Пошук

16.10.2017 12:16   Мікола Гракаў / Фота: Сяргей Матус / Catholic.by

У Свіры 15 кастрычніка распачаліся мерапрыемствы ў рамках праекта «Гуманізм місіянерскай ініцыятывы». З гэтай нагоды святую Імшу ў касцёле св. Мікалая, біскупа, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На пачатку цэлебрацыі пробашч свірскай парафіі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскага дэканату, які сам з’яўляецца святаром Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі і ўжо трэці дзясятак гадоў як місіянер служыць у Беларусі, прывітаў удзельнікаў, а асабліва кс. Марціна Бжэшчыньскага, дырэктара Місіянерскай ініцыятывы Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі, каардынатара праекта.

Ксёндз Марцін зачытаў зварот ардынарыя Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі арцыбіскупа Хенрыка Хозэра, скіраваны да ўсіх адрасатаў праекта і ў прыватнасці да вернікаў парафіі ў Свіры. Як адзначыў у ім іерарх, Місіянерская ініцыятыва даручанага яго пастырскай апецы Касцёла «дзякуючы гэтай падзеі: супольнай малітве, дакладу, суправаджальнай выставе імкнецца падзяліцца <…> багатым вопытам, што стаў удзелам польскіх місіянераў, якія працуюць ва ўсім свеце».

    

Арцыбіскуп Хенрык Хозэр, маючы ўласны багаты досвед місіянерскай працы, працягнуў: «Як місіянер, святар і ўрач я 21 год працаваў у Руандзе і дзякуючы гэтаму быў не толькі сведкам дзеяння ласкі, як узрастае ў чалавечых сэрцах зерне веры, надзеі і любові; я таксама амаль кожны дзень адчуваў, чым на практыцы з’яўляецца падтрымка жыцця на місіі рэалізаванымі ў «немісіянерскіх» краінах праектамі на карысць місіянераў і супольнасцяў, якім яны служаць. Як вы самі ўбачыце, хоць бы на прыкладзе праектаў, рэалізаваных толькі на працягу двух гадоў, 2016 і 2017, абшар місіянерскай працы і плады справаў, што здзяйсняюцца ў рамках місій, разнастайныя, прыгожыя і трывалыя. Індыя, Камерун, Цэнтральна-афрыканская Рэспубліка, Перу, Балівія, Эквадор — гэта не толькі назвы краін на карце свету: гэта жывыя людзі, аказаная ім дапамога, прынесеная палёгка, вернутая радасць і надзея на лепшую будучыню».

Біскуп Юрый Касабуцкі ў прамоўленай гаміліі падкрэсліў высакароднасць місіянерскага служэння і яго нязменную каштоўнасць у жыцці Касцёла. Іерарх таксама адзначыў той неацэнны ўнёсак, які святары-місіянеры зрабілі і працягваюць рабіць у справу адраджэння і развіцця Касцёла ў Беларусі. Біскуп з удзячнасцю ўзгадаў, што і велічны касцёл у Свіры, які ў гады пераследу веры быў прыстасаваны пад завод, адбудаваны і адноўлены дзякуючы намаганням святароў з Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі: кс. Войцеха Леманьскага, які стаяў ля вытокаў адраджэння рэлігійнага жыцця ў Свіры і ваколіцах, і яго руплівага паслядоўніка, цяперашняга пробашча свірскай парафіі кс. Багуслава Маджэеўскага, які больш як за 20 гадоў адданага служэння ў Беларусі быў удастоены ганаровага тытулу каноніка Мінска-Магілёўскага архікатэдральнага капітула.

Пасля Імшы ў сваім дакладзе, які суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй, кс. Марцін Бжэшчыньскі пазнаёміў прысутных з дзейнасцю Місіянерскай ініцыятывы Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі. Беручы пад увагу патрэбы нашага часу і заклік папы Бэнэдыкта XVI, скіраваны да польскіх біскупаў: «З увагі на велізарныя патрэбы Паўсюднага Касцёла, прашу вас, каб вы заахвочвалі вашых прэзбітэраў да місіянерскага служэння або душпастырскай працы ў краінах, дзе не хапае духавенства», арцыбіскуп Хенрык Хозэр прыняў рашэнне заснаваць гэтую ініцыятыву.

Мэта Місіянерскай ініцыятывы: падтрымка місіянераў у рэалізацыі іх місіі; падтрымка дабрачыннай, грамадскай і культурнай дзейнасці на тэрыторыях місій; збор і распаўсюджванне інфармацыі пра дзейнасць місіянераў, а таксама развіццё місіянерскага духу ў дыяцэзіі.

Місіянерская ініцыятыва Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі рэалізуе свае мэты праз аказанне фінансавай, матэрыяльнай і арганізацыйнай дапамогі ў справе будаўніцтва касцёлаў, капліц і іншых месцаў культу і г.д.

Місіянерская ініцыятыва Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі дапамагае ў рэалізацыі праектаў, якія складаюць польскія місіянеры. Гэта праекты, скіраваныя на евангелізацыю (напр., рамонт і абсталяванне касцёлаў і капліц, набыццё літургічнага адзення і кніг, літургічнага начыння і г.д.), дабрачынныя праекты (напр., набыццё прадуктаў), адукацыйныя праекты (напр., абсталяванне школ і дзіцячых садкоў, набыццё кніг, сшыткаў і г.д.), а таксама медыцынскіх праектаў (набыццё лекаў і г.д.)

З праектам і дзейнасцю польскіх місіянераў змогуць бліжэй пазнаёміцца таксама святары і кансэкраваныя асобы Мінскай вобласці, якія ў чацвер 26 кастрычніка збяруцца ў Свіры на сваю штомесячную духоўную сустрэчу, а таксама ўсе жадаючыя — фотавыстава будзе знаходзіцца ў свірскім касцёле амаль да канца года.

Праект «Гуманізм місіянерскай ініцыятывы» накіраваны на тое, каб пазнаёміць вернікаў Беларусі і Украіны з дзейнасцю польскіх місіянераў. Праект арганізаваны Місіянерскай ініцыятывай Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі (адной з дзвюх дыяцэзій польскай сталіцы) сумесна з Міністэрствам замежных спраў Польшчы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа