Пошук

19.02.2020 17:07   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: tourinrome.com

У лісце Папы Францішка да кіраўніка Папскай касцёльнай акадэміі арцыбіскупа Джозэфа Марыно тым, хто паступае на дыпламатычную службу Святога Пасаду, прапануецца правесці год у адной з дыяцэзій для атрымання місіянерскага досведу.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік абвясціў пра гэта ў сваёй заключнай прамове на Сінодзе па Амазоніі, і зараз ідэя была канкрэтызавана.

Святы Айцец напісаў старшыні акадэміі з просьбай, каб у навучальную праграму быў уключаны год, які будучы дыпламат правядзе на місіі ў адным з мясцовых Касцёлаў.

«Я перакананы, што такі досвед з’яўляецца карысным для ўсіх маладых людзей, якія рыхтуюцца да святарскага служэння або пачынаюць яго, але ў прыватнасці для тых, хто ў будучыні будзе пакліканы супрацоўнічаць з папскімі прадстаўнікамі і пасля сам стане пасланнікам Святога Пасаду да народаў і партыкулярных Касцёлаў», — адзначыў Пантыфік.

Ён дадаў, што для станоўчага адказу на праблемы, якія стаяць перад Касцёлам і светам, неабходна, каб будучыя дыпламаты Святога Пасаду набывалі, акрамя цвёрдай святарскай, душпастырскай і спецыяльнай фармацыі, прапанаванай Акадэміяй, таксама «асабісты досвед місіі па-за межамі сваёй дыяцэзіі паходжання», дзе будзе магчымасць абмену з місіянерскімі Касцёламі, беручы ўдзел у іх штодзённай евангелізацыйнай дзейнасці.

«Місія, якая аднойчы будзе на вас ускладзена, прывядзе вас у розныя куткі свету, — прыводзіць руская рэдакцыя Vatican News словы Пантыфіка з прамовы да супольнасці Папскай касцёльнай акадэміі пяць гадоў таму, — у Еўропу, якой патрэбна прачнуцца; у Афрыку, якая прагне прымірэння; у Лацінскую Амерыку, якая згаладалася па матэрыяльнай і духоўнай ежы; у Паўночную Амерыку, якая жадае зноў адкрыць карані сваёй ідэнтычнасці, што не можа атаясамлівацца з адкідваннем іншых; у Азію і Акіянію, перад якімі стаіць задача быць зачынам у дыяспары і весці дыялог з культурай продкаў ва ўсёй яе разнастайнасці».

На думку Папы, кожны будучы касцёльны дыпламат павінен на працягу пэўнага часу раздзяляць шлях іншых мясцовых Касцёлаў, удзельнічаючы ў іх штодзённай евангелізацыйнай працы.

Такая місіянерская практыка будзе працягвацца год і ажыццяўляцца ў розных мясцовых Касцёлах па ўсім свеце. Новы парадак праходжання практыкі набудзе моц пачынаючы з першакурснікаў, якія паступяць у акадэмію ў 2020/2021 навучальным годзе.

У дыскусію ў Апостальскай Сталіцы наконт гэтага рашэння Папы ўключыўся галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі. Ён звяртае ўвагу на кантэкст, у якім упершыню была агучана думка: неабходнасць знайсці святароў для місій і цяжкасці ў пошуку гатовых на гэта прэзбітэраў, паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News.

Святы Айцец прывёў часты адказ, які можна пачуць ад патэнцыйных кандыдатаў для місій: «Не, я не падыходжу для гэтага». «Таму сітуацыю трэба рэфармаваць, — пракаментаваў Пантыфік. — Маладое духавенства валодае вельмі моцным пакліканнем і яго трэба фармаваць у апостальскай руплівасці ісці на далёкія тэрыторыі».

Адразу пасля гэтага Папа звярнуўся да будучых дыпламатаў, настойліва рэкамендуючы праводзіць прынамсі год на місіянерскай працы, і не ў якасці практыкі ў нунцыятурах, як гэта адбываецца зараз, а дапамагаючы біскупам у місіянерскіх дыяцэзіях.

Цяпер ідэя знайшла рэалізацыю, і, завяршаючы ліст да кіраўніка дыпламатычнай акадэміі, Папа падкрэсліў, што новы падыход будзе карысны не толькі будучым дыпламатам, але і асобным Касцёлам, з якімі яны будуць супрацоўнічаць.

Ён спадзяецца, што гэта выкліча ў іншых святароў, не звязаных з дыпламатыяй, жаданне правесці «час місіянерскага служэння па-за межамі роднай дыяцэзіі».

На думку Тарніелі, гэтае рашэнне ўносіць па-сапраўднаму значныя змены ў працэс навучання тых, хто будзе служыць у нунцыятурах і ў многіх выпадках у адносна маладым узросце стане біскупам. Як заўважае ён, місійны год для маладых святароў можа стаць часам перамен, цяжкасцяў, новых уражанняў, якія паспрыяюць лепшаму і глыбейшаму разуменню рэчаіснасці Касцёла, яго праблем і чаканняў, суцяшальнай прыгажосці яго паўсядзённага жыцця.

Гэты год можа дазволіць студэнтам акадэміі, іх кіраўнікам і біскупам родных дыяцэзій лепш распазнаваць асобныя пакліканні, можа схіліць кагосьці адмовіцца ад гэтага служэння.

Як дадае Тарніелі, Папа Францішак яшчэ раз нагадвае нам, што ўвесь Касцёл, у тым ліку і яго дыпламатычная служба, або застаецца місіянерскім, або перастае быць Касцёлам.

Абноўлена 19.02.2020 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця