15 кастрычніка, у разгар Ружанцовага месяца і Надзвычайнага месяца місій, Сусветная сетка Папскай малітвы прадставіла новы спосаб заахвоціць моладзь да традыцыйнай малітвы — смарт-ружанец (Click To Pray eRosary). Новы рэлігійны гаджэт, спалучаны з аплетам для аператыўных сістэм Андроід i iOS, прызначаны перадусім для малітвы за мір ва ўсім свеце.
Як адзначаецца на партале малітвы са Святым Айцом Clicktopray.org, смарт-ружанец — гэта «разумная» інтэрактыўная электронная прылада, якая дзейнічае з дапамогаю аплету і прызначана для таго, каб навучыць маліцца на ружанцы і дапамагаць у гэтым пабожным практыкаванні. Яго можна насіць на руцэ як бранзалет.
Ружанец актывуецца, калі чалавек робіць знак крыжа.
Ён сінхранізаваны з бясплатным аплетам Click To Pray eRosary, якое дае доступ да аўдыёгіда, эксклюзіўных выяваў і персаналізаванага зместу па тэматыцы ружанцовай малітвы. Такім чынам, гэтая духоўная прапанова даступная ўсім.
Задуманы для таго, каб ахапіць лічбавую прастору — месца сустрэчы моладзі, — смарт-ружанец становіцца педагагічнай тэхналогіяй, якая дапамагае маладым людзям навучыцца ружанцовай малітве, маліцца за мір, сузіраць Евангелле і разважаць над ім.
Электронны ружанец спалучае ў сабе ўсё лепшае — багацце духоўнай традыцыі Касцёла і апошнія дасягненні высокіх тэхналогій.
Гаджэт-ружанец складаецца з дзесяці большых і дзесяці меншых пацерак, выкананых з гематыта і чорнага агата. На ім таксама змешчаны «разумны» крыжык, які запамінае ўсе дадзеныя, спалучаныя з аплетам. Пасля актывацыі смарт-ружанца вернік можа выбраць «рэжым малітвы»: звычайную ружанцовую малітву або спалучаную з сузіраннем ці разважаннем на розныя тэмы, якія рэгулярна абнаўляюцца. Кожны раз, калі чалавек пачынае маліцца, смарт-ружанец спадарожнічае яму ў малітоўным шляху таямніца за таямніцай і захоўвае ў памяці кожную асобную малітву.
Час для прэзентацыі «разумнага» ружанца быў выбраны невыпадкова.
Новы рэлігійны гаджэт прадставілі ў разгар Ружанцовага месяца, а таксама падчас Надзвычайнага месяца місій, які цяпер перажывае паўсюдны Касцёл. Як падкрэсліў папа Францішак, сэрца місіі Касцёла — гэта малітва.