Папа Францішак абвясціў, што ўвесь кастрычнік 2019 года будзе Надзвычайным місійным месяцам, што будзе спрыяць абуджэнню евангелізацыйнай дзейнасці Касцёла ad gentes.
Аб гэтым Пантыфік заявіў 22 кастрычніка на заканчэнне марыйнай малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Папа нагадаў, што сёння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны місійны дзень пад дэвізам «Місія ў цэнтры Касцёла».
«Я заклікаю ўсіх радасна перажываць місіі, сведчыць Евангелле ў асяроддзі, у якім кожны жыве і працуе. У той жа час мы пакліканы падтрымліваць любоўю і канкрэтнай дапамогай місіянераў, якія пайшлі прапаведаваць Хрыста тым, хто яшчэ Яго не ведае», — сказаў Пантыфік.
Сусветны місійны дзень у 1926 г. устанавіў папа Пій ХІ. У гэты дзень ва ўсіх парафіях свету збіраюцца ахвяраванні на душпастырскую дзейнасць святароў, манаскіх асобаў і свецкіх вернікаў, якія працуюць на місійных тэрыторыях.
Сёння ў свеце ў 97 краінах працуе больш за 350 тыс. місіянераў — мужчын і жанчын.