На прасторах былой савецкай імперыі, нават у самых аддаленых яе частках, жывуць католікі, якія часта траплялі туды не па сваёй волі. Сведчаннем пра жыццё вернікаў у Казахстане і сваё служэнне ў гэтай азіяцкай краіне дзеліцца кс. Павел Федаровіч, марыянін з Беларусі.

Пасля трох гадоў прабывання ў марыянскай парафіі ў мінскім мікрараёне Сухарава айцец правінцыял скіраваў мяне ў Казахстан. У канцы жніўня мінулага года ноччу самалёт прызямліўся ў Карагандзе, новым месцы майго служэння.
Гісторыя каталіцкай веры ў гэтай краіне незвычайная. Хацеў бы засяродзіць увагу на апошнім стагоддзі існавання Касцёла на казахстанскай зямлі. Паколькі гэты матэрыял з’яўляецца не навуковым даследаваннем, а больш сведчаннем, хачу падзяліцца ўласнымі назіраннямі і тым, што пачуў ад людзей.
Сучасныя вернікі Касцёла ў Казахстане — гэта пераважна нашчадкі рэпрэсаваных жыхароў Польшчы, Заходняй Беларусі і Украіны, а таксама іншых краін, якія трапілі сюды ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.
Наведваючы парафіянаў падчас душпастырскіх візітаў, я слухаў трагічныя апавяданні з вуснаў людзей, якія яшчэ дзецьмі былі вывезены разам са сваімі бацькамі і пакінутыя ў голым бяскрайнім стэпе.
У лагеры Казахстана траплялі таксама святары і кансэкраваныя асобы. Сярод іх асаблівым чынам адзначаўся кс. Уладзіслаў Букавінскі, які пасля заканчэння тэрміна зняволення застаўся служыць у Казахстане. Яго беатыфікацыя адбылася ў катэдры ў Карагандзе 11 верасня 2016 года. Я таксама чуў шмат аповедаў пра ахвярнае служэнне іншых святароў, сясцёр і свецкіх вернікаў, якія жылі ў савецкія часы і мужна трывалі ў веры.

Сёння прыблізная колькасць католікаў ва ўсім Казахстане вагаецца ў межах 25–30 тысяч.
Часам можна сустрэць лічбу 180 тысяч чалавек, але гэта падлік, хутчэй, па нацыянальнай прыналежнасці (агульная колькасць насельніцтва ў Казахстане прыблізна 18 млн 400 тыс. чалавек). Асноўная мовай у Касцёле з’яўляецца руская, але паступова ўзнікае патрэба і ў выкарыстанні казахскай мовы (пакуль што ёсць толькі малітоўнік).
Наша марыянская парафія Марыі Маці Касцёла пачала сваё існаванне ў 1994 годзе, калі кс. Збігнеў Грыгарцэвіч МІС убачыў патрэбу духоўнай апекі сярод польскай дыяспары ў раёне Фёдараўка. Яшчэ адна каталіцкая парафія — святога Юзафа — дзейнічае ў раёне Майкудук, які мясцовыя людзі называюць «Берлін». Тут вернікі былі ў асноўным нямецкага паходжання. На пачатку 90-х гадоў многія з іх выехалі ў Германію.

У 2012 годзе адбылося асвячэнне катэдры, якая з’яўляецца таксама і парафіяльным касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі — Маці ўсіх народаў. Такім чынам, у Карагандзе ёсць тры парафіі з прыблізнай колькасцю вернікаў у кожнай з іх 150–200 чалавек, якія збіраюцца на нядзельнай св. Імшы. Сёння Караганда налічвае каля 500 тысяч жыхароў, таму католікі складаюць вельмі невялікую частку насельніцтва.

У верасні 2018 года адзначыла 20-гадовы юбілей Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя, якая знаходзіцца ў Карагандзе. За гэты час са 100 семінарыстаў 15 сталі святарамі. На сённяшні дзень у ёй вучацца 7 кандыдатаў да пасвячэння: двое з Казахстана, двое з Арменіі і трое з Грузіі.

Знаходзячыся ў Карагандзе, асабіста я маю досвед жыцця Касцёла ў цэнтральнай частцы Казахстана. Падчас агульнай сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў з усёй краіны ў Нур-Султане на пачатку мая я меў магчымасць пачуць сведчанні духоўных асобаў і аповеды аб тых месцах, дзе яны служаць.
Паводле падлікаў, святары і кансэкраваныя асобы, якія нясуць служэнне ў краіне, з’яўляюцца прадстаўнікамі 20 нацыянальнасцяў.
Дзякуючы іх сведчанням я пераканаўся, што Касцёл у Казахстане вельмі разнастайны: мясцовыя касцёльныя супольнасці ў розных частках краіны маюць сваю гісторыю і твар.
Больш падрабязна з жыццём Касцёла ў Казахстане можна пазнаёміцца на наступных рэсурсах:
- Сайт Каталіцкага Касцёла ў Казахстане
- Сайт каталіцкай газеты Credo
- Відэа пра жыццё Каталіцкага Касцёла
Пра жыццё марыянскай парафіі Марыі Маці Касцёла ў Карагандзе можна даведацца на старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook: Marianie Karaganda/Приход Марии Матери Церкви.



