Пошук

01.10.2019 13:39   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: salesianipiemonte.info

1 кастрычніка распачаўся надзвычайны месяц Місій, які яшчэ ў 2017 годзе абвясціў папа Францішак з мэтаю абудзіць руплівасць у евангелізацыйнай дзейнасці Касцёла ў ягоным пасланніцтве ad gentes — да людзей, якія яшчэ не ведаюць Хрыста.

«Ахрышчаныя і пасланыя: Касцёл Хрыста ў місіі ў свеце» — так гучыць тэма гэтага месяца, які адзначаецца таксама ў памяць стагоддзя місійнага Апостальскага ліста папы Бэнэдыкта XV Maximum illud, абвешчанага 30 лістапада 1919 года.

Першым мерапрыемствам месяца Місій стануць Нешпары, якія адбудуцца ўвечары 1 кастрычніка ў ватыканскай базыліцы святога Пятра ва ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, якая разам са святым Францішкам Сальскім ушаноўваецца ў Касцёле як Апякунка місій. Перад літургіяй гадзінаў распачнецца місійнае чуванне, падчас якога будуць прадстаўлены сведчанні аб працы місіянераў.

Ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай 7 кастрычніка а 15-й гадзіне ў рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай адбудзецца малітва Ружанца, якую правядзе кардынал Фэрнандо Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі народаў.

Гэтае місіянерскае ведамства Святога Пасаду разам з Папскімі місіянерскімі ініцыятывамі звярнулася да сусветнай сеткі «Радыё Марыя» з просьбай аб арганізацыі прамой трансляцыі гэтай малітвы ва ўсім свеце, каб да яе магло далучыцца як мага больш вернікаў.

Нарэшце ў сусветны дзень Місій, які сёлета будзе адзначацца ў нядзелю 20 кастрычніка, папа Францішак узначаліць цэлебрацыю святой Імшы на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Абноўлена 03.10.2019 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця