Пошук

15.03.2018 17:00   Паводле: Agenzia Fides / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

13 сакавіка ў Рыме стартаваў міжнародны сімпозіум «Рэформы ў Касцёле, рэформа Касцёла», які адкрыў кардынал Фернандо Філоні, Вялікі канцлер Папскага Урбаніянскага ўніверсітэта і прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

«Не будзем забывацца, што гэта Святы Дух — Пан і Жыватворца — з’яўляецца той рухаючай сілай, якая няспынна вядзе Касцёл у пастаянным ачышчэнні і рэформе, каб ён заўсёды ішоў наперад, не даючы сябе стрымліваць цяжару гісторыка-культурных структур, якія ўжо аджылі сваё, і нязмушана кіраваў свае крокі на найбольш крутыя і цяжкія шляхі сённяшняга дня чалавечай сям’і»,

— сказаў кардынал Філоні, адкрываючы сімпозіум.

Вялікі канцлер Урбаніянскага ўніверсітэта падкрэсліў, што яго студэнты і выкладчыкі самі пад уплывам Святога Духа з’яўляюцца носьбітамі місіянерскага аднаўлення і пераўтварэння Касцёла. У гэтай навучальнай установе як быццам увасоблена імкненне розных народаў укараняць Евангелле ў свае культуры, каб яно жыло ў іх і іх уздымала. Гэта тое, што кардынал, які ў якасці Прэфекта місіянерскай кангрэгацыі наведвае розныя краіны і кантыненты, бачыць і вывучае.

Асабліва ва ўмовах эпахальных зменаў, калі па-над усім пануе дасягненне эканамічнага прагрэсу любым коштам, інкультурацыя Евангелля становіцца духоўнай гуманізацыяй розных культураў і спрыяе ўсебаковаму развіццю народаў.

Хрыстовы Касцёл жыве сваім паўсюдным місіянерскім пакліканнем, імкнучыся захоўваць вернасць пасланніцтву Хрыста «ісці па ўсім свеце» і «навучаць усе народы», слухаючы Святога Духа і ведучы дыялог з усімі.

Кардынал Філоні адзначыў, што мэта сімпозіуму ў тым, каб у адпаведнасці з намерам папы Францішка канкрэтызаваць «рэформу Касцёла ў яго місіянерскім выхадзе», каб ва ўсім Касцёле вызначыць кірунак новага этапу евангелізацыі.

Пад рэформай у Касцёле і рэформай Касцёла Папа не мае на ўвазе апартунісцкае адмаўленне ад гістарычна абумоўленых элементаў традыцыі Касцёла, а таксама допуск зменлівых і супярэчных павеваў рэлятывізму, секулярызму, звужэння, пагаджальніцтва і г.д., тэндэнцый, што ўзнікаюць са змешвання рэальнага свету з віртуальнай рэальнасцю. Пад эфектыўнай рэформай Касцёла ён якраз мае на ўвазе яго місіянерскую рэформу. Такая рэформа Касцёла вядзе да рэформаў у Касцёле.

Абноўлена 15.03.2018 18:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.