Умілаваныя ў Хрысце браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!
1. У пастырскі год Божага слова, на пачатку Вялікага посту вітаю вас словамі з Паслання да Габрэяў: «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12). Яно павінна заахвоціць нас да пакаяння і навяртання, бо гэта — праграма Вялікага посту. Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў са словамі «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15), якія мы чулі ў Папяльцовую сераду падчас пасыпання нашых галоваў попелам.
На парозе Вялікага посту паставім сабе пытанне: ці слухаем мы слова Божае, ці прымаем яго, ці пакідае яно ў нас свой след, ці вядзе да пакаяння, ці перамяняе нас духоўна, ці ўмацоўвае яно нашу веру? Бо, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI, Вялікі пост становіцца для нас падараванаю Божым Провідам нагодаю больш глыбока спасцігнуць сэнс і значэнне нашага быцця хрысціянамі, а таксама заахвочвае нас нанава адкрыць Божую міласэрнасць (пар. ПВП 2008).
Гэты час ласкі, які пачынаецца, час нашага навяртання, павінен дапамагчы нам жыць у адпаведнасці са словам Божым (пар. Як 1, 22), а не быць толькі пасіўнымі яго слухачамі, якія падманваюць саміх сябе і робяць выгляд, што ў жыцці можна кіравацца прынцыпамі, адрознымі ад евангельскіх.
2. Слова Божае людзі чуюць найперш праз прапаведаванне Евангелля. У сувязі з гэтым ІІ Ватыканскі Сабор заклікае, каб касцёльнае прапаведаванне брала выток і натхненне са Святога Пісання (пар. VD, 21). Таму ў абноўленай Літургіі шчодра прадстаўлена Божае слова. Яго скарб трэба набліжаць праз прапаведаванне Добрай Навіны.
Зразумела, што перад абліччам выклікаў сучаснасці чалавеку патрэбна абгрунтаванае на Бібліі, жывое і актуалізаванае абвяшчэнне Евангелля. Слуга Божы Ян Павел ІІ вучыць, што пропаведзь, якая грунтуецца на біблейскіх тэкстах святой Імшы, дапамагае вернікам глыбей пазнаваць таямніцы веры і прынцыпы хрысціянскага жыцця (пар. СТ, 48).
Карыстаючыся выразам святога апостала Паўла, што «вера залежыць ад пачутага» (Рым 10, 17), кардынал Ёзаф Ратцынгер, цяперашні Папа Бэнэдыкт XVI, вучыць, што вера — гэта ўспрыманне таго, што пачута, а не выдумана чалавекам (пар. ВХ, с. 54). Акрамя слухання Божага слова неабходна таксама яго чытаць і разважаць над ім.
Сёння нескладана набыць рэлігійную літаратуру. Усё больш людзей чытаюць не толькі Біблію, але і малітвы Літургіі гадзінаў. У многіх парафіях праводзяцца сустрэчы па вывучэнні Бібліі. На сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’явіўся вельмі актуальны раздзел: Lectio Divina — «Духоўнае чытанне».
У той жа час відавочна, што ўзровень рэлігійнага і маральнага жыцця пакідае жадаць лепшага, пра што сведчыць небяспечнае распаўсюджванне секулярызму, маральнага рэлятывізму, лібералізму, спажывальніцтва, прапаганда безадказнай і неабмежаванай свабоды, адмаўлення ад хрысціянскіх каштоўнасцяў і каранёў, з якіх мы выраслі.
Для больш дзейснага абвяшчэння Добрай Навіны ІІ Ватыканскі Сабор заклікае слугаў слова звяртацца да Святога Пісання, сумленна яго чытаючы і вывучаючы, а вернікаў заахвочвае пазнаваць Хрыста праз чытанне, слуханне і вывучэнне Боскага Пісання (пар. DV 25).
Тут дарэчы будзе ўзгадаць словы кардынала Ёзафа Ратцынгера пра тое, што «сведчанне пра Бога змаўкае там, дзе мова становіцца толькі тэхнікай паведамлення пра „штосьці“» (ВХ с. 58). Але ж мы павінны прапаведаваць не «штосьці», а «Кагосьці», гэта значыць — Бога.
Такім чынам, недахопы ва ўспрыманні Божага слова крыюцца таксама ў тым, што яно часта ўспрымаецца не як Божае, а як чалавечае слова. Гэта асабліва актуальна для сучаснага чалавека, які жыве сярод імклівай плыні словаў і інфармацыі. Яму неабходна глыбокае асэнсаванне таго, чым сапраўды з’яўляецца Божае слова, і ўсведамленне яго прыроды.
Чалавечае слова служыць для наладжвання кантактаў і перадачы інфармацыі. Яно можа суцешыць і можа параніць, можа служыць для прадстаўлення праўды і яе скажэння ці нават утойвання. Сучасны свет перажывае абясцэньванне слова. Лавіна словаў, якая валіцца на чалавека ў сродках масавай інфармацыі, вядзе да таго, што ён становіцца слаба ўспрымальным да значнай і прынцыпова важнай для яго інфармацыі. На скіраванае да яго слова ён нярэдка рэагуе павярхоўна або нават абыякава, выбіраючы толькі тое, што больш яму падыходзіць.
На жаль, пры недахопе веры, рэлігійнай і тэалагічнай падрыхтоўкі такая рэакцыя часта пагаршаецца тым, што Божае слова ўспрымаецца як чыста чалавечае. Акрамя таго, чалавек не свабодны ад спакусы маніпуляцыі. Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI асцерагае, што сёння некаторыя людзі імкнуцца сфальсіфікаваць слова Хрыста і выключыць з Евангелля «нязручныя» для сучаснага чалавека праўды. Можна ўбачыць таксама спробы стварыць уражанне, што ўсё адносна і што праўды веры залежаць ад гістарычнай сітуацыі і чыста чалавечай ацэнкі (пар. Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г.).
Адгаворка, што, быццам, «мяне гэта не датычыцца або не цікавіць» з’яўляецца частым і характэрным адказам на Божае слова тых, хто не жадае будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх запаведзях. Магчыма, гэта выглядае і смешна, але ў некаторых сучасных культурах не сціхаюць спрэчкі пра тое, чаму слова Бог — мужчынскага роду, а не жаночага ці ніякага. Абмяркоўваюцца таксама пытанні, чаму Касцёл выказваецца супраць эўтаназіі, абортаў, разводаў, аднаполых саюзаў ці выкарыстання стваловых клетак для кланавання, калі многія гэтага жадаюць, а парламенты некаторых краінаў нават дэмакратычным шляхам прымаюць адпаведныя законы.
У той жа час асноўная мэта абвяшчэння Божага слова, як вучыць Папа Павел VI, — моцай Евангелля перамяніць вобраз чалавечага жыцця, які супярэчыць словам Пана і Яго планам збаўлення (пар. EN 19). Цытуючы словы благаслаўлёнай маці Тэрэзы з Калькуты пра тое, што самая вялікая беднасць чалавека — гэта няведанне Хрыста, яе думку працягвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які сцвярджае, што асноўны ўнёсак Касцёла ў развіццё чалавецтва заключаецца ў прапаведаванні праўды Хрыста (пар. ПВП 2006). А таямніцу чалавека і яго Боскае пакліканне вернікі пазнаюць менавіта праз Аб’яўленне (GS 22).
Таму першачарговая задача Касцёла заключаецца ў тым, каб схіліць слухачоў да разважання над прыродай і функцыяй Божага слова, каб у іх сэрцах спелі глыбокія і поўныя павагі адносіны да яго, і каб яно прынесла шчодры духоўны плён.
3. Слова Божае неабходна разумець як аб’яўленне Божага плану збаўлення, які рэалізуецца ў Хрысце. Гэта таксама жывое прапаведаванне Евангелля, яго нястомнае абвяшчэнне. Нездарма першыя хрысціяне просяць Бога: «Дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць слова Тваё» (Дз 4, 29), а святы апостал Павел кажа, што для прапаведавання Божага слова не можа быць абмежаванняў (пар. 2 Цім 2, 9): «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).
Для належнага ўспрымання Божага слова неабходна мець спецыяльны ўнутраны настрой, пра які гаворыць Хрыстус у дыспуце з юдэямі: «Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога» (Ян 8, 47). У прыпавесці пра сейбіта Хрыстус звяртае ўвагу не толькі на ўтоеную, унутраную моц Божага слова, але і на тое, якім розным можа быць слуханне (пар. Мц 13, 1–23), што становіцца мерай разумення гэтага слова. Таму заўсёды актуальным застаецца напамін з Апакаліпсіса святога Яна: «Хто мае вушы, няхай слухае тое, што Дух гаворыць Касцёлам» (Ап 2, 7).
4. «Жывое слова Божае і дзейснае» (Гбр 4, 12), і здольнае змяняць жыццё чалавека. Гісторыя хрысціянства ведае шмат прыкладаў гэтага. Узгадаем пакліканне апосталаў. На заклік Хрыста простыя рыбакі становяцца лаўцамі чалавечых душаў (пар. Мц 4, 18–22). Словы Пана «Ідзі за Мною» (Мц 9, 9) робяць мытніка Левія руплівым апосталам Мацвеем. Сведка смерці святога дыякана Стэфана (пар. Дз 7, 58 – 8, 1) і ганіцель Касцёла Саўл (пар. Дз 8, 3 – 9, 1–2) падчас падарожжа ў Дамаск раптоўна быў аслеплены яркім святлом з неба і страціў зрок, але пачаў бачыць вачыма душы, калі пачуў словы Пана: «Я Езус, якога ты пераследуеш» (Дз 9, 5), і стаў апосталам Паўлам, выбраным начыннем Пана (пар. Дз 10, 15).
Тая ці іншая ўсвядомленая і прынятая ўсім сэрцам думка Святога Пісання або яе тлумачэнне можа карэнным чынам змяняць лёсы людзей. Так, святы Аўгустын, які марнаваў сваё жыццё, атрымлівае ласку навяртання і становіцца вялікім хрысціянскім мысліцелем і святым.
Францыск Асізскі замест багацця і прыбытковай купецкай справы выбірае служэнне беднага вандроўнага прапаведніка. Святая Эдыта Штайн адмаўляецца ад кар’еры прафесара філасофіі і ўступае ў ордэн кармэлітак, а потым пацвярджае сваю вернасць пакліканню мучаніцкай смерцю ў Асвенціме. Святы Рафал Каліноўскі, які па адукацыі быў ваенным інжынерам, пакідае службу і таксама становіцца манахам кармэлітам.
5. Лепшаму ўспрыманню Божага Слова павінны паспрыяць інтранізацыя Бібліі ў парафіі, сем’ях і невялікіх парафіяльных групах, арганізаванае вывучэнне Святога Пісання, сумесная малітва Літургіі Гадзінаў, духоўнае чытанне — Lectio Divina, пастаноўка інсцэніровак на біблейскія сюжэты, чытанне па ролях урыўкаў з Бібліі і суправаджэнне іх адпаведнымі каментарамі, прагляд і абмеркаванне фільмаў на біблейскія тэмы, арганізацыя конкурсаў біблейскіх ведаў, правядзенне свята «Дзень Бібліі» і шмат іншых ініцыятываў.
6. Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Няхай Вялікі пост, які ўжо распачаўся, стане для нас часам ласкі, часам выпрабавання нашага сумлення адносна абвяшчэння Божага Слова і яго ўспрымання. Няхай Вялікі пост дапаможа прымаць Божае Слова такім чынам, каб яно стала крыніцаю надзеі і вяло да шчырага пакаяння і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15), а значыць да навяртання. Няхай не застануцца незапатрабаванымі новыя магчымасці абвяшчэння Евангелля, якія мы атрымалі дзякуючы Божаму Провіду. Няхай кожны веруючы чалавек на парозе Вялікага Посту ўсклікне: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (пар. 1 1 Сам 3, 9), слухае, каб прыняць Тваё Слова і кіравацца ім. Няхай Марыя, якая 150 гадоў таму аб’явіўшыся ў Люрдзе, заклікала да малітвы і навяртання, дапамагае нам весці велікапоснае «духоўнае змаганне», каб мы маглі святкаваць Вялікдзень духоўна адноўленымі (пар. ПВП 2008).
На гэты шлях абвяшчэння і ўспрымання Божага Слова, даручаючы ўсіх вас Марыі, якая захоўвала ў сэрцы сваім словы пра свайго Сына Езуса Хрыста (пар. Лк 2, 19), ад усёй душы благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.
Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Мінск, 2 лютага 2008 г. |
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
- ІІ Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
- II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае аб’яўленне Dei verbum (DV).
- Павел VI. Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi (EN).
- Ян Павел II. Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae (CT).
- Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2006 г. (ПВП 2006).
- Бэнэдыкт XVI. Пасланне на Вялікі пост 2008 г.(ПВП 2008).
- Йозеф Ратцингер. Введение в христианство. Брюссель, 1988 (ВХ).
- Гамілія Бэнэдыкта XVI на плошчы Пілсудскага ў Варшаве 26 мая 2006 г..