Пошук

Пятніца, 30 кастрычніка 2009
Чацвер, 29 кастрычніка 2009
Чацвер, 22 кастрычніка 2009
Серада, 14 кастрычніка 2009
Нядзеля, 11 кастрычніка 2009
Чацвер, 8 кастрычніка 2009
Нядзеля, 4 кастрычніка 2009
Пятніца, 2 кастрычніка 2009
Пятніца, 25 верасня 2009
Пятніца, 18 верасня 2009
Аўторак, 15 верасня 2009
15.09.2009 19:24
І. Пасвячэнне 1. Праз пасвячэнне некаторыя верныя Хрыстовы імем Хрыста ўстанаўліваюцца і атрымліваюць дар Духа Святога, каб жывіць Касцёл словам і Божай ласкай 1 . 2. «Хрыстус, якога Айцец асвяціў і паслаў у свет (Ян 10, 36), праз сваіх Апосталаў учыніў удзельнікамі свайго пасвячэння і місіі іхніх наступнікаў, гэта значыць біскупаў, якія правамоцна перадалі абавязак свайго служэння на розных ступенях розным асобам у Касцёле. Так касцёльнае служэнне, устаноўленае Богам, здзяйсняецца на розных ступенях тымі, каго са старадаўніх часоў называюць біскупамі, прэзбітэрамі і дыяканамі» 2 . 3. Біскупы, «надзеленыя паўнатою сакрамэнту пасвячэння» 3 , праз Духа Святога, які дадзены ім у пасвячэнні, «сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, святарамі і пастырамі» 4 , і ў гэтай якасці стаяць на чале статку Пана ў асобе Хрыста, яго Галавы. 4. «Прэзбітэры, хоць і не маюць паўнаты святарства і ў выкананні сваёй улады залежаць ад біскупаў, з’яднаныя, аднак, з імі ў святарскай годнасці і моцаю сакрамэнту пасвячэння, на падабенства Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара, пасвячаюцца, каб абвяшчаць Евангелле, быць пастырамі верных і здзяйсняць Божае служэнне як сапраўдныя святары Новага Запавету» 5 . 5. На дыяканаў «ускладаюцца рукі не для святарства, а для служэння. Умацаваныя сакрамэнтальнай ласкай, у супольнасці з біскупам і яго прэзбітэрыем яны служаць народу Божаму ў служэнні літургіі, слова і любові» 6 . 6. Пасвячэнне ўдзяляецца праз ускладанне рук біскупа і малітву, у якой ён благаслаўляе Бога і просіць дару Духа Святога для спаўнення служэння 7 . З традыцыі, якая выяўляецца асабліва ў літургічных абрадах і практыцы як Усходняга, так і Заходняга Касцёла, добра відаць, што праз ускладанне рук і малітву пасвячэння ўдзяляецца дар Духа Святога і адбіваецца святы знак так, што біскупы, прэзбітэры і дыяканы, кожны па-свойму, становяцца падобнымі да Хрыста 8 . ІІ. Парадак цэлебрацыі пасвячэння 7. Ускладанне рук і кансэкрацыйная малітва – гэта істотны элемент кожнага пасвячэння; пры гэтым сама малітва благаслаўлення і просьбы выяўляюць значэнне ўскладання рук. Паколькі гэтыя абрады з’яўляюцца цэнтрам пасвячэння, яны павінны тлумачыцца ў катэхезе і раскрывацца ў самой літургіі. Падчас ускладання рук вернікі ў маўчанні моляцца, а ў малітве ўдзельнічаюць, слухаючы і пацвярджаючы яе заключнай акламацыяй. 8. Вялікае значэнне ў літургіі пасвячэння маюць падрыхтоўчыя абрады, а менавіта: прадстаўленне выбранага альбо выбар кандыдатаў, гамілія, абяцанне выбраных і літанія з просьбамі, але перш за ўсё, розныя для розных ступеняў пасвячэння дапаўняльныя абрады, у якіх указваюцца абавязкі, даручаныя праз ускладанне рук і закліканне Духа Святога. 9. Пасвячэнні павінны адбывацца падчас урачыстых Імшаў, у якіх, асабліва ў нядзелю, бяруць чынны ўдзел вернікі, сабраныя «перад адным алтаром на чале з біскупам, якога атачаюць яго прэзбітэры і прыслугоўваючыя» 9 . Такім чынам асаблівае праяўленне Касцёла і ўдзяленне пасвячэнняў яднаюцца з эўхарыстычнай Ахвярай, якая з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю ўсяго хрысціянскага жыцця 10 . 10. Унутраная сувязь самога пасвячэння з цэлебрацыяй Імшы выяўляецца не толькі праз увядзенне саміх абрадаў і праз адпаведныя формулы ў эўхарыстычнай малітве і ў благаслаўленні на заканчэнне, але таксама, з захаваннем неабходных прадпісанняў, праз выбар чытанняў і ўжыванне спецыяльнага фармуляра абрадавай Імшы, адпаведна ступені пасвячэння. ІІІ. Дастасаванні да розных рэгіёнаў і акалічнасцяў 11. Канферэнцыі Біскупаў маюць права дастасоўваць абрады пасвячэння біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў да патрэбаў асобных рэгіёнаў, каб пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай ужываць іх у адпаведных рэгіёнах. У гэтай справе Канферэнцыі Біскупаў, беручы пад увагу мясцовыя акалічнасці, а таксама характар і традыцыі розных народаў, могуць: а) вызначыць форму, у якой супольнасць, адпаведна з мясцовым звычаем, дае згоду на выбранне кандыдатаў (у пасвячэнні біскупа: №№ 38 і 74; у пасвячэнні прэзбітэраў: №№ 122, 150, 266, 307; у пасвячэнні дыяканаў: №№ 198, 226, 264, 305); б) пастанавіць, каб да пытанняў перад пасвячэннем, прадугледжаных у абрадзе, былі, у залежнасці ад абставінаў, дададзены іншыя (у пасвячэнні біскупа: №№ 40 і 76; у пасвячэнні прэзбітэраў: №№ 124, 152, 270, 311; у пасвячэнні дыяканаў: №№ 200, 228, 268, 309); в) вызначыць форму, у якой выбраныя для пасвячэння ў дыяканы і прэзбітэры абяцаюць пашану і паслухмянасць ( №№ 125, 153, 201, 228, 269, 271, 310, 312); г) устанавіць, каб намер прыняць абавязак цэлібату (у пасвячэнні дыяканаў: №№ 200, 228, 268, 309) быў выяўлены не толькі ў адказе на адпаведнае пытанне, а таксама і ў пэўнай знешняй форме; д) зацвердзіць некаторыя песні, якія могуць выконвацца замест тых, якія падаюцца ў гэтай кнізе; е) прапанаваць Апостальскай Сталіцы іншыя дастасаванні абрадаў, якія б маглі быць уведзеныя з яе згоды. Аднак не можа быць прапушчана ўскладанне рук; малітва пасвячэння не можа скарачацца альбо замяняцца іншымі тэкстамі на выбар. Павінны захоўвацца агульная структура абраду і ўласны характар кожнага элемента. q Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 11. Тамсама, № 28. Тамсама, № 26. Conc. Vat. II, Decr. de Pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, № 2. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 28. Тамсама, № 29. Пар. Pius XII, Const. Apost. Sacramentum Ordinis: A.A.S. 40 (1948) 5-7; Paulus VI, Const. Apost. Pontificalis Romani recognitio; CIC can. 1009 § 2. Пар. Paulus VI, Const. Apost. Pontificalis Romani recognitio. Conc. Vat. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, № 41. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 11.
15.09.2009 19:10
УВОДЗІНЫ І. Значэнне пасвячэння 101. У пасвячэнні прэзбітэрам удзяляецца той сакрамэнт, у якім “праз намашчэнне Духа Святога яны пазначаюцца асаблівым знакам і прыпадабняюцца да Хрыста такім чынам, што могуць дзейнічаць у асобе Хрыста Галавы” 1 . Прэзбітэры бяруць удзел у святарстве і місіі біскупа. Як руплівыя супрацоўнікі біскупскага стану, яны пакліканыя да служэння народу Божаму і разам са сваім біскупам утвараюць адзін прэзбітэрый, прызначаны для выканання розных абавязкаў 2 . 102. Адпаведна сваёй ступені служэння яны ўдзельнічаюць у місіі Хрыста, адзінага Пасрэдніка (1 Цім 2, 5) і абвяшчаюць усім Божае слова. Свой святы абавязак яны выконваюць перш за ўсё ў цэлебрацыі Эўхарыстыі. Для вернікаў, якія каюцца, яны выконваюць абавязак паяднання, для хворых – умацавання, і заносяць да Бога Айца патрэбы і малітвы верных (пар. Гбр 5, 1-4). Здзяйсняючы згодна з дадзенай ім уладаю служэнне Хрыста Пастыра і Галавы, яны збіраюць Божую сям’ю, ажыўленую братняй любоўю, і праз Хрыста ў Духу Святым прыводзяць яе да Бога Айца. Сярод статку яны пакланяюцца Яму ў Духу і праўдзе (пар. Ян 4, 24). Нарэшце, яны працуюць у слове і ў вучэнні (пар. 1 Цім 5, 17); вераць у тое, што чыталі ў законе Пана, разважаючы над ім; навучаюць таму, у што паверылі; трымаюцца таго, чаму навучалі 3 . ІІ. Абавязкі і паслугі 103. Усе вернікі дыяцэзіі павінны маліцца за кандыдатаў да прэзбітэрату, асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў. 104. Паколькі прэзбітэр устанаўліваецца для ўсяго мясцовага Касцёла, на пасвячэнне прэзбітэраў неабходна запрашаць духавенства ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх удзельнічала ў цэлебрацыі. Перш за ўсё належыць запрасіць на цэлебрацыю пасвячэння ўсіх прэзбітэраў дыяцэзіі. 105. Цэлебрантам пасвячэння з’яўляецца біскуп 4 . Належыць, каб пасвячэнне дыякана ў прэзбітэры здзяйсняў дыяцэзіяльны біскуп. Прэзбітэры, прысутныя на цэлебрацыі пасвячэння, разам з біскупам ускладаюць на кандыдата рукі “дзеля супольнасці і адзінства духа святарства” 5 . 106. Адзін з памочнікаў біскупа, адказных за падрыхтоўку кандыдатаў, на цэлебрацыі пасвячэння просіць ад імя Касцёла ўдзяліць пасвячэнне і адказвае на пытанне пра годнасць кандыдатаў. Дапамагаюць таксама некаторыя з прэзбітэраў, якія апранаюць на пасвячаных святарскія шаты. Прыстутныя прэзбітэры па магчымасці вітаюць новапасвячаных братоў пацалункам на знак прыняцця іх у стан прэзбітэраў і разам з біскупам і пасвячанымі канцэлебруюць эўхарыстычную літургію. ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння 107. Належыць, каб мясцовы Касцёл, у якім будуць служыць пасвячаныя прэзбітэры, быў падрыхтаваны да цэлебрацыі пасвячэння. Самі кандыдаты павінны рыхтавацца да пасвячэння праз малітву ў маўчанні, удзельнічаючы на працягу прынамсі пяці дзён у рэкалекцыях. 108. Цэлебрацыя павінна адбывацца ў катэдральным касцёле альбо ў касцёлах тых супольнасцяў, з якіх паходзіць адзін ці некаторыя з кандыдатаў, альбо ў іншым больш значным касцёле. Калі тыя, хто прымае пасвячэнне прэзбітэрату, належаць да пэўнай супольнасці законнікаў, пасвячэнне можа адбывацца ў касцёле гэтай супольнасці, у якой яны будуць здзяйсняць сваё служэнне. 109. Пасвячэнне павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў. 110. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй. Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту, Велікоднага перыяду і дзён у актаве Пасхі. У гэтыя дні цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі. Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы. Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія. 111. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл просіць біскупа пасвяціць кандыдатаў. Упаўнаважаны на гэта прэзбітэр на пытанне біскупа публічна паведамляе, што ў дачыненні да кандыдатаў няма сумненняў. Кандыдаты перад біскупам і ўсімі вернымі выказваюць намер выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла пад кіраўніцтвам біскупа. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для кандыдатаў. 112. Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння кандыдатам удзяляецца дар Духа Святога для выканання прэзбітэрскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: “Просім Цябе, усемагутны Ойча, дай гэтым слугам Тваім годнасць прэзбітэра; аднаві ў іх сэрцах Духа святасці; няхай яны верна выконваюць абавязак святарскага служэння другой ступені, прыняты ад Цябе, Божа, і прыкладам свайго жыцця спрыяюць выпраўленню звычаяў”. Разам з біскупам прэзбітэры ўскладаюць рукі на кандыдатаў, каб гэтым засведчыць іх прыняцце ў стан прэзбітэраў. 113. Непасрэдна пасля малітвы пасвячэння пасвячаныя надзяваюць на сябе прэзбітэрскую стулу і арнат, што з’яўляецца знешнім знакам іх служэння, якое з гэтага часу яны будуць здзяйсняць у літургіі. Гэтае служэнне больш поўна выяўляюць таксама іншыя знакі: намашчэнне рук азначае асаблівы ўдзел прэзбітэраў у святарстве Хрыста, уручэнне ім хлеба і віна паказвае на абавязак кіравання цэлебрацыяй Эўхарыстыі і наследавання ўкрыжаванага Хрыста. Пацалунак біскупа – гэта нібы пячаць, што пацвярджае прыняцце іх у яго служэнне. Прэзбітэры пацалункам вітаюць пасвячаных, якія яднаюцца з імі ў супольным служэнні прэзбітэрскага стану. 114. У эўхарыстычнай літургіі пасвячаныя першы раз выконваюць сваё служэнне, канцэлебруючы яе з біскупам і з іншымі членамі прэзбітэрыя. Новапасвячаныя прэзбітэры займаюць першае месца. IV. Што неабходна падрыхтаваць 115. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць: а) кнігу з абрадамі пасвячэння; б) арнаты для кожнага з прымаючых пасвячэнне; в) палатняны грэміял; г) святое хрызма; д) усё, што патрэбна для абмывання рук як біскупа, так і пасвячаных. 116. Пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, пасад для біскупа рыхтуецца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы. Месцы для прымаючых пасвячэнне размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне. 117. Біскуп і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць адпаведнае літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы. Тыя, хто прымае пасвячэнне, апранаюць гумерал, альбу, пас і дыяканскую стулу. Прэзбітэры, якія ўскладаюць рукі на прымаючых пасвячэнне, але не канцэлебруюць, апранаюць альбу і стулу альбо комжу і стулу паверх сутаны. Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне. q Conc. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, 2. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 28. Пар. тамсама. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 26. Hippolytus, Traditio Apostolica, 8.
15.09.2009 18:59
УВОДЗІНЫ І. Значэнне пасвячэння 173. Праз ускладанне рук, якое было перададзенае Апосталамі, пасвячаюцца дыяканы, каб дзякуючы сакрамэнтальнай ласцы яны дзейсна спаўнялі сваё служэнне. Таму ўжо ад даўніх апостальскіх часоў каталіцкі Касцёл мае ў вялікай пашане святы стан дыяканату 1 . 174. «Дыякан, з даручэння кампетэнтнай улады, можа ўрачыста ўдзяляць хрост, захоўваць і раздаваць Эўхарыстыю, ад імя Касцёла дапамагаць пры ўдзяленні сужэнства і благаслаўляць яго, удзяляць Віятык паміраючым, чытаць Святое Пісанне верным, настаўляць і заахвочваць народ, кіраваць набажэнствам і малітваю верных, здзяйсняць сакрамэнталіі, кіраваць абрадам жалобы і пахавання. Дыяканы, якія прысвячаюць сябе абавязкам любові і служэння, павінны памятаць словы св. Палікарпа: “Міласэрныя, старанныя, якія паступаюць згодна з праўдаю Пана, які стаў слугою ўсіх”» 2 . 175. Тыя, каго пасвячаюць у дыяканы, за выключэннем асобаў, якія праз шлюбы ўвайшлі ў інстытут кансэкраванага жыцця духавенства, павінны быць прынятыя біскупам у лік кандыдатаў 3 . 176. Праз дыяканскае пасвячэнне адбываецца ўступленне ў духоўны стан і інкардынацыя ў пэўнай дыяцэзіі ці персанальнай прэлатуры. 177. Праз добраахвотнае прыняцце цэлібату перад абліччам Касцёла кандыдаты да дыяканату па-новаму пасвячаюцца Хрысту. Публічна выявіць гэта абавязаныя таксама тыя, хто склаў шлюб вечнай чыстасці ў інстытуце кансэкраванага жыцця. 178. У цэлебрацыі пасвячэння дыяканам давяраецца абавязак Касцёла, які праслаўляе Бога і моліць Хрыста, а праз яго – Айца за збаўленне ўсяго свету. Таму дыяканы цэлебруюць Літургію гадзінаў за ўвесь народ Божы і нават за ўсіх людзей. ІІ. Абавязкі і паслугі 179. Усе вернікі дыяцэзіі павінны маліцца за кандыдатаў у дыяканы, асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў. Паколькі дыяканы “пасвячаюцца для прыслугоўвання біскупу” 4 , на іх пасвячэнне трэба запрашаць духоўных асобаў ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх удзельнічала ў цэлебрацыі. Перш за ўсё належыць запрасіць на цэлебрацыю пасвячэння ўсіх дыяканаў дыяцэзіі. 180. Цэлебрантам пасвячэння з’яўляецца біскуп. Адзін з памочнікаў біскупа, адказных за падрыхтоўку кандыдатаў, на цэлебрацыі пасвячэння просіць ад імя Касцёла ўдзяліць пасвячэнне і адказвае на пытанне пра годнасць кандыдатаў. У цэлебрацыі пасвячэння бяруць удзел дыяканы, якія апранаюць на пасвячаных дыяканскія шаты. Калі дыяканаў няма, гэта могуць зрабіць іншыя прыслугоўваючыя. Дыяканы, ці некаторыя з іх, вітаюць новапасвячаных братоў пацалункам на знак прыняцця іх у дыяканат. ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння 181. Належыць, каб мясцовы Касцёл, у якім будуць служыць пасвячаныя дыяканы, быў падрыхтаваны да цэлебрацыі пасвячэння. Самі кандыдаты павінны рыхтавацца да пасвячэння праз малітву ў маўчанні, удзельнічаючы на працягу прынамсі пяці дзён у рэкалекцыях. 182. Цэлебрацыя пасвячэння павінна адбывацца ў катэдральным касцёле альбо ў касцёлах тых супольнасцяў, з якіх паходзіць адзін ці некаторыя з кандыдатаў, альбо ў іншым больш значным касцёле. Калі тыя, хто прымае пасвячэнне дыяканату, належаць да пэўнай супольнасці законнікаў, пасвячэнне можа адбывацца ў касцёле гэтай супольнасці, у якой яны будуць здзяйсняць сваё служэнне. 183. Паколькі дыяканат адзіны, належыць, каб на цэлебрацыі пасвячэння не рабілася ніякага адрознення паміж кандыдатамі з увагі на іх становішча. Але, паводле абставінаў, можна дапусціць асобную цэлебрацыю для дыяканаў жанатых і нежанатых. 184. Пасвячэнне павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў. 185. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй. Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту, Велікоднага перыяду і дзён у актаве Пасхі. У гэтыя дні цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі. Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы. Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія. 186. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл просіць біскупа пасвяціць кандыдатаў. Упаўнаважаны на гэта прэзбітэр на пытанне біскупа публічна паведамляе, што ў дачыненні да кандыдатаў няма сумненняў. Кандыдаты перад біскупам і ўсімі вернымі выказваюць намер выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла пад кіраўніцтвам біскупа. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для кандыдатаў. 187. Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння кандыдатам удзяляецца дар Духа Святога для выканання дыяканскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: “Спашлі на іх, просім Цябе, Пане, Духа Святога, каб умацаваў іх семярычным дарам Тваёй ласкі для вернага выканання абавязку служэння”. 188. Непасрэдна пасля малітвы пасвячэння пасвячаныя надзяваюць на сябе дыяканскую стулу і далматыку, што з’яўляецца знешнім знакам іх служэння, якое з гэтага часу яны будуць здзяйсняць у літургіі. Уручэнне кнігі Евангелля ўказвае на абавязак дыяканаў абвяшчаць Евангелле на літургічных цэлебрацыях і прапаведаваць словам і чынам веру Касцёла. Пацалунак біскупа – гэта нібы пячаць, што пацвярджае прыняцце іх у яго служэнне. Дыяканы пацалункам вітаюць пасвячаных, якія яднаюцца з імі ў супольным служэнні дыяканскага стану. 189. У эўхарыстычнай літургіі пасвячаныя першы раз выконваюць сваё служэнне, дапамагаючы біскупу, рыхтуючы алтар, удзяляючы верным Камунію, а асабліва служачы пры келіху і прамаўляючы заклікі. ІV. Што неабходна падрыхтаваць 190. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць: а) кнігу з абрадамі пасвячэння; б) стулы і далматыкі для кожнага з прымаючых пасвячэнне. 191. Пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, пасад для біскупа рыхтуецца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы. Месцы для прымаючых пасвячэнне размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне. 192. Біскуп і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць адпаведнае літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы. Тыя, хто прымае пасвячэнне, апранаюць гумерал, альбу і пас. Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне. й Пар. Paulus VI, Litt. apost. Sacrum diaconatus Ordinem, 18 Iunii 1967: A.A.S. 59 (1967) 697-704. Conc. Vat.  II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 29. Пар. Paulus VI, Litt. apost. Ad pascendum, № I: A.A.S. 64 (1972) 538; CIC, can. 1034. Hippolytus, Traditio Apostolica, 8.
Пятніца, 11 верасня 2009
Чацвер, 10 верасня 2009
10.09.2009 22:11
УВОДЗІНЫ І. Значэнне пасвячэння 12. Моцаю біскупскага пасвячэння і праз іерархічную еднасць з Галавой і членамі Калегіі, выбраны становіцца членам біскупскай супольнасці. Стан біскупаў мае пераемнасць ад апостальскай калегіі ў настаўніцтве і пастырскім кіраванні, і ў ім працягвае існаваць супольнасць Апосталаў 11 . Біскупы «як наступнікі Апосталаў атрымліваюць ад Пана, якому дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі, місію навучання ўсіх народаў і абвяшчэння Евангелля кожнаму стварэнню, каб усе людзі праз веру, хрост і спаўненне запаведзяў дасягнулі збаўлення (пар. Мц 28, 18)» 12 . Калегія біскупаў, сабраная пад кіраўніцтвам адзінага галавы – Рымскага Пантыфіка, наступніка Пятра, выяўляе адзінства, разнастайнасць і ўсеагульнасць Хрыстовага статку 13 . 13. Асобныя біскупы, якія стаяць на чале мясцовых Касцёлаў, здзяйсняюць сваё пастырскае кіраванне над даручанаю ім часткаю народу Божага 14 ; яны з’яўляюцца бачным пачаткам і падмуркам адзінства ў гэтых мясцовых Касцёлах, сфармаваных на падабенства ўсеагульнага Касцёла, у якіх існуе і з якіх складаецца каталіцкі Касцёл 15 . 14. Сярод галоўных абавязкаў біскупаў асабліва вылучаецца абвяшчэнне Евангелля, бо біскупы з’яўляюцца веснікамі веры, якія прыводзяць да Хрыста новых вучняў, і сапраўднымі настаўнікамі, якія абвяшчаюць даручанаму ім народу праўду, у якую належыць верыць і згодна з якой трэба жыць 16 . Праз служэнне слова яны перадаюць вернікам моц Бога дзеля іхняга збаўлення (пар. Рым 1, 16), а праз сакрамэнты асвячаюць верных: кіруюць удзяленнем хросту, з’яўляюцца першаснымі служыцелямі канфірмацыі, распарадчыкамі пасвячэнняў, кіраўнікамі пакаяльнай дысцыпліны. Надзеленыя паўнатою сакрамэнту пасвячэння, яны з’яўляюцца «эканомамі ласкі найвышэйшага святарства», асабліва ў Эўхарыстыі, якую самі ахвяруюць альбо дбаюць, каб яна ахвяроўвалася. Яны кіруюць кожнай правамоцнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, бо ў кожнай супольнасці алтара, дзякуючы святому служэнню біскупа, выяўляецца сімвал любові і адзінства Містычнага цела 17 . ІІ. Абавязкі і паслугі 15. Абавязак усіх верных – маліцца за абранне для іх біскупа і за абранага біскупа. Гэта павінна адбывацца асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў. Паколькі біскуп устанаўліваецца для ўсяго мясцовага Касцёла, на яго пасвячэнне неабходна запрашаць духавенства ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх ўдзельнічала ў цэлебрацыі. 16. Згодна са старажытнай традыцыяй разам з галоўным пасвячаючым біскупам у цэлебрацыі пасвячэння павінны ўдзельнічаць яшчэ прынамсі два біскупы. Таму вельмі пажадана, каб усе прысутныя біскупы бралі ўдзел ва ўзвядзенні новаабранага ў найвышэйшае святарскае служэнне 18 , ускладаючы на яго рукі, прамаўляючы вызначаную частку малітвы пасвячэння і вітаючы яго пацалункам. Такім чынам у пасвячэнні кожнага біскупа выяўляецца калегіяльны характар біскупскага стану. Згодна са звычаем мітрапаліт пасвячае біскупа суфрагана, а мясцовы біскуп – дапаможнага біскупа. Галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння, у якой благаслаўляе Бога і заклікае Духа Святога. 17. На цэлебрацыі пасвячэння выбранаму асістуюць два прэзбітэры дыяцэзіі, для якой ён пасвячаецца: адзін з іх ад імя мясцовага Касцёла просіць галоўнага пасвячаючага біскупа ўдзяліць выбранаму пасвячэнне. Разам з біскупам, пасвячаным на гэтай цэлебрацыі, і з іншымі біскупамі гэтыя два прэзбітэры, і, наколькі магчыма, таксама іншыя прэзбітэры, асабліва з гэтай жа дыяцэзіі, канцэлебруюць эўхарыстычную літургію. 18.  Два дыяканы трымаюць над галавой выбранага кнігу Евангелля ў той час, калі прамаўляецца малітва пасвячэння. ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння 19. Выбраны перад пасвячэннем павінен у адпаведны час удзельнічаць у рэкалекцыях. 20. Належыць, каб усе супольнасці дыяцэзіі, для якой пасвячаецца біскуп, былі адпаведным чынам падрыхтаваныя да цэлебрацыі пасвячэння. 21. Біскуп, які ставіцца на чале пэўнай дыяцэзіі, павінен прымаць пасвячэнне ў катэдральным касцёле. Дапаможныя біскупы, якія пасвячаюцца для служэння ў пэўнай дыяцэзіі, таксама павінны пасвячацца ў катэдральным касцёле альбо ў іншым больш значным касцёле дыяцэзіі. 22. Пасвячэнне біскупа павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, асабліва ў святы Апосталаў, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў. 23. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй. Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, дзён актавы Пасхі і святаў Апосталаў. Калі прыпадаюць гэтыя дні, цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі. Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы. Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія. 24. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл вуснамі аднаго са сваіх прэзбітэраў просіць галоўнага пасвячаючага біскупа пасвяціць выбранага. Выбраны перад біскупамі і ўсімі вернікамі выказвае жаданне выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла ў еднасці з біскупскім станам пад уладаю наступніка святога апостала Пятра. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для выбранага. 25. Праз ускладанне рук біскупаў і малітву пасвячэння выбранаму ўдзяляецца дар Духа Святога для выканання  біскупскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: «А цяпер спашлі на гэтага выбранага тую моц, якая паходзіць ад Цябе, – Духа Найвышэйшага, якога Ты даў Твайму ўмілаванаму Сыну Езусу Хрысту і якога Ён даў святым Апосталам, каб яны ў розных месцах устанавілі Касцёл як Тваю святыню на хвалу і няспыннае праслаўленне імя Твайго». Галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння ад імя ўсіх прысутных біскупаў; словы, якія адносяцца да сутнасці пасвячэння, прамаўляюць усе біскупы, якія разам з галоўным пасвячаючым біскупам ускладаюць рукі на выбранага. Гэтыя словы належыць прамаўляць так, каб выразна быў чутны голас галоўнага пасвячаючага біскупа, а іншыя біскупы гавораць іх сцішаным голасам. 26. Ускладанне кнігі Евангелля на галаву прымаючага пасвячэнне падчас малітвы пасвячэння, а таксама ўручэнне кнігі пасвячанаму азначае вернае абвяшчэнне слова Божага як галоўнага абавязку біскупа. Намашчэнне галавы азначае асаблівы ўдзел біскупа ў святарстве Хрыста. Уручэнне персценя сімвалізуе вернасць біскупа Касцёлу – абранніцы Бога; ускладанне мітры – імкненне да святасці; уручэнне пастарала – абавязак кіравання даручаным яму Касцёлам. Пацалунак, які прымае пасвячаны ад галоўнага пасвячаючага біскупа і ад усіх біскупаў, з’яўляецца нібы пячаццю, што зацвярджае яго прыняцце ў Калегію біскупаў. 27. Вельмі пажадана, каб біскуп, калі ён прымае пасвячэнне на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, кіраваў канцэлебрацыяй эўхарыстычнай літургіі. Калі ж пасвячэнне адбываецца ў іншай дыяцэзіі, кіруе канцэлебрацыяй галоўны пасвячаючы біскуп. У гэтым выпадку першае месца сярод канцэлебрантаў займае новапасвячаны біскуп. IV. Што неабходна падрыхтаваць 28. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць: а) кнігу з абрадамі пасвячэння; б) тэксты малітвы пасвячэння для пасвячаючых біскупаў; в) палатняны грэміял; г) святое хрызма; д) усё, што патрэбна для абмывання рук; е) персцень, пастарал, мітру для выбранага і, калі неабходна, палій. Гэтыя адзнакі, за выключэннем палія, не трэба папярэдне асвячаць, паколькі яны ўручаюцца ў самім абрадзе пасвячэння. 29. Апрача катэдры галоўнага пасвячаючага біскупа належыць падрыхтаваць месцы для пасвячаючых біскупаў, для выбранага і для прэзбітэраў наступным чынам: а) падчас літургіі слова галоўны пасвячаючы біскуп сядзіць на катэдры, іншыя пасвячаючыя біскупы – каля катэдры, з двух бакоў; выбраны – у адпаведным месцы ў прэзбітэрыі сярод прэзбітэраў, якія яму асістуюць; б) пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак, калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, месцы для галоўнага пасвячаючага біскупа ды іншых пасвячаючых біскупаў рыхтуюцца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы; для выбранага і асістуючых яму прэзбітэраў месцы размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне. 30. Галоўны пасвячаючы біскуп, а таксама біскупы і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы. Галоўны пасвячаючы біскуп можа пад арнат апрануць далматыку. Выбраны апранае ўсе святарскія шаты, а таксама нагрудны крыж і далматыку. Пасвячаючыя біскупы, якія не канцэлебруюць, апранаюць альбу, нагрудны крыж, стулу і, у залежнасці ад абставінаў, капу і мітру. Прэзбітэры, якія асістуюць выбранаму, калі не канцэлебруюць, апранаюць альбу і капу. Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне. й Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 22. Тамсама, № 24. Пар. тамсама, № 22. Пар. тамсама, № 23. Пар. тамсама. Пар. тамсама, № 25. Пар. тамсама, № 26. Пар. тамсама, № 22.
10.09.2009 21:57
УВОДЗІНЫ. І. ЗНАЧЭННЕ ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ 1.     Пад словам «дзеці» ці «немаўляты» разумеюцца тыя, хто не можа вызнаць сваю веру, бо яшчэ не дасягнуў свядомага ўзросту. 2.     Касцёл, які атрымаў місію евангелізацыі і хрышчэння, ужо з першых стагоддзяў хрысціў не толькі дарослых, але таксама і немаўлятаў. Бо словы Пана: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства» 1 , ён заўсёды разумеў такім чынам, што дзяцей нельга пазбаўляць хросту, паколькі іх хрысцяць у веры таго самага Касцёла, якую абвяшчаюць бацькі, хросныя ды іншыя прысутныя. Менавіта яны прадстаўляюць як мясцовы Касцёл, так і ўсю супольнасць святых і вернікаў — Касцёл, нашую Маці, якая ўся нараджае ўсіх і кожнага паасобку 2 . 3.     Для дзейснасці сакрамэнту належыць, каб пасля гэтага дзеці выхоўваліся ў той веры, у якой яны ахрышчаныя. Падставай для гэтага будзе сам прыняты раней сакрамэнт. Бо хрысціянскае выхаванне, на якое маюць права дзеці, скіраванае менавіта на тое, каб паступова падвесці іх да спазнання Божага плана ў Хрысце такім чынам, каб урэшце яны самі маглі пацвердзіць веру, у якой былі ахрышчаныя. ІІ. ПАСЛУГІ І АБАВЯЗКІ ПРЫ ЎДЗЯЛЕННІ ХРОСТУ 4.     Народ Божы, гэта значыць Касцёл, прадстаўлены мясцовай супольнасцю, мае вялікі ўдзел у хросце як дарослых, так і дзяцей. Бо немаўля і да хросту, і пасля яго мае права на любоў і дапамогу супольнасці. А ў самім абрадзе апрача таго, што пералічана ў № 7 Агульных Уводзінаў і што павінна быць выканана сабранымі вернікамі, супольнасць выконвае свой абавязак, выказваючы разам з цэлебрантам сваю згоду пасля вызнання веры бацькоў і хросных. Такім чынам яна паказвае, што вера, у якой прымаюць хрост дзеці, — гэта скарб не толькі адной сям’і, але ўсяго Хрыстовага Касцёла. 5.     З парадку самога стварэння вынікае, што паслуга і абавязак бацькоў пры хросце важнейшыя за абавязак хросных. 1) Вельмі важна, каб перад хростам бацькі падрыхтаваліся да свядомага ўдзелу ў ім альбо кіруючыся ўласнай вераю, альбо з дапамогаю сяброў ці іншых членаў супольнасці, карыстаючыся адпаведнымі сродкамі, такімі, як кнігі, лісты і катэхізісы, прызначаныя для сем’яў. Пробашч павінен імкнуцца наведаць іх сам ці прасіць пра гэта іншых, а нават сабраць разам некалькі сем’яў ды падрыхтаваць іх пастырскімі навучаннямі і супольнай малітваю да абраду, які мае адбыцца. 2) Вельмі важна, каб бацькі прымаючага хрост дзіцяці бралі ўдзел у абрадзе, у якім іхняе дзіця адродзіцца з вады і Духа Святога. 3) Бацькі дзіцяці сапраўды маюць ва ўдзяленні хросту сваю асаблівую ролю. Бо яны не толькі слухаюць настаўленні цэлебранта і прамаўляюць малітву разам з усёй супольнасцю вернікаў, але выконваюць таксама літургічную паслугу, калі: а) публічна просяць ахрысціць дзіця; б) пасля цэлебранта робяць знак крыжа на чале дзіцяці; в) прамаўляюць адрачэнне ад сатаны і вызнанне веры; г) нясуць дзіця да хрысцільні (перадусім гэта належыць рабіць маці); д) трымаюць запаленую свечку; е) атрымліваюць спецыяльнае благаслаўленне, прызначанае для маці і бацькі. 4) У тым выпадку, калі хтосьці з іх не можа скласці вызнання веры, напр., таму, што не католік, ён можа маўчаць; патрабуецца толькі, каб, просячы хросту дзіцяці, ён меў намер ці, прынамсі, дазваляў выхоўваць дзіця ў веры, у якой быў удзелены хрост. 5) Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя прынятаму абавязку, павінны прывесці дзіця да спазнання Бога, усыноўленым дзіцём якога яно стала, а таксама падрыхтаваць яго да прыняцця канфірмацыі і да ўдзелу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Пробашч адпаведнымі сродкамі павінен дапамагаць ім у выкананні гэтага абавязку. 6.     Для кожнага дзіцяці можна абраць хроснага і хросную, і яны абодва ўказваюцца ў парадку самога абраду словам «хросныя». 7.    Апрача таго, што сказана пра звычайнага цэлебранта ў Агульных Уводзінах, неабходна адзначыць наступнае: 1) Пастыры абавязаныя рыхтаваць сем’і да хросту дзяцей і дапамагаць ім у выкананні абавязку выхавання, які вынікае з гэтага сакрамэнту. Біскупам належыць каардынаваць гэтыя пастырскія захады ў сваёй дыяцэзіі з дапамогаю дыяканаў і свецкіх асобаў. 2) Апрача таго, пастыры павінны клапаціцца, каб кожнае ўдзяленне хросту адбывалася з належнай годнасцю і, наколькі гэта магчыма, было дастасаванае да абставінаў і жаданняў сем’яў. Той, хто хрысціць, абавязаны выконваць абрад дакладна і пабожна, а таксама старацца быць ветлівым і зычлівым да ўсіх. ІІІ. ЧАС І МЕСЦА ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ 8.     У тым, што датычыць часу ўдзялення хросту, перш за ўсё належыць дбаць пра збаўленне дзіцяці, каб яно не было пазбаўлена ласкі гэтага сакрамэнту; затым належыць браць пад увагу здароўе маці, каб яна сама, наколькі гэта магчыма, магла пры гэтым прысутнічаць. Нарэшце, калі толькі гэта не будзе перашкаджаць большаму дабру для дзіцяці, трэба браць пад увагу пастырскія патрэбы, г. зн. каб было дастаткова часу на падрыхтоўку бацькоў і на належную арганізацыю самога хросту дзеля лепшага выяўлення значэння самога абраду. Такім чынам: 1) Калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго неадкладна трэба хрысціць, і гэта дазваляецца рабіць нават без згоды бацькоў і ў тым выпадку, калі бацькі немаўляці не католікі. Тады хрост удзяляецца такім чынам, як пададзена ніжэй (№ 21). 2) У іншых выпадках бацькі, ці, прынамсі адзін з іх, альбо той, хто правамоцна іх замяшчае, павінны даць згоду на хрост. Як мага раней і, калі ёсць магчымасць, яшчэ да нараджэння дзіцяці, яны паведамляюць пробашчу пра будучы хрост, каб можна было належным чынам падрыхтавацца да ўдзялення сакрамэнту. 3) Удзяленне хросту павінна адбывацца ў першыя тыдні пасля нараджэння дзіцяці. Калі ўвогуле няма надзеі на тое, што яно будзе выхаванае ў каталіцкай веры, хрост належыць адкласці згодна з наказамі партыкулярнага права (пар. № 25), паведаміўшы бацькам пра прычыну. 4) Пробашч, беручы пад увагу распараджэнні Канферэнцыі Біскупаў, прызначае час хросту дзяцей, калі толькі няма вышэйузгаданых абставінаў. 9.     Каб паказаць пасхальную сутнасць хросту, рэкамендуецца ўдзяляць сакрамэнт у Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, калі Касцёл успамінае ўваскрасенне Пана. У нядзелю хрост можна ўдзяляць таксама падчас Імшы, каб уся супольнасць магла браць удзел у абрадзе і каб выразней выяўлялася сувязь хросту і Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Аднак гэта не павінна адбывацца занадта часта. Нормы ўдзялення хросту ў Пасхальную вігілію альбо на нядзельнай Імшы падаюцца ніжэй. 10.     Каб лепш выяўляць тое, што хрост — гэта сакрамэнт веры Касцёла, а таксама далучэння да народа Божага, звычайна яго належыць удзяляць у парафіяльным касцёле, у якім павінна быць хрысцільня. 11.     Прыняўшы да ведама меркаванне мясцовага пробашча, мясцовы ардынарый можа дазволіць ці распарадзіцца, каб хрысцільня была таксама і ў іншым касцёле ці капліцы ў межах той жа парафіі. Звычайна пробашч мае права ўдзяляць хрост і ў гэтых месцах. Калі той, хто прымае хрост, з-за адлегласці ды іншых абставінаў не можа прыбыць ці быць прынесены без сур’ёзных перашкодаў, хрост можа і павінен быць удзелены ў бліжэйшым касцёле ці капліцы, альбо нават у іншым адпаведным месцы, з захаваннем таго, што вызначана адносна часу і структуры абраду (пар. №№ 8-9; 15-22). 12.     Апрача выпадку неабходнасці хрост не трэба ўдзяляць у прыватных дамах, калі толькі гэтага не дазволіць мясцовы ардынарый з важнай прычыны. 13.     Калі толькі інакш не пастановіць біскуп (пар. № 11), нельга ўдзяляць хрост у шпіталях, хіба толькі ў выпадку неабходнасці ці калі да гэтага схіляе іншая пастырская патрэба. Але пра гэта заўсёды належыць паведаміць пробашчу і адпаведна падрыхтаваць бацькоў. 14.     Калі адбываецца літургія слова, пажадана адносіць дзяцей у асобнае памяшканне. Аднак неабходна клапаціцца, каб маці ці хросныя маці ўдзельнічалі ў літургіі слова; для гэтага належыць даручыць дзяцей іншым жанчынам. ІV. СТРУКТУРА АБРАДУ ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ А. Парадак хросту, які ўдзяляецца звычайным цэлебрантам 15.    Незалежна ад таго, ці трэба хрысціць адно, некалькі альбо нават шмат дзяцей і калі не пагражае небяспека смерці, цэлебранту належыць выканаць поўны абрад, так, як падаецца тут. 16.     Абрад пачынаецца з прыняцця дзяцей, у чым выяўляецца жаданне бацькоў і хросных, якія хочуць, каб дзіця было ахрышчана, і намер Касцёла, які жадае ўдзяліць сакрамэнт хросту. Выяўляецца гэта праз знак крыжа, які цэлебрант і бацькі робяць на чале дзіцяці. 17.     Літургія Божага слова скіраваная на тое, каб перад удзяленнем сакрамэнту абудзіць веру бацькоў, хросных і ўсіх прысутных, а супольнаю малітваю выпрасіць плён сакрамэнту. Літургія слова складаецца з чытання аднаго ці некалькіх урыўкаў са Святога Пісання; гаміліі, пасля якой можа пэўны час захоўвацца маўчанне; малітвы вернікаў, якая павінна заканчвацца малітваю ў форме экзарцызму. Яна рыхтуе да намашчэння алеем катэхуменаў ці да ўскладання рук. 18.     Само ўдзяленне сакрамэнту 1) непасрэдна падрыхтоўваецца: а) урачыстаю малітваю цэлебранта, які, заклікаючы Бога і ўспамінаючы Яго план збаўлення, альбо асвячае хрысцільную ваду, альбо ўспамінае ўжо здзейсненае асвячэнне; б) адрачэннем бацькоў і хросных ад сатаны і вызнаннем веры, якое пацвярджаюць цэлебрант і супольнасць, а таксама апошнім пытаннем, скіраваным да бацькоў і хросных; 2) здзяйсняецца праз абмыванне вадою, якое можа адбывацца праз акунанне ці праз паліванне, згодна з мясцовымі звычаямі, а таксама закліканнем Найсвяцейшай Тройцы; 3) дапаўняецца яно намашчэннем хрызмам, што азначае прыняцце ахрышчаным каралеўскага святарства і далучэнне яго да супольнасці Божага народа; а заканчваецца абрадамі ўскладання белага адзення, уручэння запаленай свечкі і абрадам «Эффата» (апошні можа быць прапушчаны). 19.     Пасля закліку святара, як прадвесце далейшага ўдзелу ў Эўхарыстыі, перад алтаром прамаўляецца малітва Панская. У ёй Божыя дзеці моляцца да Айца, які ёсць ў небе. Затым, каб усе напоўніліся Божаю ласкаю, бацькі і ўсе прысутныя атрымліваюць благаслаўленне. Б. Скарочаны парадак хросту 20.     У скарочаны парадак хросту, прызначаны для катэхетаў 3 , уваходзяць абрад прыняцця дзяцей, літургія Божага слова альбо настаўленне цэлебранта і малітва вернікаў. Перад хрысцільняю цэлебрант прамаўляе малітву, каб заклікаць Бога і нагадаць гісторыю збаўлення ў яе сувязі з хростам. Пасля хросту прапускаецца намашчэнне хрызмам, а прамаўляецца адпаведная формула і ўвесь абрад завяршаецца як звычайна. Такім чынам, прапускаюцца экзарцызм і намашчэнне алеем катэхуменаў, намашчэнне хрызмам і абрад «Эффата». 21.    Скарочаны парадак хросту дзіцяці, якому пагражае небяспека смерці, пры адсутнасці звычайнага цэлебранта падаецца ў двух варыянтах: 1) Пры кананні ці пагрозе смерці, калі вымушае час, цэлебрант 4 , прапускаючы іншае, палівае вадой, якая можа быць не асвячанай, але натуральнай, на галаву дзіцяці, прамаўляючы звычайную формулу 5 . 2) Аднак, калі паводле пераканаўчага меркавання, часу яшчэ дастаткова, а сярод сабраных вернікаў ёсць хтосьці, хто здольны правесці кароткую малітву, належыць здзейсніць наступны абрад: цэлебрант прамаўляе настаўленне, а таксама адбываецца кароткая агульная малітва, вызнанне веры бацькоў ці аднаго хроснага і паліванне вадой са звычайнымі словамі. Калі ж прысутныя недастаткова дасведчаныя, цэлебрант, прамовіўшы гучным голасам вызнанне веры, хрысціць паводле абраду, які ўжываецца пры пагрозе смерці. 22.    Пры пагрозе смерці таксама святар і дыякан могуць пры неабходнасці ўжыць скарочаны парадак. Пробашч альбо іншы святар, які валодае такім правам, калі мае пры сабе святое хрызма і яшчэ застаецца час, павінен не прамінуць удзяліць пасля хросту сакрамэнт канфірмацыі, прапускаючы ў гэтым выпадку намашчэнне хрызмам пасля хросту. V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЬ КАНФЕРЭНЦЫІ БІСКУПАЎ І БІСКУПЫ 23.     Апрача дастасаванняў, прадугледжаных у Агульных уводзінах (№№ 30-33), у абрадзе хросту дзяцей дапускаюцца іншыя ўзгадненні, якія вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў. 24.     Як падаецца ў самім Рымскім Рытуале, па рашэнні гэтых канферэнцый можа быць устаноўлена наступнае: 1) Згодна з мясцовымі звычаямі, запытанне пра імя дзіцяці, якое прымае хрост, можна задаваць у розных формах, у залежнасці ад таго, ці імя ўжо дадзенае, ці будзе давацца падчас хросту. 2) Намашчэнне алеем катэхуменаў можна прапусціць. 3) Формула адрачэння ад зла можа быць скарочанаю ці пашыранаю (№№ 57, 94, 121). 4) Калі тых, хто прымае хрост, вельмі шмат, намашчэнне хрызмам можна прапусціць (№ 125). 5) Можна захаваць абрад «Эффата». 25.     Паколькі ў многіх краінах бацькі часам бываюць не падрыхтаваныя да абраду хросту альбо просяць ахрысціць сваіх дзяцей, але пасля не выхоўваюць іх па-хрысціянску, так што тыя нават губляюць веру, то не дастаткова павучаць бацькоў і запытваць іх пра веру толькі падчас самога абраду. Таму Канферэнцыі Біскупаў у дапамогу пробашчам могуць выдаваць пастырскія інструкцыі, у якіх вызначаўся б даўжэйшы тэрмін падрыхтоўкі перад удзяленнем сакрамэнту. 26.     Апрача таго, біскупам для сваіх дыяцэзій належыць прыняць рашэнне, ці могуць катэхеты адвольна звяртацца з прамоваю пасля біблійных чытанняў, ці павінны чытаць падрыхтаваны тэкст. VІ. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЬ ЦЭЛЕБРАНТЫ ХРОСТУ 27.     Важна, каб на сходах бацькоў, якія рыхтуюцца да хросту дзяцей, навучанне абапіралася на малітвы і абрады. Можна выкарыстоўваць для гэтага розныя элементы, якія прадугледжаныя ў парадку хросту для літургіі Божага слова. 28.     Калі хрост удзяляецца дзецям у Пасхальную вігілію, абрад павінен адбывацца наступным чынам: 1) Перад цэлебрацыяй Пасхальнай вігіліі ў адпаведным месцы і ў вызначаны час адбываецца абрад прыняцця дзяцей, які заканчваецца малітвай-экзарцызмам і намашчэннем алеем катэхуменаў. Літургію слова можна прапусціць. 2) Сам сакрамэнт адбываецца (№№ 56-58, 60-63) пасля асвячэння вады, як падаецца ў літургічных прадпісаннях для Пасхальнай вігіліі. 3) Прапускаецца пацвярджэнне вызнання веры бацькоў цэлебрантам і супольнасцю (№ 59), уручэнне запаленай свечкі (№ 65) і абрад «Эффата». 4) Прапускаецца заканчэнне абраду (№№ 67-71). 29.     Калі хрост удзяляецца падчас нядзельнай Імшы, цэлебруецца Імша гэтага дня. У нядзелі перыяду Нараджэння Пана і Звычайнага перыяду можна выкарыстаць фармуляр Імшы пры ўдзяленні хросту дзецям. Абрады адбываюцца наступным чынам: 1) Абрад прыняцця дзяцей (№№ 33-43) адбываецца на пачатку Імшы, у якой з гэтай прычыны прапускаюцца вітанне сабранага народа і чын пакаяння. 2) У літургіі слова: а) Чытанні бяруцца з нядзельнай Імшы. У перыяд Нараджэння Пана і ў звычайны перыяд яны могуць быць узятыя таксама з Лекцыянарыя для абрадавых Імшаў альбо з тэкстаў, якія падаюцца ў гэтай кнізе (№ 44; Дадатак, №№ 1-30). Калі забаронены абрадавыя Імшы, адно чытанне можна ўзяць з тэкстаў, прадугледжаных для хросту дзяцей, але беручы пад увагу іх пастырскае значэнне і характар літургічнага дня. б) У гаміліі неабходна абапірацца на святыя тэксты і пры гэтым браць пад увагу ўдзяленне хросту. в) Сімвал веры не прамаўляецца, паколькі яго замяняе вызнанне веры, якое чыніць уся супольнасць перад хростам. г) Агульная малітва бярэцца з тых, якія змешчаныя ў Парадку хросту (№№ 47-48), на заканчэнне якой, перад просьбай заступніцтва святых, дадаецца просьба за паўсюдны Касцёл і за патрэбы ўсяго свету. 3) Затым ідзе малітва-экзарцызм і намашчэнне, а таксама іншыя абрады, апісаныя ў Парадку хросту (№№ 49-66). 4) Пасля ўдзялення хросту Імша працягваецца, як звычайна, г. зн. пачынаючы з ахвяравання. 5) Для благаслаўлення на заканчэнне Імшы святар можа ўжыць адну з формулаў, якія прапануюцца для абраду хросту (№ 70). 30.     Калі хрост удзяляецца падчас Імшы ў будні, парадак яго ўвогуле такі ж, як і ў нядзелю, а для літургіі слова можна ўзяць чытанні з тых, якія прапануюцца для абраду хросту (№№ 44, 186-215). 31.     Згодна з нормаю, пададзенай у № 34 Агульных Уводзінаў, цэлебрант мае права ўводзіць у абрад некаторыя дастасаванні, якіх вымагаюць самі абставіны, напрыклад: 1) калі маці дзіцяці памерла пры родах, гэта неабходна ўзяць пад увагу ва ўступным слове (№№ 36, 75), у агульнай малітве (№№ 47, 84) і ў заключным благаслаўленні (№№ 70, 105); 2) у дыялогу з бацькамі (№№ 37-38, 76-77) неабходна зважаць на іх адказ. Калі яны не сказалі: Хросту, а: Веры, ці: Ласкі Хрыста, ці: Уваходу ў Касцёл, альбо: Вечнага жыцця, то цэлебрант не павінен пачынаць наступнага выказвання са словаў: Просячы хросту для дзяцей, але адпаведна: Просячы веры ці: Просячы ласкі Хрыста, ды інш; 3) Парадак прынясення ў касцёл ужо ахрышчанага дзіцяці (№№ 205-225), быў укладзены толькі на выпадак, калі дзіця было ахрышчанае пры небяспецы смерці. Але яго можна таксама дастасаваць і да іншых выпадкаў, напр., калі дзеці былі ахрышчаныя ў час рэлігійнага пераследу альбо часовай нязгоды паміж бацькамі. q  Ян 3, 5.  S. Augustinus, Epist. 98, 5: PL 33, 362.  Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 68.  Пар. Агульныя ўводзіны, n. 16.  Пар. там жа, n. 23.
10.09.2009 21:32
1.    Людзі, вызваленыя ад улады цемры праз сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання, разам з Хрыстом памерлыя, разам з Ім пахаваныя і ўваскрэшаныя, прымаюць Духа ўсынаўлення і разам з усім народам Божым здзяйсняюць успамін смерці і змёртвыхпаўстання Пана 1 . 2.    Праз хрост ужыўленыя ў Хрыста, яны становяцца народам Божым і, атрымаўшы адпушчэнне ўсіх грахоў, вырваныя з улады цемры, пераходзяць у стан усыноўленых дзяцей 2 . Стаўшы новым стварэннем праз адраджэнне з вады і Духа Святога, яны называюцца і з’яўляюцца сынамі Божымі 3 . Пазначаныя дарам таго ж Духа ў канфірмацыі, яны яшчэ больш дасканала становяцца падобнымі да Пана і напаўняюцца Духам Святым, каб, несучы сведчанне пра Яго свету, як найхутчэй давесці да паўнаты Цела Хрыста 4 . Затым, беручы ўдзел у эўхарыстычным сходзе, яны спажываюць Цела Сына Чалавечага і п’юць Яго Кроў, каб атрымаць жыццё вечнае 5   і выявіць адзінства народа Божага; а ахвяруючы сябе разам з Хрыстом, бяруць удзел ва ўсеагульнай ахвяры, якою з’яўляецца сама супольнасць адкупленых 6 , складзеная ў ахвяру Богу Найвышэйшым Святаром. Яны просяць таксама, каб праз больш поўнае дзеянне Духа Святога ўвесь чалавечы род прыйшоў да адзінства сям’і Божай 7 . Такім чынам тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання спалучаюцца паміж сабою так, каб давесці да поўнай сталасці Хрыстовых вернікаў, якія спаўняюць у свеце і ў Касцёле пасланніцтва, даручанае ўсяму хрысціянскаму народу 8 . І. ГОДНАСЦЬ ХРОСТУ 3.    Хрост, дзверы да жыцця і Валадарства Божага, з’яўляецца першым сакрамэнтам новага права, які Хрыстус даў усім, каб мелі жыццё вечнае 9 , а затым разам з Евангеллем даверыў свайму Касцёлу, калі наказаў апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» 10 . Таму хрост перш за ўсё з’яўляецца сакрамэнтам той веры, у якой людзі, асветленыя ласкаю Духа Святога, даюць адказ на Евангелле Хрыста. Таму Касцёл лічыць сваім даўнім і асноўным абавязкам заахвочваць усіх: і катэхуменаў, і бацькоў тых дзяцей, якія атрымліваюць хрост, і хросных да той сапраўднай і дзейснай веры, у якой, трымаючыся Хрыста, яны заключаюць альбо пацвярджаюць дамову Новага Запавету. Менавіта на гэта скіраванае як пастырскае навучанне катэхуменаў і падрыхтоўка бацькоў, так і літургія слова Божага, а таксама вызнанне веры падчас хросту. 4.    Апрача таго хрост — гэта сакрамэнт, праз які людзі далучаюцца да супольнасці Касцёла і разам будуюцца на жыллё Божае ў Духу Святым 11 , становяцца каралеўскім святарствам і людам святым 12 . Хрост — гэта таксама сакрамэнтальная повязь адзінства, якая яднае ўсіх, хто ім пазначаны 13 . Дзеля таго нязменнага ўздзеяння, якое выяўляе сам абрад сакрамэнту ў лацінскай літургіі, калі ў прысутнасці народа Божага ахрышчаных намашчаюць хрызмам, хрост павінен быць у найвышэйшай пашане ва ўсіх хрысціянаў, і яго нікому нельга паўтараць, калі ён як сапраўдны быў удзелены нават адлучанымі братамі. 5.     Водная купель у слове жыцця 14 — бо менавіта гэта і ёсць хрост — абмывае людзей ад усялякай заганы граху як першароднага, так і асабістага і чыніць іх удзельнікамі Божай натуры 15   і ўсыноўленымі дзецьмі 16 , бо хрост, як абвяшчаецца ў малітвах благаслаўлення вады, з’яўляецца купеллю адраджэння 17 сыноў Божых, даючы ім нараджэнне звыш. Закліканне Найсвяцейшай Тройцы над тымі, хто прымае хрост, чыніць тое, што пазначаныя Яе імем прысвячаюцца Ёй і ўваходзяць у лучнасць з Айцом і Сынам, і Духам Святым. Да гэтага галоўнага абраду падрыхтоўваюць і вядуць біблійныя чытанні, малітва супольнасці і патройнае вызнанне веры. 6.     Хрост у значнай ступені пераўзыходзіць ачышчэнні, прадпісаныя Старым Запаветам, бо дае гэтыя вынікі моцаю таямніцы мукі і змёртвыхпаўстання Пана. А тыя, хто прымае хрост, з’яднаныя з Хрыстом падабенствам Яго смерці і пахаваныя разам з Ім у смерць 18 , таксама ў Ім вяртаюцца да жыцця і разам з Ім уваскрасаюць 19 . Бо ў хросце ўшаноўваецца і здзяйсняецца нішто іншае, як пасхальная таямніца, паколькі ў ім людзі пераходзяць ад смерці граху да жыцця. Таму ў абрадзе хросту, асабліва калі ён адбываецца ў Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, павінна ззяць радасць змёртвыхпаўстання. ІІ. АБАВЯЗКІ І ПАСЛУГІ ПРЫ ЎДЗЯЛЕННІ ХРОСТУ 7.    Падрыхтоўка да хросту і хрысціянскае навучанне найбольш датычыць народа Божага, г. зн. Касцёла, які перадае і ўмацоўвае веру, прынятую ад апосталаў. Праз служэнне Касцёла Святы Дух кліча дарослых да Евангелля, а дзеці прымаюць хрост і выхоўваюцца ў веры таго ж Касцёла. Таму вельмі важна, каб ужо ў падрыхтоўцы да хросту са святарамі і дыяканамі супрацоўнічалі катэхеты ды іншыя свецкія людзі. Апрача таго, вельмі пажадана, каб пры ўдзяленні хросту народ Божы быў прадстаўлены не толькі хроснымі, бацькамі і блізкімі, але таксама, наколькі гэта магчыма, сябрамі і членамі сям’і, суседзямі ды іншымі прадстаўнікамі мясцовага Касцёла. Усім належыць браць чынны ўдзел, каб выявіць супольную веру і супольную радасць, з якою новаахрышчаныя прымаюцца ў Касцёл. 8.     Згодна з найстаражытнейшым звычаем Касцёла, дарослы не можа быць дапушчаны да хросту без хроснага, абранага з хрысціянскай супольнасці, які павінен дапамагаць яму прынамсі ў апошняй падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнту, а пасля хросту клапаціцца, каб ён трываў у веры і ў хрысціянскім жыцці. На хросце дзіцяці таксама павінен прысутнічаць хросны, які тады прадстаўляе і сям’ю прымаючага хрост, пашыраную духоўна, і Касцёл, нашую Маці, а пры неабходнасці павінен дапамагаць бацькам у тым, каб дзіця прыйшло да вызнавання веры і выяўляла яе сваім жыццём. 9.     Хросны бярэ ўдзел прынамсі ў апошніх абрадах катэхуменату і ў самім удзяленні хросту, каб пацвердзіць веру прымаючага хрост дарослага альбо каб разам з бацькамі вызнаць веру Касцёла, у якой прымае хрост дзіця. 10.     Апрача таго, з душпастырскіх меркаванняў хросны, выбраны катэхуменам ці сям’ёю, павінен мець такія якасці, якія дазволілі б яму выконваць узгаданыя ў № 9 літургічныя чыннасці. Ім можа быць той, хто: 1) быў вызначаны самім прымаючым хрост ці яго бацькамі, альбо тым, хто іх замяняе, альбо, калі іх няма, пробашчам ці іншым служыцелем, а таксама мае адпаведныя якасці і жаданне выконваць гэты абавязак; 2) дастаткова сталы для спаўнення гэтага абавязку; гэта значыць, што ён мае поўных шаснаццаць гадоў, калі толькі дыяцэзіяльным біскупам не будзе ўстаноўлены іншы ўзрост, альбо пробашчам ці іншым служыцелем з важнай прычыны не будзе зроблена выключэнне; 3) прыняў тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання: хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю і вядзе жыццё, згоднае з вераю і абавязкам, які ён прымае на сябе; 4) не з’яўляецца бацькам ці маці прымаючага хрост; 5) з’яўляецца адным хросным ці адною хроснаю, хоць таксама можа быць і хросная маці, і хросны бацька; 6) належыць да каталіцкага Касцёла і права не забараняе яму спаўняць гэты абавязак. Той, хто ахрышчаны і прыналежыць да эклезіяльнай, але не каталіцкай супольнасці, можа быць дапушчаны толькі ў якасці сведкі хросту 19' і толькі, калі хросным (хроснаю) будзе каталік (каталічка). Што датычыць адлучаных братоў з усходніх Цэркваў, належыць браць пад увагу асаблівыя прадпісанні для ўсходніх Цэркваў. 11.    Звычайна хрост удзяляюць біскупы, святары і дыяканы. 1) Удзяляючы гэты сакрамэнт, яны павінны памятаць, што чыняць гэта ў Касцёле ў імя Хрыста і моцаю Духа Святога. Таму яны павінны быць руплівымі ў абвяшчэнні слова Божага і ў здзяйсненні сакрамэнту. 2) Яны павінны пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія слушна могуць быць успрынятыя вернікамі як праяўленне асаблівых адносінаў да пэўных асобаў 20 . 3) За выключэннем выпадкаў неабходнасці, яны не могуць без належнага дазволу ўдзяляць хрост на чужой тэрыторыі нават тым, на каго распаўсюджваецца іх пастырская ўлада. 12.    Біскупы, галоўныя эканомы (dispensatores) Божых сакрамэнтаў і кіраўнікі ўсяго літургічнага жыцця ў давераным ім Касцёле 21 , кіруюць удзяленнем хросту, у якім адкрываецца доступ да ўдзелу ў каралеўскім святарстве Хрыста 22 . Таму пажадана, каб яны не прапускалі нагоды, асабліва ў Пасхальную вігілію, удзяляць хрост асабіста. Менавіта да іх абавязкаў належыць хрост дарослых і клопат пра іхнюю падрыхтоўку. 13.    Абавязак пастыраў — дапамагаць біскупу ў навучанні дарослых, якія былі ім даручаныя, і ва ўдзяленні ім хросту, калі толькі біскуп не вырашыць інакш. Апрача таго, да іх абавязкаў належыць падрыхтоўка і належная пастырская дапамога бацькам і хросным перад хростам дзяцей пры дапамозе катэхетаў ды іншых адпаведных свецкіх асобаў, а таксама ўдзяленне хросту дзецям. 14.     Іншыя прэзбітэры, а таксама дыяканы, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупа і пробашчаў у іх паслузе, падрыхтоўваюць да хросту і ўдзяляюць яго па распараджэнні альбо са згоды біскупа ці пробашча. 15.     Цэлебранту, асабліва калі прымаючых хрост вельмі шмат, могуць дапамагаць іншыя святары ці дыяканы, альбо таксама свецкія асобы, як гэта прадугледжана ў адпаведных частках абраду. 16.     У выпадку небяспекі для жыцця, а асабліва пры кананні, калі няма святара ці дыякана, можа, а часам і павінен удзяляць хрост кожны вернік, і нават любы чалавек, кіруючыся належным намерам. Калі ж небяспека смерці не з’яўляецца непасрэднай, то сакрамэнт удзяляецца, наколькі гэта магчыма, вернікам і паводле карацейшага парадку, пададзенага ніжэй (№ 157-164). Пажадана, каб нават у гэтым выпадку сабралася невялікая супольнасць; альбо, наколькі гэта магчыма, хрост удзяляецца прынамсі ў прысутнасці аднаго ці двух сведкаў. 17.    Усе свецкія католікі, паколькі яны — члены святарскага народа, а асабліва бацькі і, з увагі на свае абавязкі, катэхеты, акушэркі і жанчыны, якія займаюцца дапамогаю сем’ям, сацыяльнымі праблемамі ці даглядам хворых, а таксама медыкі і хірургі павінны старацца ў меру сваіх здольнасцяў добра засвоіць правільны спосаб хросту ў надзвычайных выпадках. Іх павінны навучаць гэтаму пробашчы, дыяканы і катэхеты, а ў межах дыяцэзіі адпаведныя захады для іхняга навучання павінны прадугледзець біскупы. ІІІ. Што неабходна для ўдзялення Хросту 18.     Вада для хросту павінна быць натуральнаю і чыстаю як для таго, каб паказаць сапраўднасць знаку, так і дзеля патрабаванняў гігіены. 19.     Хрысцільня ці чаша, у якой, паводле патрэбы, рыхтуецца вада для здзяйснення абраду ў прэзбітэрыі, павінна ззяць чысцінёю і прыгажосцю. 20.     Прадугледжваецца таксама, што, з увагі на мясцовыя ўмовы, вада, пры неабходнасці, можа падагравацца. 21.     За выключэннем выпадкаў неабходнасці, ні святар, ні дыякан не павінны хрысціць іншаю вадою, а толькі асвячанаю для гэтага. Калі асвячэнне адбылося ў Пасхальную вігілію, то асвячаная вада, наколькі гэта магчыма, захоўваецца і ўжываецца на працягу ўсяго Велікоднага перыяду для больш выразнага сцвярджэння сціслай еднасці гэтага сакрамэнту з пасхальнай таямніцай. Пажадана, каб па-за Велікодным перыядам вада асвячалася пры кожным удзяленні хросту, каб у саміх словах асвячэння ясна выяўлялася таямніца збаўлення, якую ўшаноўвае і абвяшчае Касцёл. Калі хрысцільня зробленая так, што вада струменіць з яе, належыць асвяціць саму гэтую крыніцу. 22.    Нароўні можна ўжываць як абрад акунання, які больш дакладна азначае смерць і  змёртвыхпаўстанне Хрыста, так і абрад палівання вадою. 23.     Словы, якімі ў лацінскім Касцёле ўдзяляецца хрост, наступныя: Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ Ў ІМЯ АЙЦА І СЫНА, І ДУХА СВЯТОГА. 24.    Для літургіі Божага слова рыхтуецца адпаведнае месца ў баптыстэрыі ці ў касцёле. 25.    Баптыстэрый, альбо месца, у якім струменіць крыніца з вадою для хросту, ці дзе гэтая вада захоўваецца, павінна быць прызначанае для хросту і ў поўнай меры годнае таго, каб хрысціяне адраджаліся там з вады і Духа Святога. Нягледзячы на тое, ці будзе яно ў пэўнай капліцы ўнутры касцёла альбо па-за ім, ці ў якойсьці частцы касцёла ў полі зроку вернікаў, яго належыць уладкаваць такім чынам, каб яно давала магчымасць для ўдзелу многіх вернікаў. Пасля заканчэння Велікоднага перыяду ў баптыстэрыі належыць з пашанаю захоўваць пасхал і запальваць яго пры ўдзяленні хросту, каб ад яго можна было лёгка запальваць свечкі ахрышчаных. 26.     Пажадана, каб абрады пры ўдзяленні хросту, якія павінны адбывацца па-за баптыстэрыем, адбываліся ў розных месцах касцёла, якія лепей адпавядаюць колькасці прысутных і розным часткам літургіі хросту. Калі ж хрысцільная капліца не можа змясціць усіх катэхуменаў альбо ўсіх прысутных, то для тых частак хросту, якія звычайна адбываюцца ў баптыстэрыі, можна выбраць іншыя, больш адпаведныя, месцы ў касцёле. 27.     Наколькі гэта магчыма, хрост павінен удзяляцца ўсім нованароджаным разам, у адзін дзень. Але нельга без сур’ёзнай прычыны ў адзін дзень у тым самым касцёле ўдзяляць хрост больш за адзін раз. 28.    Пра час хросту як дарослых, так і дзяцей больш дакладна гаворыцца ў адпаведным месцы. Аднак удзяленне гэтага сакрамэнту павінна заўсёды выяўляць яго пасхальны характар. 29.     Пробашчы павінны дакладна і своечасова ўносіць у кнігу хросту імёны цэлебранта хросту, ахрышчаных, бацькоў і хросных, падаючы пры гэтым таксама месца і дзень удзялення хросту. ІV. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА КАНФЕРЭНЦЫЯМІ БІСКУПАЎ 30.     На падставе Канстытуцыі пра святую Літургію (арт. 63b), Канферэнцыі Біскупаў маюць права падрыхтаваць у мясцовых Рытуалах раздзел, які адпавядаў бы цяперашняму раздзелу Рымскага Рытуала, з дастасаваннем да патрэбаў асобных рэгіёнаў. Пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцаю, яго можна будзе ўжываць у тых рэгіёнах, для якіх ён прызначаны. У гэтай справе Канферэнцыі Біскупаў павінны: 1) Вызначыць дастасаванні, пра якія гаворыцца ў арт. 39 Канстытуцыі пра святую Літургію. 2) Старанна і разважліва разгледзець, што з традыцый і характару кожнага асобнага народа было б карысна захаваць; а таксама прапанаваць Апостальскай Сталіцы іншыя дастасаванні, якія яны лічаць карыснымі ці неабходнымі, і якія з яе згоды могуць быць уведзеныя. 3) Калі ва ўжо існуючых мясцовых Рытуалах ёсць нейкія ўласныя элементы, яны могуць захаваць ці дастасаваць іх з той умовай, каб яны адпавядалі Канстытуцыі пра святую Літургію і надзённым патрэбам. 4) Рыхтаваць пераклады тэкстаў такім чынам, каб яны сапраўды адпавядалі характару розных моваў і культураў, і дадаваць, наколькі гэта будзе мэтазгодным, адпаведныя мелодыі для спеву. 5) Дастасоўваць і дапаўняць Уводзіны да Рымскага Рытуала такім чынам, каб цэлебранты цалкам разумелі значэнне абрадаў і належна іх здзяйснялі. 6) У выданнях літургічных кніг, якія рыхтуюцца намаганнямі Канферэнцый Біскупаў, укладаць матэрыял такім чынам, каб гэта найбольш адпавядала пастырскім патрэбам. 31.    Перадусім беручы пад увагу нормы, пададзеныя ў №№ 37-40 і 65 Канстытуцыі пра святую Літургію, на тэрыторыях місій Канферэнцыі Біскупаў маюць права вырашаць, ці могуць элементы ўтаямнічання, якія існуюць у некаторых народаў, быць дастасаванымі да абраду хрысціянскага хросту і ці могуць яны быць у яго ўключанымі. 32.     Там, дзе Рымскі Рытуал хросту падае некалькі формулаў на выбар, мясцовыя Рытуалы могуць дадаваць іншыя падобныя формулы. 33.    Ва ўдзяленні хросту вялікую дапаможную ролю адыгрывае спеў: і таму, што абуджае духоўную еднасць прысутных, і таму, што спрыяе супольнай малітве, і, нарэшце, таму, што выяўляе пасхальную радасць, якая павінна напаўняць абрад. Таму Канферэнцыі Біскупаў павінны заахвочваць вопытных музыкаў і дапамагаць ім у тым, каб яны аздаблялі літургічныя тэксты адпаведнымі мелодыямі. V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА ЦЭЛЕБРАНТАМІ ХРОСТУ 34.     Пажадана, каб цэлебрант, беручы пад увагу абставіны, а таксама патрэбы і жаданні вернікаў, ахвотна выкарыстоўваў розныя магчымасці, якія даюцца яму ў абрадзе. 35.     Апрача тых дастасаванняў, якія прадугледжваюцца самім Рымскім Рытуалам у дыялогу і благаслаўленнях, цэлебрант можа, беручы пад увагу розныя абставіны, уводзіць іншыя, пра якія больш дакладна гаворыцца ва Уводзінах да хросту дарослых і да хросту дзяцей. й 1   Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesiae, Ad gentes, n. 14.  2   Клс 1, 13; Рым 8, 15; Гал 4, 5; пар. Conc. Trid., Sess. VI, Decr. de iustificatione, cap. 4: Denz. 796 (1524).  3   Пар. 1 Ян 3, 1.  4   Пар. Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesiae, Ad gentes, n. 36.  5   Пар. Ян 6, 55.  6   S. Augustinus, De Civitate Dei, X, 6: PL 41, 284; Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 11; Decr. de         presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 2.  7   Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28.  8   Пар. там жа, n. 31.  9   Пар. Ян 3, 5.  10 Мц 28, 19.  11 Пар. Эф 2, 22.  12 Пар. 1 П 2, 9.  13 Пар. Conc. Vat. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 22.  14 Пар. Эф 5, 26.  15 Пар. 2 П 1, 4.  16 Пар. Рым 8, 15; Гал 4, 5.  17 Пар. Ціт 3, 5.  18 Пар. Рым 6, 5.4.  19 Пар. Эф 2, 5.6.  19' Пар. C.I.C., cann. 873 et 874 § 1 et § 2.  20 Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 32; Const. past. de Ecclesia in mundo huius                  temporis, Gaudium et spes, n. 29.  21 Conc. Vat. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 15.  22 Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 26.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.