Пошук

22.04.2025 16:29   Тэкст: Марыя Валодзіна / Vatican News
Фотаздымак Папы Францішка ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ (Vincenzo Livieri)

Духоўны тэстамент Папы Францішка змяшчае ўказанні адносна яго пахавання ў Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Ён быў складзены 29 чэрвеня 2022 года ў Доме святой Марты.

Увечары 21 красавіка Зала Друку Святога Пасада апублікавала духоўны тэстамент Папы Францішка, у якім ён просіць Пана дараваць заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто любіў яго і працягвае маліцца аб ім, а таксама выказвае волю адносна месца свайго пахавання.

«Miserando atque Eligendo» гэтым лацінскім дэвізам распачынаецца запавет Папы, увесь пантыфікат якога прайшоў пад знакам міласэрнасці.

У тэксце на італьянскай мове Францішак напісаў: «У імя Найсвяцейшай Тройцы. Амэн. Адчуваючы, што маё зямное жыццё набліжаецца да заходу, і з жывой надзеяй на жыццё вечнае, жадаю выказаць сваю тэстаментарную волю толькі адносна месца майго пахавання.

Сваё жыццё і святарскае і біскупскае служэнне я заўсёды давяраў Маці нашага Пана, Найсвяцейшай Марыі. Таму прашу, каб мае зямныя парэшткі спачывалі ў чаканні дня ўваскрасення ў Папскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.Жадаю, каб маё апошняе зямное падарожжа завяршылася менавіта ў гэтым старажытным марыйным санктуарыі, куды я накіроўваўся для малітвы на пачатку і ў канцы кожнага апостальскага падарожжа, давяраючы свае намеры Беззаганнай Маці і дзякуючы Ёй за Яе лагодную і мацярынскую апеку.

Прашу, каб мая магіла была падрыхтавана ў нішы бакавой навы паміж Капэлай Паоліна (Капэлай Salus Populi Romani) і Капэлай Сфорца вышэйзгаданай Папскай базілікі, як паказана ў прыкладаемым дадатку.

Магіла павінна быць у зямлі; простая, без асаблівых упрыгожанняў і з адзіным надпісам: Franciscus.

Выдаткі на падрыхтоўку пахавання будуць пакрыты з сумы ахвяравання, якую я даручыў перавесці ў Папскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ. Указанні адносна гэтага я перадаў мансіньёру Раландасу Макрыцкасу, надзвычайнаму камісару Ліберыянскага Капітула.

Няхай Пан даруе заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто мяне любіў і працягвае маліцца за мяне. Пакуты, якія азначылі апошні перыяд майго жыцця, я ахвярую Пану за мір у свеце і братэрства паміж народамі».

Абноўлена 22.04.2025 23:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця