Як 10 лістапада паведаміў партал Catholicnews.by, супольнасць святароў св. Вінцэнта дэ Поля ў Бразіліі праінфармавала, што Бразільская дыяцэзія Понта Гросса (штат Парана) звярнулася ў Ватыкан з просьбай распачаць працэс беатыфікацыі ксяндза Вацлава Шуневіча СМ, вядомага як «ксёндз-лекар».
Вацлаў Шуневіч нарадзіўся 28 снежня 1892 года ў Глыбокім на тэрыторыі тагачаснай Віленскай губерні, у шляхецкім родзе Шуневічаў, прадстаўнікі якога з XVI стагоддзя жылі паміж Вільняй і Полацкам. Вацлаў быў сёмым і малодшым дзіцем Рамуальда Шуневіча і Паліны Цыбульскай.
У 1898 годзе сям’я пераехала ў Смаленск, дзе Вацлаў скончыў гімназію. Пазней ён вучыўся ў Маскве, дзе ў 1917 г. атрымаў дыплом лекара. Адразу пасля атрымання дыплому малады доктар быў прызваны ў армію і скіраваны на мінскі фронт. Вацлаў працаваў лекарам у шпіталі Чырвонага Крыжа ў Смаленску, а потым у дзяржаўным шпіталі ў Варонежы. Пасля таго, як скончылася Першая сусветная вайна, Вацлаў пераехаў у Вільню, дзе з 1922 па 1926 год працаваў у педыятрычнай клініцы Віленскага ўніверсітэта ў якасці лекара-асістэнта.
23 красавіка 1927 года ў Кракаве Вацлаў уступае ў Кангрэгацыю Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля (лазарыстаў).
8 верасня 1930 года прымае святарскае пасвячэнне і ў тым самым годзе скіроўваеца ў Кітай, у Сінтай (або Шунтэх-фу) у правінцыі Хэбэй, дзе польская правінцыя Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля распачала місійную дзейнасць.
Адразу пасля прыезду ў Кітай ён пачынае працаваць лекарам і выконваць місійную душпастырскую дзейнасць. Спачатку ён арганізаваў шпіталь на 19 ложкаў у Сінтаі, а праз некалькі гадоў у шпіталі налічвалася ўжо 100 ложкаў. У радыюсе 30–70 кіламетраў ад Сінтая ксёндз Вацлаў Шуневіч адкрывае 18 клінік і паспяхова імі кіруе. Ён рэгулярна наведваў усе клінікі, адну за другой, ездзячы на ровары.
Дзякуючы цудоўнай арганізацыі, кс. Вацлаў мог праводзіць у дзень па 35 афтальмалагічных працэдур. Штогод у тых медыцынскіх і тэхнічных умовах ён асабіста праводзіў каля 800 аперацый па выдаленні катаракты. Згодна з запісамі, толькі ў 1934 г. ва ўсіх медыцынскіх установах, падпарадкаваных кс. Вацлаву, было праведзена больш за 154 000 афтальмалагічных кансультацый і працэдур.
На знак вялікай пашаны і ўдзячнасці кс. Вацлава Шуневіча СМ прызначаюць генеральным дырэктарам усіх каталіцкіх клінік на поўначы Кітая.
Шпіталь у Сінтаі стаў месцам «паломніцтва» хворых з самых далёкіх куткоў краіны. Кітайскія афтальмолагі атрымлівалі адукацыю і набывалі вопыт пад кіраўніцтвам кс. Вацлава. Яго называлі Сюан Вэйрэн — «мужчына са срэбнай барадой».
У 1938 годзе ў Пекіне, у галоўнай клініцы каталіцкага ўніверсітэта, на працягу ўсяго трох месяцаў кс. Вацлаў змог адчыніць аддзяленне афтальмалогіі. Са снежня 1946 па люты 1949 года ён працаваў у Французcкім правінцыйным шпіталі сясцёр міласэрнасці ў Цяньдзіні, у Французскім шпіталі ў Пекіне і яшчэ адначасова ў двух шпіталях у Шанхаі.
З-за рэвалюцыі і прыйсця да ўлады камуністычнага рэжыму кс. Вацлаў быў вымушаны прыпыніць сваю місійную і медыцынскую дзейнасць. У 1949 годзе, як і ўсе польскія місіянеры, ён пакідае Кітай, але не вяртаецца ў камуністычную Польшчу. Праз Аўстралію ён накіроўваецца ў ЗША.
Як і іншыя польскія місіянеры св. Вінцэнта дэ Поля, кс. Вацлаў пераехаў у тагачасную польскую віцэ-правінцыю ў Ютыцы. Спачатку жыў пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Дэрбі, штат Канэктыкут, а пазней пераехаў у парафію святога Станіслава ў Нью-Хэйвэне, у тым самым штаце. У Нью-Хэйвэне знаходзіцца знакаміты Ельскі ўніверсітэт, дзе кс. Вацлаў распачаў навукова-дыдактычную працу на медыцынскім факультэце.
Святар-місіянер часта паўтараў, што навуковая праца — гэта толькі дадатак да місійнай і душпастырскай дзейнасці.
І менавіта таму пасля некалькіх месяцаў лекцый ва ўніверсітэце ён вырашае ехаць туды, дзе лічыў сябе больш патрэбным — у Бразілію.
У студзені 1952 года кс. Вацлаў пераязджае ў Курыцібу (Бразілія), у штат Парана. Спачатку ён нясе душпастырскае служэнне ў Мафра, а потым пераязджае ў Іраці, дзе праслужыў сем гадоў у парафіі святога Міхала да 16 кастрычніка 1963 года, да дня сваёй смерці. Працуючы ў Іраці, ён прысвяціў сябе галоўным чынам сацыяльнаму служэнню, заснаваўшы там клініку і бібліятэку, а таксама займаўся медыцынай у шпіталі Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля.
Да самай смерці кс. Вацлаў Шуневіч СМ быў практыкуючым афтальмолагам.
Валодаў сямю мовамі. Акрамя польскай мовы, ён размаўляў на рускай, лацінскай, паўночнакітайскай, англійскай, французскай і партугальскай мовах.
Як афтальмолаг і навуковец, ён быў вядомы як першы, хто правёў хірургічнае лячэнне астыгматызму рагавіцы і рэтынапатыі (паражэнне сятчаткі вока). Даследаванні, якія ён распачаў у Кітаі, пазней былі ім працягнуты ў Ельскім універсітэце, а яшчэ пазней у Мафра ў Бразіліі.
Рукапісы з вынікамі гэтых даследаванняў былі надрукаваныя толькі ў 1952 годзе, аднак яны ніколі не былі выдадзеныя пад імем ксяндза Вацлава. Нягледзячы на гэта, яго навуковыя дасягненні не згубілі свайго значэння і знайшлі прызнанне таксама ў Кітаі, дзе камуністычныя ўлады далі імя ксяндза Шуневіча афтальмагічнай клініцы ў Сінтаі.
У 1968 годзе гарадская рада ў Іраці (Бразілія) ушанавала кс. Вацлава Шуневіча СМ, назваўшы яго імем адну з вуліц і школу ў Вілла Рыа-Баніта.
З распачаццем працэсу беатыфікацыі кандыдат становіцца Слугою Божым. Пасля ўважлівага вывучэння жыцця і твораў Слугі Божага, а таксама прызнання факту ўчыненага праз яго заступніцтва цуду Святы Пасад можа абвясціць яго спачатку благаслаўлёным, а потым святым.