Пошук

02.08.2021 11:33   Тэкст і фота: Галіна Ліпай / Catholic.by

У нядзелю 1 жніўня ва ўздзенскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Стаўбцоўскі дэканат) адбылася ўрачыстасць з нагоды прыходу новага пробашча, якім быў прызначаны ксёндз Канстанцін Цыбульскі MSF.

Цырымонію ўвядзення новага пробашча на пасаду ўзначаліў дэкан Стаўбцоўскі ксёндз канонік Ігар Лашук.

Новапрызначаны душпастыр прыйшоў на змену шматгадоваму пробашчу парафіі ва Уздзе ксяндзу Дзянісу Шастаковічу MSF.

На пачатку святой Імшы вернікі сустрэлі святароў пры ўваходзе ў касцёл, дзе ксёндз Канстанцін Цыбульскі MSF быў акроплены асвячонай вадой. Пад спеў да Святога Духа ўдзельнікі ўрачыстасці ўвайшлі ў касцёл, дзе ксёндз дэкан Ігар Лашук зачытаў Дэкрэт Апостальскага адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца аб прызначэнні ксяндза Канстанціна Цыбульскага MSF пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе. Ксёндз Канстанцін прысягнуў на Бібліі працаваць на хвалу Божую і для дабра парафіянаў, пасля чаго ксёндз Ігар уручыў новаму пробашчу сімвалічны ключ ад парафіі.

Кульмінацыяй урачыстсці стала цэлебрацыя святой Імшы, падчас якой вернікі маліліся ў інтэнцыі падзякі Пану Богу за дар служэння ксяндза Дзяніса Шастаковіча MSF і ў інтэнцыі аб Божым благаслаўленні для ксяндза Канстанціна Цыбульскага MSF.

Напрыканцы вернікі падзякавалі ксяндзу Дзянісу за трынацаць гадоў руплівай працы ў парафіі, за чулае сэрца і гатоўнасць прыйсці на дапамогу, за малітоўную падтрымку ў розных патрэбах, за калядныя адведзіны, за духоўна-фармацыйныя сустрэчы па вывучэнні Святога Пісання, за шматлікія пілігрымкі, за добраўпарадкаванне тэрыторыі і будынка касцёла, за яго яскравы прыклад служэння Богу і бліжняму.

Сваім душпастырам — былому і новапрызначанаму — вернікі жадалі шчодрых Божых ласкаў, святла Еуса, дароў Духа Святога, апекі Маці Божай, здароўя, дабрабыту і поспехаў на шляху святарскага служэння.

Абноўлена 02.08.2021 11:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа