Пошук

Панядзелак, 11 лістапада 2019
Субота, 19 кастрычніка 2019
19.10.2019 14:04
Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі Пінск, 17 кастрычніка 2019 г. Дарагія дыяцэзіяне! На працягу апошняга тыдня ў лучнасці з Паўсюдным Касцёлам мы асаблівым чынам молімся ў інтэнцыях місійных спраў. Памятаем заданне нашага Пана Езуса Хрыста, якое Ён нам пакінуў перад Унебаўшэсцем: занесці Добрую Вестку аб збаўленні да кожнага без выключэнняў (гл. Мк 16, 15–16). Атрымаўшы гэтае заданне ад Боскага Настаўніка, усе вучні, напоўненыя Духам Святым, распачалі сваю місійную евангелізацыйную справу. Яна працягваецца па сённяшні дзень. І будзе працягвацца «аж да сканчэння веку» ( Мц 28, 20). Гэтая евангелізацыйная «эстафета» на пэўным этапе гісторыі дайшла да нашых продкаў і да нас. У сваю чаргу нашым заданнем з’яўляецца перадаць гэтую «эстафету» веры далей. Уся наша гісторыя — гэта драматычная, напоўненая разнастайнымі радасцямі і болем місія перадачы веры ў Езуса Хрыста. Папа Францішак заахвочвае нас, каб у кастрычніку мы асаблівым чынам звярнулі ўвагу на гэтую надзвычай важную справу і заданне кожнага хрысціяніна: быць місіянерам збаўлення. Нашае пакліканне да місіянерства бярэ пачатак у сакрамэнце хросту — браме новага жыцця кожнага вызнаўцы Езуса. Нездарма Ён заклікае нас не проста прапаведаваць, але ісці і дапамагаць кожнаму ахрысціцца «ў імя Айца і Сына, і Духа Святога» ( Мц 28, 19). Умілаваныя! Мы не адны ў гэтым свеце, і нельга нам клапаціцца толькі пра саміх сябе. Папа Францішак заклікае нас пачынаць сваю хрысціянскую місійную дзейнасць з асяроддзя сям’і і працы, але на гэтым не спыняцца. Ісці далей. Асабліва сёння, калі ва ўсім свеце адзначаем Місійную нядзелю, мы павінны памятаць пра тых, хто прапаведуе веру на далёкіх кантынентах, у аддаленых кутках зямлі. Там жывуць людзі і служаць місіянеры, якія чакаюць нашай падтрымкі, выражанай у малітве і ахвярным чыне салідарнасці. Некалькі гадоў таму арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн праводзіў у горадзе Арс у Францыі рэкалекцыі для святароў, сабраных з розных краін свету. Падчас гэтых духоўных практыкаванняў адбываліся размовы аб жыцці Касцёла. Хтосьці выказаў даволі песімістычны погляд пра будучыню хрысціянства і запытаўся, ці вытрымае Касцёл усе выпрабаванні, якія яго чакаюць. Кардынал адказаў: «Напэўна, вытрымае, але нідзе не сказана, што гэта будзе Касцёл у Еўропе». Божая справа не мае ні геаграфічных, ні гістарычных межаў. Касцёл трывае вечна. Ён павінен выконваць сваю збаўчую місію ў тым часе і месцы, дзе кожнаму пакаленню хрысціянаў дадзена жыць. Сёння, у Сусветную місійную нядзелю, мы дзякуем Пану Богу за дар місіянераў, якія прынеслі веру на нашу зямлю. Дзякуем і молімся за нашых продкаў, якія перадалі нам дар веры і святога хросту. Молімся за тых, хто ахвяраваў сябе, каб быць місіянерам Хрыста сярод людзей, якія яшчэ не ведаюць Касцёла. Просім таксама Бога аб тым, каб мы не забывалі пра місійнасць нашай веры. Быць хрысціянінам, католікам — гэта дзяліцца радасцю Евангелля, прыводзіць да святых сакрамэнтаў збаўлення кожнага. Таму будзем жа місіянерамі ў перадачы «эстафеты» веры наступнаму пакаленню людзей, якія вакол нас. Агорнем малітвай тых, хто прысвяціў сваё жыццё місіянерскаму служэнню. Будзем мець адкрытае сэрца і ахвярныя далоні, каб дапамагаць Касцёлу ў выкананні яго збаўчага місіянерскага задання ў гэтым свеце. З пастырскім благаслаўленнем, + Антоні Дзям’янка        Біскуп Пінскі
Чацвер, 17 кастрычніка 2019
Аўторак, 1 кастрычніка 2019
Субота, 25 мая 2019
Серада, 15 мая 2019
Серада, 1 мая 2019
Чацвер, 25 красавіка 2019
Панядзелак, 31 снежня 2018
Чацвер, 15 сакавіка 2018
Аўторак, 28 лістапада 2017
Чацвер, 16 лістапада 2017
Панядзелак, 13 лістапада 2017
Панядзелак, 23 кастрычніка 2017
Аўторак, 17 кастрычніка 2017
Панядзелак, 16 кастрычніка 2017
Панядзелак, 2 кастрычніка 2017
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.