Тое, што скажу, можа здасца вам дзіўным. «Часам трэба спачатку страціць, каб потым атрымаць». Цi так ёсць на самой справе? Вядома! Прыгледзьцеся да працы селяніна. Ён засявае поле, кідае зерне ў апрацаваную зямлю. Ён гэтае зерне незваротна страчвае, ніколі ўжо яго не верне. Аднак губляе дзеля таго, каб атрымаць. 3 кожнага пасеянага зерня вырасце колас, поўны зярнят. Можна сказаць, што ён страціў, каб атрымаць. Дзіўны быў бы селянін, у якога было б зерне і поле, але каб яго не засяваў, бо шкода было яму страціць зерне.
Прыгледзьцеся да працы садоўніка. Што вясною робіць ён з дрэвамі?(...) Абразае галінкі. Зразумела, што ён абразае пасохлыя галінкі, на якіх ужо ніколі не будзе пладоў. Але навошта абразаць здаровыя галінкі? (...) Чым меней будзе галінак здаровых, тым меней будзе пладоў! Але на самой справе ўсё інакш! Садоўнік абразае нават здаровыя галінкі, каб на пакінутых было больш пладоў. Калі дрэва мае зашмат галінак, тады і пладоў на іх звычайна бывае мала. Дзіўны быў бы садоўнік, які шкадаваў бы абрэзаць лішнія галінкі. Бо ў час збору ўраджаю ён меў бы на дрэвах больш лістоў, чым пладоў. А садоўнік зацікаўлены не ў лістах, а ў пладах.
Прынцып «страціць, каб атрымаць» абавязвае таксама і нас. Безумоўна, гэта не датычыць толькі працы на полі цi ў садзе. Нават, калі б хтосьці пагрэбаваў гэтым прынцыпам, страта неабавязкова была б вялікай. Прынцып «страціць, каб атрымаць» абавязвае нас, калі мы хочам атрымаць жыццё вечнае. Езус сказаў: «Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе і возьме крыж свой ды ідзе следам за Мною. Бо хто хоча душу сваю выратаваць, загубіць яе; але хто загубіць душу сваю за Мяне і Евангелле, той выратуе яе» (гл. Мк 8, 34–35).
He ведаю, ці заўважылі вы такія словы Езуса «хто хоча?». Калі мы можам пачуць гэтыя словы? (...) Найчасцей тады, калі гаворка ідзе пра нешта, што мы можам цалкам дабравольна выбраць. У нас ёсць шанс, які можам выкарыстаць. Напрыклад, у школе арганізоўваюць матэматычны гурток. Прапануюць запісацца ўсім жадаючым. Табе не трэба было паўтараць гэтага двойчы. Ты любіш матэматыку. Хто ведае, а можа будзеш удзельнічаць у алімпіядзе па матэматыцы. Ты мусіш вырашыць, цi хочаш запісацца. У цябе не ўзнікае ніякага сумнення. Нельга змарнаваць такі шанс. Але ў гэтым выпадку твой выбар быў цалкам дабравольны.
Аднак тваё «хачу» патрабавала пастаяннага пацвярджэння. Безумоўна, не словам, але сістэматычным удзелам у сустрэчах, працай дома, набываннем неабходных кніжак. Здаралася, што пры гэтым ты павінен быў страціць. He абавязкова грошы, хоць і крыху выдаў на кніжкі. Нават і не пра час ідзе гаворка, бо калі добра распланаваць дзень, то на ўсё знойдзецца час. Найбольш крыўдным было тое, што ў тыя гадзіны, калі адбываліся сустрэчы гуртка, дэманстраваўся цікавы серыял па тэлебачанні. Табе было крыху крыўдна, калі на наступны дзень у школе расказвалі пра серыял, а ты не ведаў аб чым ідзе размова. Але падумаўшы пра свае поспехі па матэматыцы, ты зразумеў усю малаважнасць і гэтага серыяла і сваёй крыўды. Ізноў спраўджваўся прынцып: «Страціць, каб атрымаць».
Езус гаворыць: «Хто хоча ісці за Мною... Хто хоча зберагчы сваё жыццё» (гл. Мк 8, 34–35). Што скажаш у адказ? (...) Безумоўна, скажаш: «Хачу»! Хачу пайсці за Езусам! Хачу зберагчы сваё жыццё! Аднак, безумоўна, словам «хачу» не можа ўсё скончыцца! Таму што мы павінны сур’ёзна ставіцца да Хрыста і сур’ёзна ўспрымаць тое, што Ён нам гаворыць!
Што ж значыць «пайсці за Езусам»? «Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе і возьме крыж свой ды ідзе следам за Мною» (гл. Мк 8, 34–35). А што значыць на самой справе «зберагчы сваё жыццё?». Гэта азначае страціць жыццё дзеля Езуса і Евангелля. Мы ведаем, што вельмі многія людзі ў прамым сэнсе страцілі жыццё дзеля Езуса і Евангелля. Сярод іх былі амаль усе Апосталы. Асабліва ў першыя стагоддзі многія хрысціяне былі асуджаны на смерць за Езуса і Евангелле.
Мы таксама хочам зберагчы сваё жыццё. Што ж для нас значыць страціць жыццё за Езуса і Евангелле? Безумоўна, размова не ідзе тут аб сапраўднай раптоўнай смерці. Гэтае наша ахвяраванне жыцця за Езуса і Евангелле павінна працягнуцца на ўсё жыццё. Кожны дзень, у кожнай сітуацыі трэба яго страчваць, каб атрымаць! Якім чынам?
Кожную нядзелю без выключэння ты ўдзельнічаеш у святой Імшы. У параўнанні з тымі, хто не ходзіць у касцёл, здаецца, што ты страчваеш. Бо яны ў гэты час могуць ехаць на аўтавыстаўку, на рыбалку, у лес. Яны могуць выгодна сядзець перад тэлевізарам альбо проста даўжэй паспаць. Гэта ўсё страчваеш, але на самой справе атрымліваеш вельмі многа. А менавіта? Што дае табе ўдзел у святой Імшы? (...) Удзельнічаючы ў Святой Імшы, ты ўмацоўваешся, каб не стаміцца, не сысці са шляху, што вядзе да вечнасці, каб зберагчы сваё жыццё назаўсёды і навекі. Праз яднанне з Хрыстом ты дзелішся з іншым чалавекам тым, што маеш, напрыклад, другім снеданнем. Страчваеш бутэрброд, але атрымліваеш заслугу ў Пана Бога і ўдзячнасць сябра.
«Страціць, каб атрымаць» — вось шлях, які ўказаў нам Хрыстус, каб захаваць жьццё. Пане Езу, Ты вядзеш нас да паўнаты жыцця. Няхай не кіруюць намі нашы схільнасці і спакусы!
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.