Пошук

23.05.2025 12:56   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Стоп-кадры: Youtube-канал «Vatican Media Live» / Беларуская рэдакцыя Vatican News / Catholic.by

22 мая ўвечары ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане падчас урачыстай святой Імшы мансеньёр Іньяцыё Чэффаліа, які 25 сакавіка быў прызначаны Папам Францішкам тытулярным арцыбіскупам Ф'ярэнціна і Апостальскім нунцыем у Беларусі, атрымаў біскупскае пасвячэнне.

Святую Імшу з сакрамэнтам пасвячэння ўзначаліў Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П'етра Паралін. Сукансэкратарамі былі кардынал Франчэска Монтэнэгра, Апостальскі адміністратар Sede Vacante дыяцэзіі П'яна-дэльі-Альбанезі, да якой належаў будучы нунцый перад распачаццем дыпламатычнай службы, і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Секцыі Дзяржсакратарыяту па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, дзе раней служыў мансеньёр Іньяцыё Чэффаліа.

У літургіі прынялі ўдзел прадстаўнікі духавенства Беларусі: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі; біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён; архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі; ксёндз канонік Юрый Ясевіч, сакратар Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага; ксёндз доктар Раман Суша, выкладчык Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме і ксёндз Уладзімір Аксенцьеў, пробашч парафіі Галынка (Гродзенская дыяцэзія). На Імшы прысутнічаў таксама Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч, прызначаны на гэту пасаду 27 сакавіка бягучага года.

Беларускія іерархі разам з кардыналам Паралінам і арцыбіскупам Чэффалія. Фота з прыватнага архіва арцыбіскупа Юзафа Станеўскага

Падчас прамоўленай гаміліі кардынал Паралін, звяртаючыся да кандыдата на біскупскае пасвячэнне, адзначыў што ён не будзе кіраваць нейкім асобным Касцёлам, але асаблівым чынам будзе клапаціцца пра ўсе Касцёлы на тэрыторыі свайго служэння, у якіх біскупы будуць аказваць яму падтрымку і дапамогу.

Кардынал нагадаў прысутным, што, пачынаючы з 2006 года, мансеньёр Чэффаліа служыў як дыпламатычны прадстаўнік Святога Пасаду ў Эквадоры, у Пастаяннай місіі пры Радзе Еўропы ў Страсбургу, у Дзяржсакратарыяце Святога Пасаду ў якасці супрацоўніка Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі і ў Венесуэле, дзе яго місія была асабліва складанай з прычыны палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Кардынал Паралін выказаў перакананасць у тым, што з такой жа ўпэўненасцю, з якой ён вытрымаў цяжкасці служэння ў Венесуэле, і цяпер арцыбіскуп намінант зможа адказаць на новыя выклікі, між іншым, «звязаныя з адносінамі з нашымі праваслаўнымі братамі» ў краіне, якая яго прымае як нунцыя, «а таксама перад абліччам рэгіянальнай і кантынентальнай напружанасці».

Напрыканцы гаміліі кардынал П'етра Паралін параіў новаму нунцыю ў Беларусі, каб ён браў прыклад мужнасці са свайго святога заступніка — Ігнацыя Антыёхскага, біскупа і мучаніка, які загінуў ад зубоў драпежных жывёл у рымскім Калізеі, а таксама каб распальваў агонь Божага дару, які ёсць у ім праз ускладанне рук паводле слоў апостала Паўла да свайго вучня Цімафея (пар. 2 Цім 1, 6).

На заканчэнне святой Імшы слова ўзяў арцыбіскуп Чэффаліа, які сказаў:

«Цяпер Пан пасылае мяне ў Беларусь — азёрны край, дзе я пачынаю гэтую новую місію з глыбокім жаданнем служыць і будаваць масты. Я прыкладу свае найлепшыя намаганні, каб распаўсюджваць радасць Евангелля, працаваць дзеля дабра краіны і яе вернікаў», адзначыў іерарх.

Нунцый падкрэсліў, што, накіроўваючыся з трапічнай спякоты на шыроты новай зямлі, ён будзе «кіравацца ўпэўненасцю ў тым, што Касцёл адзіны, што любоў Бога не ведае межаў, а Яго ласка заўсёды нас апярэджвае».

Новапасвечаны арцыбіскуп звярнуўся са словамі падзякі да сваіх бацькоў, Франчэска і Марты Чэффаліа, за дар жыцця і веры, а таксама за тое, што пасеялі ў яго сэрцы каштоўнасці, якія падтрымліваюць яго пакліканне. Іерарх выразіў удзячнасць сваім родным, свайму гораду і дыяцэзіі, а таксама Венесуэле, дзе ён апошнім часам нёс служэнне.

Арцыбіскуп Станеўскі і біскуп Яшэўскі з бацькамі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффалія. Фота з прыватнага архіва арцыбіскупа Юзафа Станеўскага

Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа нарадзіўся ў 1975 годзе ў італьянскім горадзе Палерма. Належыць да візантыйска-албанскага абраду Касцёла.

 

Абноўлена 26.05.2025 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа