Пошук

17.10.2017 08:40   Catholic.by

Дарагія дыяцэзіяне, у чарговы Місійны тыдзень я звяртаюся да вас са словамі павучання, падзякі і заахвочвання. Хачу нагадаць апошнія словы, якія Пан Езус прамовіў перад унебаўшэсцем: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19).

Касцёл з самага пачатку разумеў іх як місійны загад. “Ідзіце” – гэта значыць не будзьце пасіўнымі, не чакайце, не паддавайцеся пачуццю стагнацыі. “Ідзіце” – гэта значыць будзьце дынамічнымі, шукайце новыя шляхі і спосабы абвяшчэння Евангелля. Дзякуючы дынамізму апосталаў і наступных пакаленняў хрысціян Добрая Навіна прыйшла таксама да нас і была прынята з вераю. Гэта вера трывае, а наша заданне, заданне ўсіх ахрышчаных – яе развіваць. Касцёл выконвае гэты абавязак згодна з духам часу.

Сёння з асаблівай актуальнасцю гучаць словы Святога Айца Францішка, паводле якіх місійнай тэрыторыяй з’яўляецца кожны чалавек. Такі падыход адкрывае перад намі сучасныя гарызонты абвяшчэння Евангелля. Няхай яно будзе тэмаю нашых размоваў. Няхай Евангелле дае натхненне ў нашай дзейнасці. Урэшце, няхай Добрая Навіна будзе дапамогаю ў вырашэнні праблем, якія кожны чалавек перажывае ў сабе і ў адносінах з іншымі людзьмі.

Разам з тым хачу падзякаваць за працу, якую святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі здзяйсняюць на карысць евангелізацыі. Прыкладаў такой працы вельмі шмат. Я прывяду толькі адзін з іх, за які хачу асабліва падзякаваць: праца ў рэгіёне, пацярпелым ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта выключна складаная і шматаспектная справа, за якую трэба сказаць: “Божа, адудзяч!”

Напрыканцы я хачу выказаць словы заахвочвання на будучыню. Калі шукаю прыклады сярод тых, хто жыў раней і можа сёння стаць для нас крыніцай натхнення, мне прыходзіць на думку постаць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Як малады святар, ён суправаджаў свайго біскупа падчас кананічных візітацый у вельмі далёкіх парафіях. Пры гэтым ён сам знаёміўся з людзьмі, пазнаваў іх праблемы, радасці і смуткі. Чалавечая асоба стала душпастырскай і місійнай праграмай Слугі Божага. Тое, што Зыгмунт Лазінскі зрабіў як пастыр для чалавека, і сёння захапляе, нічога не страціўшы са сваёй актуальнасці.

Ідзіце да сучаснага чалавека, вашых калег на працы, суседзяў, да родных і блізкіх у сям’і. Ідзіце з Евангеллем. Няхай Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі будзе прыкладам таго, як рабіць гэта мудра, далікатна і дзейсна.

На гэту працу ад сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 13.10.2017

Паважаныя святары абвесцяць вернікам гэтае паведамленне падчас кожнай святой Імшы у нядзелю 22 кастрычніка 2017 г., а таксама арганізуюць збор ахвяраванняў на місіі ў зручнай форме, падчас кожнай святой Імшы. Паведамленне неабходна размясціць на дошцы аб’яў перад касцёлам да канца кастрычніка 2017 г.

Абноўлена 17.10.2017 09:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.