1. Праз пасвячэнне некаторыя верныя Хрыстовы імем Хрыста ўстанаўліваюцца і атрымліваюць дар Духа Святога, каб жывіць Касцёл словам і Божай ласкай1.
2. «Хрыстус, якога Айцец асвяціў і паслаў у свет (Ян 10, 36), праз сваіх Апосталаў учыніў удзельнікамі свайго пасвячэння і місіі іхніх наступнікаў, гэта значыць біскупаў, якія правамоцна перадалі абавязак свайго служэння на розных ступенях розным асобам у Касцёле. Так касцёльнае служэнне, устаноўленае Богам, здзяйсняецца на розных ступенях тымі, каго са старадаўніх часоў называюць біскупамі, прэзбітэрамі і дыяканамі»2.
3. Біскупы, «надзеленыя паўнатою сакрамэнту пасвячэння»3, праз Духа Святога, які дадзены ім у пасвячэнні, «сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, святарамі і пастырамі»4, і ў гэтай якасці стаяць на чале статку Пана ў асобе Хрыста, яго Галавы.
4. «Прэзбітэры, хоць і не маюць паўнаты святарства і ў выкананні сваёй улады залежаць ад біскупаў, з’яднаныя, аднак, з імі ў святарскай годнасці і моцаю сакрамэнту пасвячэння, на падабенства Хрыста, найвышэйшага і вечнага Святара, пасвячаюцца, каб абвяшчаць Евангелле, быць пастырамі верных і здзяйсняць Божае служэнне як сапраўдныя святары Новага Запавету»5.
5. На дыяканаў «ускладаюцца рукі не для святарства, а для служэння. Умацаваныя сакрамэнтальнай ласкай, у супольнасці з біскупам і яго прэзбітэрыем яны служаць народу Божаму ў служэнні літургіі, слова і любові»6.
6. Пасвячэнне ўдзяляецца праз ускладанне рук біскупа і малітву, у якой ён благаслаўляе Бога і просіць дару Духа Святога для спаўнення служэння7. З традыцыі, якая выяўляецца асабліва ў літургічных абрадах і практыцы як Усходняга, так і Заходняга Касцёла, добра відаць, што праз ускладанне рук і малітву пасвячэння ўдзяляецца дар Духа Святога і адбіваецца святы знак так, што біскупы, прэзбітэры і дыяканы, кожны па-свойму, становяцца падобнымі да Хрыста8.
ІІ. Парадак цэлебрацыі пасвячэння
7. Ускладанне рук і кансэкрацыйная малітва – гэта істотны элемент кожнага пасвячэння; пры гэтым сама малітва благаслаўлення і просьбы выяўляюць значэнне ўскладання рук. Паколькі гэтыя абрады з’яўляюцца цэнтрам пасвячэння, яны павінны тлумачыцца ў катэхезе і раскрывацца ў самой літургіі.
Падчас ускладання рук вернікі ў маўчанні моляцца, а ў малітве ўдзельнічаюць, слухаючы і пацвярджаючы яе заключнай акламацыяй.
8. Вялікае значэнне ў літургіі пасвячэння маюць падрыхтоўчыя абрады, а менавіта: прадстаўленне выбранага альбо выбар кандыдатаў, гамілія, абяцанне выбраных і літанія з просьбамі, але перш за ўсё, розныя для розных ступеняў пасвячэння дапаўняльныя абрады, у якіх указваюцца абавязкі, даручаныя праз ускладанне рук і закліканне Духа Святога.
9. Пасвячэнні павінны адбывацца падчас урачыстых Імшаў, у якіх, асабліва ў нядзелю, бяруць чынны ўдзел вернікі, сабраныя «перад адным алтаром на чале з біскупам, якога атачаюць яго прэзбітэры і прыслугоўваючыя»9.
Такім чынам асаблівае праяўленне Касцёла і ўдзяленне пасвячэнняў яднаюцца з эўхарыстычнай Ахвярай, якая з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю ўсяго хрысціянскага жыцця10.
10. Унутраная сувязь самога пасвячэння з цэлебрацыяй Імшы выяўляецца не толькі праз увядзенне саміх абрадаў і праз адпаведныя формулы ў эўхарыстычнай малітве і ў благаслаўленні на заканчэнне, але таксама, з захаваннем неабходных прадпісанняў, праз выбар чытанняў і ўжыванне спецыяльнага фармуляра абрадавай Імшы, адпаведна ступені пасвячэння.
ІІІ. Дастасаванні да розных рэгіёнаў і акалічнасцяў
11. Канферэнцыі Біскупаў маюць права дастасоўваць абрады пасвячэння біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў да патрэбаў асобных рэгіёнаў, каб пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай ужываць іх у адпаведных рэгіёнах. У гэтай справе Канферэнцыі Біскупаў, беручы пад увагу мясцовыя акалічнасці, а таксама характар і традыцыі розных народаў, могуць:
а) вызначыць форму, у якой супольнасць, адпаведна з мясцовым звычаем, дае згоду на выбранне кандыдатаў (у пасвячэнні біскупа: №№ 38 і 74; у пасвячэнні прэзбітэраў: №№ 122, 150, 266, 307; у пасвячэнні дыяканаў: №№ 198, 226, 264, 305);
б) пастанавіць, каб да пытанняў перад пасвячэннем, прадугледжаных у абрадзе, былі, у залежнасці ад абставінаў, дададзены іншыя (у пасвячэнні біскупа: №№ 40 і 76; у пасвячэнні прэзбітэраў: №№ 124, 152, 270, 311; у пасвячэнні дыяканаў: №№ 200, 228, 268, 309);
в) вызначыць форму, у якой выбраныя для пасвячэння ў дыяканы і прэзбітэры абяцаюць пашану і паслухмянасць ( №№ 125, 153, 201, 228, 269, 271, 310, 312);
г) устанавіць, каб намер прыняць абавязак цэлібату (у пасвячэнні дыяканаў: №№ 200, 228, 268, 309) быў выяўлены не толькі ў адказе на адпаведнае пытанне, а таксама і ў пэўнай знешняй форме;
д) зацвердзіць некаторыя песні, якія могуць выконвацца замест тых, якія падаюцца ў гэтай кнізе;
е) прапанаваць Апостальскай Сталіцы іншыя дастасаванні абрадаў, якія б маглі быць уведзеныя з яе згоды. Аднак не можа быць прапушчана ўскладанне рук; малітва пасвячэння не можа скарачацца альбо замяняцца іншымі тэкстамі на выбар. Павінны захоўвацца агульная структура абраду і ўласны характар кожнага элемента.
q
- Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 11.
- Тамсама, № 28.
- Тамсама, № 26.
- Conc. Vat. II, Decr. de Pastorali episcoporum munere in Ecclesia, Christus Dominus, № 2.
- Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 28.
- Тамсама, № 29.
- Пар. Pius XII, Const. Apost. Sacramentum Ordinis: A.A.S. 40 (1948) 5-7; Paulus VI, Const. Apost. Pontificalis Romani recognitio; CIC can. 1009 § 2.
- Пар. Paulus VI, Const. Apost. Pontificalis Romani recognitio.
- Conc. Vat. II, Const. de Sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, № 41.
- Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 11.