Пошук

17.06.2026 21:35   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

16 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) прайшла святая Імша ў інтэнцыі ксяндза Яна Сарэлы ў трыццаты дзень пасля яго смерці. Парафія ў Тракелях з’яўляецца роднай для ксяндза Яна.

Як падае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, літургію цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У ёй удзельнічалі блізкія спачылага, парафіяне, шматлікае духавенства, а таксама студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На Імшы маліліся аб дары вечнага жыцця для спачылага.

Духавенства і парафіяне адзначаюць, што ў іх памяці ксёндз Ян застаўся як добры пастыр, чалавек малітвы, спакойнага сэрца і вялікай асабістай культуры, які ніколі не імкнуўся да зямной хвалы, а проста, ціха і верна служыў Богу і людзям там, куды яго пасылаў Касцёл.

У гаміліі біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне ксёндз канонік доктар Віталій Сідорка, разважаючы над біблійнымі падставамі хрысціянскай традыцыі малітвы за памерлых, звярнуў увагу, што смутак, які суправаджае развітанне з блізкім чалавекам, хоць і з’яўляецца натуральным праяўленнем любові, не павінен засланяць хрысціянскай надзеі. Па словах святара, веруючыя пакліканы глядзець далей за межы зямнога жыцця — да радасці сустрэчы з Богам у Яго доме ў вечнасці.

Ксёндз Віталій дадаў, што найлепшае сведчанне памяці пра памерлых не толькі малітва, але і вернасць у выкананні штодзённых абавязкаў, руплівае служэнне Богу і людзям, а таксама жыццё, напоўненае надзеяй на ўваскрасенне. «Менавіта такой паставы чакаў бы ад нас ксёндз Ян», сказаў святар.

У канцы Эўхарыстыі біскуп падзякаваў прысутным за ўдзел і падкрэсліў, што адыход кожнага святара ў вечнасць павінен нагадваць аб тым, як патрэбны Касцёлу людзі, якія выбіраюць шлях святарства адважваюцца пакінуць усё і пайсці за Хрыстом.

Пасля Імшы ўдзельнікі памаліліся на магіле ксяндза Яна на мясцовых могілках.

Ксёндз Ян Сарэла нарадзіўся 28 жніўня 1975 г., паходзіў з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 3 чэрвеня 2000 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Быў пробашчам парафій святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) і святога Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат), адказным мадэратарам за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, мадэратарам апостальскага руху «Маргарытка».

Шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Адышоў у вечнасць пасля цяжкай хваробы 15 мая.

Абноўлена 17.06.2026 23:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця