Пошук

05.10.2009 00:00  
Зусім не так мала

Часам вельмі мала — на самой справе азначае вельмі шмат. Вы запытаецеся здзіўлена: «Ці магчыма гэта?». Адказваю: «Магчыма». Больш за тое, гэта здараецца ў нашым жыцці адносна часта. Пастараюся вам гэта зараз растлумачыць. «Як вам здаецца, шклянка вады — гэта многа ці мала?». Не думайце, што я жартую. Не задумваючыся, можна проста адказаць: «Шклянка вады — гэта мала, вельмі мала. Бо дастаткова адкрыць кран альбо зачэрпнуць з вядра — і ўжо маем шклянку вады!».

На жаль, не заўсёды гэта так проста. З кніжак і фільмаў вы ведаеце эпізоды, калі вандроўнікі па пустыні, змучаныя, знясіленыя, шукаюць вады. Часам ім пагражае смерць ад смагі. Яны ўсё аддалі б за адну шклянку вады. Зрэшты, не трэба звяртацца да сітуацыі, у якой, хіба, ніколі нам не давядзецца апынуцца. Лепш звернемся да прыгодаў на канікулах. Можа, даводзілася камусьці з вас падарожнічаць у спякотны дзень. На жаль, вы забыліся ўзяць з сабою вады. Добра, што сябар не забыўся. Смага дакучала вам усё больш, а вакол, як на бяду, не было аніводнай крамы, аніводнай хаты. Як вы былі ўдзячны тады свайму сябру за кожны глыток вады. А як ацанілі тую рэшту вады, калі сябар сказаў: «Трымай, выпі ўсё! Выпі да рэшты!».

Можа, тады не задумваліся, чаму ён так паступіў, чаму аддаў вам апошнюю кроплю вады, нягледзячы на тое, што яму таксама хацелася піць. Можа, ён хацеў паказаць, што ён — твой надзейны сябар. А можа таксама прыгадаў словы Пана Езуса, якія пачуў на занятках па рэлігіі: «Прагнуў, і вы напаілі Мяне» (гл. Мц 25, 35). Ва ўсялякім выпадку, у вас была магчымасць пераканацца, што гэты сябар — сапраўды добры сябар.

Сённяшняе Евангелле гаворыць нам, што Езус прыглядаўся. Да чаго прыглядаўся? (...) Езус сеў насупраць скарбонкі і бачыў, што ў яе кладуць. Навошта Ён гэта рабіў? Безумоўна, не з-за цікаўнасці! Езус хацеў выкарыстаць гэтую нагоду, каб навучыць вучняў, якія знаходзіліся з Ім, нечаму вельмі важнаму. Чаму? (...) Езус хацеў паказаць ім, на чым заснавана сапраўднае ахвяраванне. «Гэтая бедная ўдава паклала больш за ўсіх» (гл. Мк 12, 43), — сказаў Езус. Адразу растлумачыў, чаму яна аддала больш за ўсіх.

Слухаючы Езуса, нехта падумае: «Гэта не для мяне! Гэтыя павучанні Езуса не датычаць мяне. Бо я яшчэ дзіця. Мне даводзіцца больш браць, чым даваць. Таму няхай мама і тата ўважліва слухаюць словы Езуса». Усё ж падумайце, як называюць таго, хто хоча толькі браць і не хоча нікому нічога даць. Мы гаворым, што ён самалюб, што ён эгаіст. А такімі мы быць не хочам! Таму ўважліва паслухаем словы Езуса, «урок» Езуса аб уменні аддаваць.

Заўважце, сярод многіх, якія клалі ў скарбонку, толькі адзін чалавек заслужыў пахвалы Езуса. I гэта была бедная ўдава. Чаму менавіта яе вызначыў Езус? Чаму менавіта яна стала прыкладам? (...) Таму, што ўсе іншыя аддавалі, маючы лішак. Давалі ў ахвяру, і часам вельмі шмат, але гэты дар няшмат для іх каштаваў. Затое дар удавы, хоць у пераліку на тое, што за яго можна купіць, быў малы, на самой справе быў вельмі вялікі: «Яна з нястачы сваёй паклала ўсё, што мела» (гл. Мк 12, 44). Хто сярод тых, хто знаходзіўся побач са скарбонкай, ведаў пра гэта? (...) Безумоўна, толькі Езус, які ведае сэрца чалавека і ведае яго думкі. Таму толькі Ён адзін мог справядліва ацаніць, колькі вартыя складаныя дары. Толькі Ён адзін мог сказаць, які з іх асабліва прыемны Богу.

Мы вельмі не любім, калі нам хтосьці дае тое, што яму ўжо не патрэбна. (...) Вядома, не заўсёды мы дакладна ведаем, навошта нехта нам штосьці дае. (...) Аднак, памятайце, што ёсць хтосьці, хто разгадвае і ведае ўсе думкі чалавека.

Таму, слухаючы навуку Езуса аб уменні даваць, зададзім сабе некалькі пытанняў: «Ці ўмею я штосьці даць?». Гэта першае і асноўнае пытанне. Калі не ўмееш, калі не хочаш нічога даць, то гэта вельмі дрэнна. Гэта сведчыць аб тым, што ты самалюбівы. Калі не хочаш быць самалюбівым і можаш даць штосьці іншым, задай сабе наступнае пытанне: «Можа, я даю толькі тады, калі маю чагосьці зашмат, калі нешта мне непатрэбна?». Даю цацку бедным дзецям толькі таму, што ўжо яна надакучыла. Альбо дам камусьці кніжку, бо аказалася, што маю дзве аднолькавыя, а на паліцы няма ўжо месца.

Езус заклікае, каб мы давалі каштоўныя дары. Што гэта значыць? (...) Калі штосьці нам здаецца дробяззю, на самой справе азначае вельмі многа. Залежыць гэта ад таго, колькі каштуе нам гэты дар. Напрыклад, ты купіў сабе снікерс такі, які любіш. Сустракаеш беднага сябра, які нічым не можа аддзячыць, дзелішся з ім і гаворыш: «Трымай, прашу пакаштуй, ці смачны». А сам з’еў бы адразу з дзесяць такіх снікерсаў, бо так яны табе падабаюцца. Здаецца, гэта так мала, але для цябе гэта так многа каштуе. Здаецца, ты даў яму так мала, бо што значыць гэты малы пачастунак, а на самой справе гэта не так ужо і мала.

Майце адкрытыя вочы, бо часта ёсць нагода рабіць такія маленькія, а разам з тым такія каштоўныя дары. Удзельнічаючы ў святой Імшы, просім Хрыста, які ведае і разумее нашыя сэрцы, каб мы заўсёды маглі заўважыць, калі і каму павінны даваць, хоць бы нават маленькія, але каштоўныя дары.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця