
Бог праяўляў Сябе як усемагутны Створца, магутны Уладар, суровы Пан. А чалавек, будучы грэшным стварэннем, баяўся Бога, дрыжэў ад страху, не адважваўся вымавіць імя Бога, выкарыстоўваў замяняльнае слова «Яхвэ», на імя Бога падаў ніц, закрываў твар... А Бог? Ён з’яўляўся сярод маланак і грому, за злачынствы караў, забіваў...
І чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, адракаўся ад сапраўднага Бога, усё больш патанаў у ідалапаклонстве. Сурова пакараны, ён абяцаў выправіцца, але не надоўга, ізноў грашыў і паўторна трапляў пад гнеў Божы.
Але адначасова пастаянна цеплілася ў сэрцы чалавека іскрынка тугі па прабыванні з Богам, іскрынка надзеі на прыйсце абяцанага Месіі. І так міналі дні, пражытыя з Богам і без Бога; адвэнтавыя гады чакання збаўчага Месіі.
І вось дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлеемскай стаенцы «Слова сталася целам». Прароцтвы здзейсніліся, споўніліся мары. «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло» (Іс 9, 1).
2. Новы Запавет. Бог злітаваўся над змучаным людам і ў сваёй бязмежнай міласэрнасці, «калі споўніўся час, (Бог) спаслаў Сына Свайго (Адзінароднага), які нарадзіўся ад жанчыны» (гл. Гал 4, 4), які, уцелавіўшыся, пасяліўся сярод людзей, каб здзейсніць справу адкуплення роду людскога і паяднаць людзей з Богам.
Стары Запавет саступіў месца Новаму Запавету, і адразу ўсё пачало адбывацца ў іншай рэчаіснасці.
Сын Божы нарадзіўся немаўляткам – слабым, кволым, безабаронным, і нарадзіўся не ў палацы, нават не ў доме, а ў стаенцы, «бо не было для іх месца ў заездзе», Яго паклалі ў яслях сярод жывёлы і пастухоў.
Але паколькі гэта не было звычайнае, людское дзіця, хоры нябесныя праслаўлялі Бога словамі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 13-14).
Так прыйшоў да людзей Бог, які – як зазначае святы Аўгустын – «стаў чалавекам, каб чалавека абагавіць». Бог стаў чалавекам, каб чалавека ўзнесці да вышыняў жыцця Божага.
А калі Ён распачаў сваю публічную дзейнасць, усё больш і больш збіралася каля Яго людзей, збіралася без боязі, без асцярогі, каб пачуць з вуснаў Месіі і Настаўніка навуку, якая грунтавалася на любові да Бога і да бліжняга, а таксама, каб атрымаць цудоўныя аздараўленні.
І Ён вучыў, прабачаў, літаваўся, нават плакаў, аздараўляў, уваскрашаў. Ён паказаў сябе не суровым Уладаром, але добрым Пастырам, які лічыў людзей дзецьмі Божымі. Ён дазволіў называць Бога Айцом – Абба.
А як кампенсацыю Богу Айцу за грахі людзей Ён склаў на крыжы на Галгофе ахвяру свайго цела і крыві, якую пастаянна аднаўляе ва ўстаноўленай Эўхарыстыі ў заснаваным Ім Касцёле, якому даручыў клопат пра збаўленне людскіх душаў.
3. Божае Нараджэнне. Кожная ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца для нас нагодай вярнуцца як мага больш сур’ёзна і пранікнёна да гэтага Евангелля Дзяцінства Хрыста, каб яшчэ раз аднавіць і ўмацаваць нашую веру. Калі хтосьці прыйшоў на Пастэрку толькі дзеля пэўнага рамантызму вігілійнай ночы альбо дзеля народнай традыцыі, то няхай зменіць свае намеры. Няхай узбагаціцца ўсім скарбам нашай веры ў Слова Уцелаўлёнае і няхай выспеўвае сваю радасць у нашых простых, але такіх красамоўных святочных календах.
Далучаю яшчэ маю просьбу да вас, дарагія дыяцэзіяне: давайце папросім прабачэння ў Марыі, Маці Божага Дзіцяці, за той вечар у Бэтлееме, калі Яна адыходзіла ад зачыненых дзвярэй, бо ніводзін дом Яе не прыняў. Давайце адчуем хоць крыху сябе вінаватымі за тых людзей, таму што мы з’яўляемся працягам той жа самай чалавечай сям’і.
Давайце папросім Маці Уцелаўлёнага Слова аб ласках для нас саміх, каб мы ніколі перад Яе Сынам і нашым Боскім Збаўцам не зачынілі дзвярэй нашых сэрцаў і каб у выніку Ён таксама не зачыніў дзвярэй перад намі, калі мы пасля доўгай зямной вандроўкі станем каля Яго дзвярэй з надзеяй у сэрцы, што Ён нам адчыніць дзверы ў першапачатковую радасць, але ўжо вечную – радасць бачыць Бога ў небе.
Далучаю найлепшыя святочныя пажаданні з пастырскім благаславеннем.
Aрцыбіскуп,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі