Пошук

15.10.2009 00:00  
1. У сённяшнім Евангеллі Езус навучае аб прынцыповай розніцы паміж сілаю і ўладай. Сіла — гэта магчымасць дзейнічаць супраць кагосьці учынкамі, словамі ці думкамі. Улада ж павінна быць укаранёна ў служэнні іншым.

Езус Хрыстус навучае, што той, хто хоча быць першым, павінен быць апошнім і слугою іншых. Сам Езус кіраваўся гэтым правілам, калі жыў на зямлі. Асаблівым чынам гэта праявілася ў Яго ахвяры на крыжы, калі Хрыстус аддаў сваё жыццё дзеля збаўлення свету.

Нездарма ў сённяшнім першым чытанні прарок Ісая кажа, што служэнне ў Божым Валадарстве можа азначаць нават смерць. Гісторыя хрысціянства пацвярджае гэта, бо яна пазначана пераследам і крывёю мучанікаў за веру, сведкамі чаго яшчэ зусім нядаўна былі мы.

2. Сённяшняя нядзеля ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца як Сусветны дзень місій, што распачынае місійны тыдзень. Касцёл па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным. Менавіта праз місію праяўляецца яго дынамізм, праз якую ён выконвае сваё заданне несці Евангелле да краёў зямлі, як гэта даручыў яму сам Збаўца.

Дзякуючы місіям Евангелле могуць пазнаць язычнікі. Той факт, што хрысціянства сёння распаўсюджана па ўсёй зямлі, найперш павінен расцэньвацца як заслуга місіянераў — тых мужчын і жанчын, святароў і кансэкраваных асоб, якія, не шкадуючы сябе, ехалі і едуць у далёкія краіны, каб там евангелізаваць і навучаць людзей праўдам веры і маральным нормам. Многія з іх за сваё служэнне ў справе распаўсюджвання Евангелля заплацілі жыццём. Час ад часу сродкі масавай камунікацыі даносяць звесткі пра тое, што ў адной ці іншай краіне загінуў місіянер.

3. Аднак, кажучы пра місіянерства, трэба адзначыць, што ў сучасным свеце існуе патрэба місіянерскай працы ў нашых дамах, на фабрыках, у школах і ва універсітэтах, сярод тых, хто быў ахрышчаны, але страціў веру і пачуццё сэнсу граху. Сучаснае хрысціянства, на жаль, становіцца хрысціянствам язычнікаў, якія называюць сябе хрысціянамі, але на самой справе імі не з’яўляюцца, бо думкі іх і ўчынкі як у язычнікаў. Яны перанялі погляды, паставы, этычныя ўзоры, каштоўнасці і стыль жыцця людзей, якія кіруюцца духам гэтага свету. Не жадаюць глядзець на яго праз прызму вечных каштоўнасцяў.  Падвяргаюць сумненню галоўныя праўды веры. У іх аслаблена пачуццё годнасці чалавечай асобы і знікла пачуццё граху. Іх жыццё пранікае кансумізмам (спажывецкія настроі — Рэд.) і эратызмам. «Мець» пераважае над «быць». Яны згаджаюцца на распад сям’і, аборты, эўтаназію, вопыты на чалавечых эмбрыёнах і г. д. Не прымаюць здаровай навукі аб сексуальным жыцці, сужэнскай вернасці і г. д.

Сучасныя арэапагі — свет мас-медый, культуры, забаваў, бізнесу, навукі, палітыкі — вельмі моцна паддаліся дэхрысціянізацыі. Абсалютная свабода чыніць усё, што падабаецца, талерантнасць жа адносна парушэння Божага закону, а таксама пошук прыемнасцяў сталі фундаментальнымі каштоўнасцямі, а калі на самой справе — антыкаштоўнасцямі, на якіх будуецца сучаснае жыццё.

Жудасны акт варварства быў здзейснены некалькі дзён таму ў Мінску. Падчас працаў на месцы былой грэка-каталіцкай царквы ў самым цэнтры горада была знойдзена непарушаная крыпта з захаваннем, побач з якой было многа касцёй. Працаўнікі прадпрыемства «Мінская спадчына» разбілі знойдзеную крыпту і зняважылі астанкі пахаванага ў ёй чалавека. Гэта адбылося ў той час, калі з боку грэка-каталікоў прадпрымаліся неабходныя намаганні, каб годна перазахваць астанкі. Цяжка зразумець такія дзеянні, асабліва з боку «Мінскай спадчыны», якая па свайму прызначэнню павінна клапаціцца аб захаванні гісторыі. Аднак калі ў людзей няма нічога святога, то і гісторыя з’яўляецца толькі месцам, дзе робіцца бізнес.

4. Таму сучасны постхрысціянскі свет патрабуе новай місіянерскай дзейнасці. Мы ўсе адказныя за яе і перад намі адкрываецца добрая перспектыва ў яе правядзенні. Ажыццяўляць жа яе трэба не толькі праз абвяшчэнне Евангелля і навучанне праўдам веры ў касцёле, катэхетычнай зале, на рэкалекцыях і спецыяльных сустрэчах і г. д.

Сучасны свет патрабуе хрысціянскага сведчання. Чаму не запрасіць супрацоўнікаў або тых, з кім мы вучымся і жывем, на супольную малітву перад і пасля яды? Чаму не паказаць іншым, што мы захоўваем пост? Чаму не пайсці разам з дзецьмі і ўнукамі на набажэнства ў касцёл? Чаму не маліцца штодзённа разам з імі? Такіх «чаму» вельмі многа.

Гэта не што іншае як заклік да рахунку сумлення і да актыўнага ўдзелу ў справе місіі ў нашым асяроддзі. Мы павінны чыніць гэта моцаю нашага ўдзелу ў паўсюдным святарстве Езуса Хрыста, якое мы атрымліваем дзякуючы сакрамэнту хросту. Робячы так, мы павінны ведаць, што найлепшая гамілія, якую мы можам прамовіць, будзе сказана не словамі, але прыкладам і сведчаннем нашага жыцця.

5. Шэсць гадоў таму Слуга Божы папа Ян Павел II здзейсніў беатыфікацыю Маці Тэрэзы з Калькуты — найбольш вядомага і папулярнага чалавека сучаснасці. Яе веліч у тым, што яна служыла найбяднейшым з усіх бедных. Служачы ім, яна стала славутай місіянеркай, бо праз дабрачынную працу несла людзям Бога. Дзякуючы прыкладу, сведчанню і служэнню падобных да яе людзей Хрыстус становіцца прысутным у нашым свеце.

Маці Тэрэза памерла ў 1997 г. Яе смерць збеглася са смерцю вялікіх гэтага свету — прынцэсы Дыяны і былога Прэзідэнта Заіра (сёння Дэмакратычная Рэспубліка Конга) Мабуту Сэсэ Сэко. Маці Тэрэза аб’яўлена благаслаўлёнай. Яна стала сапраўды вялікай не толькі ў вачах людзей, але і ў Бога. Дзякуючы яе прыкладу людзі звяртаюцца да Бога. А іншыя… Мы не маем права іх судзіць, але можам паўтарыць словы лацінскага афарызма: «Sic transit gloria mundi» — «Так прамінае слава гэтага свету».

6. Такім чынам, хто сапраўды ёсць вялікім? Логіка Хрыста не ідзе ў пару з логікай гэтага свету, у якім усе хочуць быць першымі. Толькі гэты свет калісьці праміне і тады першыя будуць апошнімі, а апошнія — першымі. Таму, можа, сапраўды трэба змяніцца ў гэтым драпежным і двудушным свеце? Можа, варта не баяцца гэтага зямнога жыцця, каб атрымаць яго ва ўсёй паўнаце… Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.