Шаноўныя браты ў біскупскім і святарскім служэнні,
кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!
1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з пачаткам новага літургічнага года, які распачынаецца Адвэнтам. Слова «адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце», якога чакаюць.
Узнікае лагічнае пытанне: каго ж мы чакаем, хто павінен прыйсці? Касцёл адказвае: Хрыстус. Але ж Ён ужо прыйшоў, і 7 гадоў таму мы святкавалі Вялікі Юбілей двухтысячагоддзя Нараджэння Хрыста.
Так, сапраўды, гістарычны Адвэнт скончыўся. Аднак мы жывем, чакаючы другога прыйсця Хрыста ў хвале. І кожны літургічны год зноў і зноў прапануючы нам таямніцу нашага збаўлення, вядзе да гэтай мэты. У гэтай таямніцы асаблівае і найбольш важнае месца займае таямніца Уцелаўлення Бога, гэта значыць — таямніца Нараджэння Хрыста, да якой Касцёл вядзе нас у перыяд Адвэнту.
2. У сённяшнім Евангеллі мы чуем недвухсэнсоўны заклік: чуваць і быць гатовымі да прыйсця Хрыста, бо мы не ведаем ні дня, ні гадзіны, калі Ён прыйдзе (пар. Мц 24, 44). Таму неабходна абудзіцца са сну, як заклікае ў Пасланні да Рымлянаў святы Апостал Павел (пар. Рым 13, 11). Гэта не што іншае, як праграма Адвэнту.
З мэтаю яе рэалізацыі на «авансцэне» Адвэнту з’яўляецца «адвэнтавы» прарок — святы Ян Хрысціцель, становячыся своеасаблівым звяном паміж Старым і Новым Запаветамі. З перыяду напружанага чакання Збаўцы ён уводзіць чалавецтва ў рэальнасць Яго прысутнасці ў гэтым свеце. Менавіта ён заклікаў пакаяцца і падрыхтаваць дарогу Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 2–3), і менавіта ён прадставіў Яго людзям, кажучы: «Вось Ягнё Божае; вось Той, хто бярэ на сябе грахі свету» (пар. Ян 1, 29).
Заклік святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць, не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час.
Усім добра вядома, што па дрэннай, няроўнай, выбоістай дарозе або па горнай дарозе са шматлікімі крутымі паваротамі, са стромымі ўздымамі і спускамі ехаць небяспечна, і далёка па ёй не заедзеш. Але ж для поўнага і гарманічнага развіцця чалавека недастаткова мець добрыя дарогі, развітую інфраструктуру і эканоміку. Неабходна звярнуць увагу і на яго ўнутраную, духоўную складальную. Якая яна сёння ў чалавека, які жыве ўжо ў XXI стагоддзі, у постмадэрнісцкі час? Ці прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці Хрыстус? Ці з’яўляемся мы Яго сведкамі? Што аб’ядноўвае нас з Касцёлам — жыццё ў ласцы, ці, можа, толькі пасведчанне хросту? Сапраўдныя, яўныя мы хрысціяне ці ананімныя? Ці з гатоўнасцю мы адчыняем дзверы Хрысту, які прыходзіць у Евангеллі, у сакрамэнтах і ў служэнні Касцёла? Ці, можа, гэтыя дзверы зачынены на сем замкоў? Магчыма, на шляху да нашага сэрца мноства завалаў, а дарога стромкая, выбоістая, з незлічонымі спускамі і ўздымамі?
Такімі перашкодамі з’яўляюцца нашыя грахі. Менавіта яны ўскладняюць шлях Пану, які надыходзіць. А без Яго, як Ён сам кажа, мы нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5). А зрабіць трэба нямала. Куды ні кінем позірк — паўсюль праявы амаральнасці і рэлігійнай абыякавасці, і гэта ва ўмовах, калі існуюць вялікія магчымасці для ўзрастання ў веры, у цнотах і ў хрысціянскім сведчанні. Сучасная сям’я перажывае крызіс. Яе знішчаюць разводы і сужэнская нявернасць. Бачым, што ў пагардзе знаходзіцца бясцэнны Божы дар — чалавечае жыццё, якое забіваюць яшчэ да нараджэння. Прычым усё гэта адбываецца са згоды маці і, нярэдка, пад уплывам бацькі; здзяйсняецца ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі медыцынскіх кабінетах; ажыццяўляецца ўрачамі, якія далі клятву Гіпакрата і пакліканыя захоўваць жыццё. Але ж эмбрыён — гэта ўжо чалавек, гэта жыццё: кожны з нас у свой час быў эмбрыёнам. Да ўжо звыклага, на жаль, п’янства далучаецца наркаманія, якая знішчае чалавека, асабліва маладога. Квітнее прастытуцыя, а безадказная эратычная любоў вядзе да дэградацыі чалавека, які становіцца «таварам», як гаворыць Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» (пар. DCE, 4–5). Чумой нашага часу стаў СНІД, які распаўсюджваецца вельмі хутка. Шмат маладых людзей паводзяць сябе на паказ амаральна, нават не задумваючыся пра тое, што ўводзяць у спакусу іншых, асабліва дзяцей. У свеце так шмат праяваў сацыяльнай несправядлівасці, насілля, тэрарызму, міжнацыянальных канфліктаў, ксенафобіі і іншых жахлівых з’яваў!..
Прычына гэтых і іншых праблемаў сучаснага грамадства — яго секулярызацыя, якая праяўляецца найперш у рэлігійнай неадукаванасці і абыякавасці, ва ўзрастанні амаральнасці, у адсутнасці пачуцця граху, у маральным рэлятывізме, што адмаўляе непарушнасць маральных нормаў, у такім жыцці, як быццам Бог не існуе. Яго месца ўсё часцей і часцей займае імкненне да ўзбагачэння і задавальненняў. Але ж хлеба і відовішчаў (гэта значыць задавальненняў) прагнулі таксама старажытныя рымляне. А дзе сёння тая вялікая і магутная Рымская імперыя?!
Жыццё без Бога вядзе да таго, што замест стварэння цывілізацыі любові і жыцця чалавецтва стварае цывілізацыю несправядлівасці, нянавісці і смерці. Прычым гаворка ідзе як пра фізічную смерць — бо цывілізаваны свет старэе, — так і пра смерць духоўную, бо, жывучы амаральна, створаны паводле вобразу і падабенства Божага чалавек (пар. Быц 1, 27) губляе сваё Боскае аблічча. Словам, сучасны чалавек заражаны бацылаю сур’ёзнай духоўнай хваробы. Гэта — вірус бездухоўнасці з усімі наступствамі, якія ён цягне за сабою, што відаць простым вокам.
3. Таму цалкам натуральна ўзнікае пытанне: што рабіць? Дзе шукаць выратавання? Які ўрач і з дапамогай якіх лекаў можа вылечыць сучаснага, духоўна хворага чалавека?
Калі фарысеі папракалі Хрыста ў тым, што Ён ходзіць у дамы мытнікаў і сустракаецца з грэшнікамі, Езус адказаў ім, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12). Гэта значыць, што ў духоўным сэнсе гэтым лекарам з’яўляецца Ён сам. Хрыстус можа вылечыць таксама сучасны свет, які тоне ў грэшным віры секулярызму.
Аднак для таго, каб урач паставіў дыягназ і прадпісаў адпаведныя лекі, неабходна спачатку прыйсці да яго на прыём. У нашым выпадку неабходна сустрэцца з Хрыстом, перадусім у сакрамэнце пакаяння. Умоўна кажучы, трэба пайсці «на прыём» да святара — у канфесіянал. Нездарма Хрыстус кажа аздароўленым пракажоным: «Ідзіце, пакажыцеся святарам» (Мц 8, 4), каб тыя пацвердзілі аздараўленне. Толькі святар Новага Запавету, які дзейнічае ад імя Хрыста, словамі малітвы разграшэння можа вылечыць ад граху. Вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог (пар. Эф 2, 4) у сакрамэнце пакаяння сам прыходзіць да нас і нас лечыць. У размове з самаранкай Езус кажа пра жывую ваду, якую Ён дае (пар. Ян 4, 6–15). Тая вада — гэта неабходная для збаўлення Божая ласка.
4. Сапраўдны сэнс Нараджэння Хрыста, да якога мы рыхтуемся падчас Адвэнту, — гэта Яго нараджэнне ў нашых душах праз Божую ласку. Для таго, каб Хрыстус — лекар нашых душаў — нарадзіўся ў нашых сэрцах і іх аздаравіў, неабходна падрыхтаваць, расчысціць для Яго шлях. Калі мы чакаем госця, то рыхтуемся да яго візіту. Ці можа быць госць, больш важны за Хрыста? У вышэй-шай ступені неразважлівым мы б назвалі тапельца, які не хапаецца за пададзены яму выратавальны круг. Не будзем прыпадабняцца да яго і пастараемся выкарыстаць кожную магчымасць для нашага духоўнага адраджэння.
«Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20), — кажа Хрыстус. Адзін мастак, натхнёны гэтымі словамі, намаляваў карціну: Хрыстус стаіць каля дзвярэй і стукаецца. Яго маленькі сын уважліва паглядзеў на выяву і сказаў: «Тата, ты дрэнна намаляваў гэтую карціну, бо ў дзвярах няма ручкі, і той чалавек, які ў іх стукаецца, не зможа ўвайсці, нават калі яго і запросяць». На гэта мастак адказаў: «Сыне мой, гэты чалавек — Хрыстус, і стукаецца Ён у дзверы нашых сэрцаў, якія можна адчыніць толькі знутры».
Сапраўды, ніхто, акрамя нас саміх, не зможа адчыніць дзверы нашых сэрцаў і ўпусціць туды Хрыста. Ніхто, акрамя нас, не зможа падрыхтаваць Яму шлях да нас. Гэта павінны зрабіць мы самі, і гэта — асноўная і найбольш важная задача Адвэнту. Нездарма святы Аўгустын кажа: «Ты, Божа, стварыў мяне без майго ўдзелу, але збавіць мяне без мяне самога не зможаш». Бог прапануе збаўленне, але рашэнне пакідае чалавеку, шануючы свабоду яго волі.
Людзі з нецярплівасцю чакаюць святаў Божага Нараджэння. У крамах ужо пачалася перадсвяточная мітусня. Мы клапоцімся пра падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці. Усё больш папулярным становіцца зімовы адпачынак у калядны час, і людзі загадзя плануюць, як яго правесці. Аднак гэтыя клопаты не павінны засланіць ад нас таго галоўнага, што трапна акрэсліў наш суайчыннік Адам Міцкевіч: «Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў Бэтлеемскай стаенцы, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы».
5. Для збаўлення яшчэ не дастаткова толькі верыць у тое, што крыху больш за дзве тысячы гадоў таму ў бедным бэтлеемскім заездзе адбыўся цуд Богаўцелаўлення, дзякуючы якому ў свет прыйшоў Бог з чалавечым абліччам і сэрцам, а сама чалавечая прырода была ў гэты час абагаўлёная, напоўніўшыся Боскасцю. Неабходна, каб гэтае абагаўленне стала нашым лёсам, гэта значыць, каб нашыя сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу і каб у іх нарадзіўся Бог.
Знамянальна тое, што Адвэнт, які сёння распачынаецца, мы перажываем у Год паклікання да святасці і ў 90-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, а таксама тое, што ў новым Літургічным годзе мы будзем адзначаць 150-гадовы юбілей аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе, дзе Яна пацвердзіла догмат пра сваё Беззаганнае Зачацце.
Абвяшчэнне ўсіх трох частак фацімскай таямніцы не азначае яе завяршэння. Фацімская таямніца надалей актуальная, бо яна перадусім заклікае да малітвы, да пакаяння і навяртання. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Бразілію 13 мая гэтага года сказаў, што фацімскія аб’яўленні з іх моцным заклікам да навяртання і пакаяння з’яўляюцца найбольш значнымі прароцтвамі сучаснасці (Бэнэдыкт XVI, Малітва Regina caeli, санктуарый у Апарэсідзе, 13 мая 2007 г.). Праўда веры пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта вельмі актуальны ў наш час заклік да духоўнай, маральнай чысціні. Усё гэта павінна асаблівым чынам стымуляваць нас да духоўнага адраджэння і імкнення да святасці ў гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.
Сёння, распачынаючы Адвэнт, прыслухаемся да словаў святога Апостала Паўла, які заклікае абудзіцца са сну (пар. Рым 13, 14), і да закліку святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць шлях Пану, які надыходзіць (пар. Мц 3, 3). Няхай жа не будзе страчаны гэты каштоўны час Адвэнту. Няхай стане ён часам ласкі, які дапаможа нам годна падрыхтавацца да святаў Нараджэння Хрыста і перажыць іх як таямніцу Богаўцелаўлення, што рэалізуецца ў нашым жыцці.
На гэтым шляху духоўнага адраджэння даручаю ўсіх вас Марыі — Маці адвэнтавага чакання — і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Рым-Мінск,
25 лістапада 2007 г.
Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара