Пошук

01.05.2019 15:39   Тэкст: Галіна Ліпай / Catholic.by

28 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе адбылася сустрэча з кс. Пятром Кемніцам MSF, які больш за шэсць гадоў працуе на Мадагаскары.

Яшчэ ў час вучобы ў духоўнай семінарыі ён адчуў у сабе вялікае жаданне выехаць на місію, каб дзяліцца Божай міласэрнасцю. У 2012 годзе паехаў у Францыю на падрыхтоўку, якая працягвалася адзін год, а затым — на востраў Мадагаскар.

З вялікай любоўю кс. Пётр расказвае пра востраў, яго клімат і асаблівасці жыцця на ім. Часта Мадагаскар называюць чырвоным востравам, бо на ім чырвоная зямля.

На востраве няма прадпрыемстваў, таму няма і зарплаты ў нашым разуменні. Асноўныя заняткі людзей, якія прыносяць даход, — земляробства і рыбалоўства.

Сем’і вялікія, па 7–8 дзяцей. Старэйшыя дзеці клапоцяцца пра малодшых. Жывуць бедна, дамы просценькія з трыснягу, рэдка бываюць з гліны, часам сустракаюцца і больш заможныя дамы з цэглы.

На востраве ў дыяцэзіі Mаромб працуюць каля 30 святароў-місіянераў Святой Сям’і і шмат семінарыстаў. З мясцовых жыхароў 70% хрысціяне, з іх 60% католікі, астатнія — пратэстанты, праваслаўныя, кальвіністы і іншыя. 30% насельніцтва — язычнікі.

Населеныя пункты знаходзяцца далёка адзін ад аднаго. Дарог няма, асфальту няма наогул. На востраве ёсць толькі дзве пары года — калі суха і калі мокра.

Асноўныя віды транспарту — матацыкл ці лодка, выкарыстоўваюць таксама павозку з запрэжанымі каровамі, альбо наогул дабіраюцца да якой-небудзь вёсачкі пешшу, пераходзячы рачулкі ўброд, а праваднікамі з’яўляюцца дзеці.

Першая парафія ў Mанцы сустрэла кс. Пятра знішчаным касцёлам, адсутнасцю дома, школы. У цяжкай місійнай працы крыніцай сілы з’яўляецца малітва. Як сведчыць кс. Пётр, ва ўсім патрэбна цярплівасць. Уявім чалавека, які капае калодзеж. Пракапаўшы 1-2 метры і ўбачыўшы, што няма вады, ён кідае працу і ідзе далей. На новым месцы, таксама крыху пакапаўшы і не знайшоўшы вады, губляе ахвоту і зноў ідзе далей. Так можна ўсё жыццё капаць, але без толку, без выніку. А каб быў вынік, патрэбна цярпенне.

У другой парафіі ў Антанімеве не было калодзежа і ваду можна было ўзяць за 5 км. Капалі калодзеж з перарывамі на адпачынак. Праз 5 метраў стала з’яўляцца гразь, гэта азначала, што блізка знаходзіцца вада. «Так і ў веры, у любові, у справах міласэрнасці патрэбна цярпенне. Так і мы не павінны знеахвочвацца, а, скіраваныя на Езуса, да Яго крыніцы міласэрнасці — а Яго міласэрнасці хопіць для ўсіх — павінны цярпліва ісці да мэты нашага жыцця», — сказаў кс. Пётр.

Як місіянер кс. Пётр бачыць сваё заданне ў тым, каб праз сакрамэнты несці Езуса людзям. Але і іншыя справы патрабуюць увагі. Гэты святар — цудоўны арганізатар. Пад яго кіраўніцтвам адбудавалі школу, знішчаную цыклонам. На востраве няма магчымасці наняць будаўнічую брыгаду, таму ўсе працы выканалі самі, як кажуць, усім народам. Ксёндз Пётр часта прасіў прынесці пясок, камні, і людзі прыносілі, нягледзячы на тое, што вёска знаходзіцца за 120 кіламетраў!

Таксама пабудавалі касцёл і дом для святара. У школе вучыцца каля 100 вучняў. У касцёле было спачатку два міністранты, цяпер 40.

На Мадагаскары людзі не маюць выгодаў жыцця і дабрабыту, але яны ўмеюць радавацца і быць шчаслівымі. Пабудавалі школу, благаслаўлялі яе — было мора шчасця. Святая Імша там доўжыцца 3-4 гадзіны. Уся яна напоўнена танцамі, радасцю, шчасцем сустрэчы з Езусам. Як распавядае святар, прыходзяць язычнікі, прымаюць веру. Нават шаманы навяртаюцца. І кожнае навяртанне — вялікае свята для ўсіх. Касцёл на Мадагаскары развіваецца.

Вернікі парафіі ва Уздзе дзякуюць кс. Пятру за яго сведчанне веры, надзеі і любові, жадаюць шчодрых Божых ласкаў у далейшай місійнай працы, каб міласэрны Езус дапамагаў на кожным кроку жыцця; жадаюць дароў Духа Святога, апекі Маці Божай, здароўя, вытрымкі, аптымізму.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця