Пошук

УВОДЗІНЫ

І. Значэнне пасвячэння

101. У пасвячэнні прэзбітэрам удзяляецца той сакрамэнт, у якім “праз намашчэнне Духа Святога яны пазначаюцца асаблівым знакам і прыпадабняюцца да Хрыста такім чынам, што могуць дзейнічаць у асобе Хрыста Галавы”1.
Прэзбітэры бяруць удзел у святарстве і місіі біскупа. Як руплівыя супрацоўнікі біскупскага стану, яны пакліканыя да служэння народу Божаму і разам са сваім біскупам утвараюць адзін прэзбітэрый, прызначаны для выканання розных абавязкаў2.

102. Адпаведна сваёй ступені служэння яны ўдзельнічаюць у місіі Хрыста, адзінага Пасрэдніка (1 Цім 2, 5) і абвяшчаюць усім Божае слова. Свой святы абавязак яны выконваюць перш за ўсё ў цэлебрацыі Эўхарыстыі. Для вернікаў, якія каюцца, яны выконваюць абавязак паяднання, для хворых – умацавання, і заносяць да Бога Айца патрэбы і малітвы верных (пар. Гбр 5, 1-4). Здзяйсняючы згодна з дадзенай ім уладаю служэнне Хрыста Пастыра і Галавы, яны збіраюць Божую сям’ю, ажыўленую братняй любоўю, і праз Хрыста ў Духу Святым прыводзяць яе да Бога Айца. Сярод статку яны пакланяюцца Яму ў Духу і праўдзе (пар. Ян 4, 24). Нарэшце, яны працуюць у слове і ў вучэнні (пар. 1 Цім 5, 17); вераць у тое, што чыталі ў законе Пана, разважаючы над ім; навучаюць таму, у што паверылі; трымаюцца таго, чаму навучалі3.
ІІ. Абавязкі і паслугі
103. Усе вернікі дыяцэзіі павінны маліцца за кандыдатаў да прэзбітэрату, асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў.

104. Паколькі прэзбітэр устанаўліваецца для ўсяго мясцовага Касцёла, на пасвячэнне прэзбітэраў неабходна запрашаць духавенства ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх удзельнічала ў цэлебрацыі. Перш за ўсё належыць запрасіць на цэлебрацыю пасвячэння ўсіх прэзбітэраў дыяцэзіі.

105. Цэлебрантам пасвячэння з’яўляецца біскуп4. Належыць, каб пасвячэнне дыякана ў прэзбітэры здзяйсняў дыяцэзіяльны біскуп. Прэзбітэры, прысутныя на цэлебрацыі пасвячэння, разам з біскупам ускладаюць на кандыдата рукі “дзеля супольнасці і адзінства духа святарства”5.

106. Адзін з памочнікаў біскупа, адказных за падрыхтоўку кандыдатаў, на цэлебрацыі пасвячэння просіць ад імя Касцёла ўдзяліць пасвячэнне і адказвае на пытанне пра годнасць кандыдатаў. Дапамагаюць таксама некаторыя з прэзбітэраў, якія апранаюць на пасвячаных святарскія шаты. Прыстутныя прэзбітэры па магчымасці вітаюць новапасвячаных братоў пацалункам на знак прыняцця іх у стан прэзбітэраў і разам з біскупам і пасвячанымі канцэлебруюць эўхарыстычную літургію.

ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння

107. Належыць, каб мясцовы Касцёл, у якім будуць служыць пасвячаныя прэзбітэры, быў падрыхтаваны да цэлебрацыі пасвячэння.
Самі кандыдаты павінны рыхтавацца да пасвячэння праз малітву ў маўчанні, удзельнічаючы на працягу прынамсі пяці дзён у рэкалекцыях.

108. Цэлебрацыя павінна адбывацца ў катэдральным касцёле альбо ў касцёлах тых супольнасцяў, з якіх паходзіць адзін ці некаторыя з кандыдатаў, альбо ў іншым больш значным касцёле.
Калі тыя, хто прымае пасвячэнне прэзбітэрату, належаць да пэўнай супольнасці законнікаў, пасвячэнне можа адбывацца ў касцёле гэтай супольнасці, у якой яны будуць здзяйсняць сваё служэнне.

109. Пасвячэнне павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў.

110. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй.
Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту, Велікоднага перыяду і дзён у актаве Пасхі. У гэтыя дні цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі.
Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы.
Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія.

111. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл просіць біскупа пасвяціць кандыдатаў. Упаўнаважаны на гэта прэзбітэр на пытанне біскупа публічна паведамляе, што ў дачыненні да кандыдатаў няма сумненняў. Кандыдаты перад біскупам і ўсімі вернымі выказваюць намер выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла пад кіраўніцтвам біскупа. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для кандыдатаў.

112. Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння кандыдатам удзяляецца дар Духа Святога для выканання прэзбітэрскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: “Просім Цябе, усемагутны Ойча, дай гэтым слугам Тваім годнасць прэзбітэра; аднаві ў іх сэрцах Духа святасці; няхай яны верна выконваюць абавязак святарскага служэння другой ступені, прыняты ад Цябе, Божа, і прыкладам свайго жыцця спрыяюць выпраўленню звычаяў”.
Разам з біскупам прэзбітэры ўскладаюць рукі на кандыдатаў, каб гэтым засведчыць іх прыняцце ў стан прэзбітэраў.

113. Непасрэдна пасля малітвы пасвячэння пасвячаныя надзяваюць на сябе прэзбітэрскую стулу і арнат, што з’яўляецца знешнім знакам іх служэння, якое з гэтага часу яны будуць здзяйсняць у літургіі.
Гэтае служэнне больш поўна выяўляюць таксама іншыя знакі: намашчэнне рук азначае асаблівы ўдзел прэзбітэраў у святарстве Хрыста, уручэнне ім хлеба і віна паказвае на абавязак кіравання цэлебрацыяй Эўхарыстыі і наследавання ўкрыжаванага Хрыста.
Пацалунак біскупа – гэта нібы пячаць, што пацвярджае прыняцце іх у яго служэнне. Прэзбітэры пацалункам вітаюць пасвячаных, якія яднаюцца з імі ў супольным служэнні прэзбітэрскага стану.

114. У эўхарыстычнай літургіі пасвячаныя першы раз выконваюць сваё служэнне, канцэлебруючы яе з біскупам і з іншымі членамі прэзбітэрыя. Новапасвячаныя прэзбітэры займаюць першае месца.

IV. Што неабходна падрыхтаваць

115. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць:
а) кнігу з абрадамі пасвячэння;
б) арнаты для кожнага з прымаючых пасвячэнне;
в) палатняны грэміял;
г) святое хрызма;
д) усё, што патрэбна для абмывання рук як біскупа, так і пасвячаных.

116. Пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, пасад для біскупа рыхтуецца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы.
Месцы для прымаючых пасвячэнне размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне.

117. Біскуп і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць адпаведнае літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы.
Тыя, хто прымае пасвячэнне, апранаюць гумерал, альбу, пас і дыяканскую стулу.
Прэзбітэры, якія ўскладаюць рукі на прымаючых пасвячэнне, але не канцэлебруюць, апранаюць альбу і стулу альбо комжу і стулу паверх сутаны.
Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне.
q
  1. Conc. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, 2.
  2. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 28.
  3. Пар. тамсама.
  4. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 26.
  5. Hippolytus, Traditio Apostolica, 8.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа