Пошук

15.05.2019 12:23   Мікола Гракаў / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

Брат Алег Вайцяховіч, святар з Беларускай кустодыі Ордэна меншых братоў Капуцынаў, адпраўляецца на місію ў Грузію. 14 мая ў парафіі св. Францішка Асізскага ў Мінску брату Алегу быў урачыста ўручаны місійны крыж.

Можа ўзнікнуць пытанне: ці ж Грузія — адна з першых хрысціянскіх краін, дзе Евангелле абвяшчаецца ажно з І ст., — сапраўды можа быць місійнай тэрыторыяй?

Як вядома, большасць жыхароў Грузіі належаць да Праваслаўнай Царквы. Але, як і ў іншых месцах на Каўказе, побач там жывуць прадстаўнікі іншых народаў і веравызнанняў.

У Грузіі ёсць таксама і католікі: гэта армяне і невялікая колькасць мясцовых рыма-католікаў. Менавіта да іх у першую чаргу скіравана служэнне братоў капуцынаў.

Усяго з больш як чатырохмільённага насельніцтва краіны толькі 0,8 % з’яўляюцца католікамі.

Тым не менш, пра нармальныя кантакты прадстаўнікоў грузінскай Царквы са Святым Пасадам па пытаннях веры вядома з пачатку VII ст. Цар Заходняй Грузіі Дэметрэ ІІ (825–861 гг.) даслаў папу Бэнэдыкту ІІІ багатыя дары для грабніцы св. Пятра. У ІХ ст. прападобны Іларыён Грузін скіраваўся ў Рым, каб пакланіцца грабніцам святых апосталаў Пятра і Паўла, і, як апавядаецца ў ягоным «Жыціі», правёў там два гады «ў анёльскім жыцці і дзівосных працах грамадскіх».

Грузінская Царква працягвала падтрымліваць добрыя адносіны са Святым Пасадам таксама пасля т.зв. падзелу Цэркваў у 1054 г.

Каля 1230 г. папа Грыгорый ІХ скіраваў у Грузію братоў з францішканскага Ордэну, а праз нейкі час да іх далучыліся таксама дамінікане. Пад канец ХІІІ ст. у Грузіі дзейнічалі пяць каталіцкіх кляштараў, а некаторыя грузіны-католікі самі сталі місіянерамі ў краінах Усходу. Грузінскі базыліянін Нікіфар Ірубакідзэ ў 1629 г. выдаў у Рыме першы ў гісторыі друкаваны тэкст на грузінскай мове, якім стаў пераклад Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі.

У XVII ст. была адноўлена дзейнасць каталіцкіх місій у краіне, і ў 1661 г. сюды прыбылі першыя місіянеры-капуцыны.

Яны актыўна дзейнічалі перадусім у Заходняй Грузіі: выконвалі дыпламатычныя даручэнні, займаліся лекарскай практыкай, адкрывалі школы, працавалі настаўнікамі ў сем’ях грузінскіх арыстакратаў. Каталіцкія місіянеры спрыялі вяртанню ў Грузію з Персіі рэліквій грузінскіх мучанікаў.

Набажэнствы ў каталіцкіх святынях праводзіліся паводле лацінскага абраду, а з XVI ст. паралельна пачаў выкарыстоўвацца армянскі абрад, зацверджаны для католікаў Каўказа.

З уваходжаннем Грузіі ў склад Расійскай імперыі становішча каталіцкіх місій у краіне змянілася ў горшы бок. Паступова імперскі ўрад абмежаваў капуцынаў у правах, а ў 1845 г. наогул скасаваў місію, і браты былі вымушаны пакінуць Грузію.

У 2013 годзе браты капуцыны вярнуліся туды зноў і пасяліліся ў г. Акхальцыхе, непадалёк ад мяжы з Турцыяй.

Да сённяшняга дня там працуюць браты з паўднёвай Італіі.

Цяпер да місійнай капуцынскай супольнасці ў Акхальцыхе далучацца брат Алег Вайцяховіч з Беларусі і брат Пётр Гудалеўскі з Польшчы, адкрываючы такім чынам новую старонку ў багатай гісторыі каталіцкай прысутнасці на Каўказе.

 

Абноўлена 15.05.2019 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця