26 сакавіка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе адбылося набажэнства Крыжовага шляху за Беларусь. У разважаннях да стацый перапляталася гісторыя і сучаснасць, Крыжовы шлях Езуса і асабісты крыжовы шлях кожнага беларуса.
«Крыж чалавека. Крыж народа… За сваю слаўную і гаротную гісторыю мы паспелі пранесці шмат крыжоў. Гэта войны, хваробы, заняпад культуры і мовы, час татальнага безвер’я і адмаўлення ад Бога… Некаторыя з гэтых крыжоў мы нясём па сённяшні дзень»,— словы разважання пераўтвараліся ў малітву.
Удзельнікі набажэнства перапрашалі за ненароджаных дзяцей, суіцыды, шматлікія залежнасці, за дашлюбныя зносіны і разбітыя сужэнствы, за несумленнае імкненне да ўлады і лепшага жыцця, за блюзнерствы і крывадушнасць.
«Езу, дапамажы кожнаму з нас не баяцца шукаць праўду. Учыні нас здольнымі да салідарнасці.Ойча, спашлі свайго Духа на кожнага беларуса, каб мы змаглі мудра распараджацца тым, што ў нас ёсць. Дадай кожнаму з нас мужнасці паглядзець на сябе ў праўдзе і стаць у праўдзе перад Табою, каб мы маглі распачаць новае жыццё», — маліліся католікі Узды.
На заканчэнне набажэства пробашч парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF даручыў Богу Беларусь, просячы для кожнага беларуса дару прабачэння.
Спевы да набажэнства падрыхтавала і выканала Таццяна Меляшкевіч.