УВОДЗІНЫ
І. Значэнне пасвячэння
173. Праз ускладанне рук, якое было перададзенае Апосталамі, пасвячаюцца дыяканы, каб дзякуючы сакрамэнтальнай ласцы яны дзейсна спаўнялі сваё служэнне. Таму ўжо ад даўніх апостальскіх часоў каталіцкі Касцёл мае ў вялікай пашане святы стан дыяканату1.
174. «Дыякан, з даручэння кампетэнтнай улады, можа ўрачыста ўдзяляць хрост, захоўваць і раздаваць Эўхарыстыю, ад імя Касцёла дапамагаць пры ўдзяленні сужэнства і благаслаўляць яго, удзяляць Віятык паміраючым, чытаць Святое Пісанне верным, настаўляць і заахвочваць народ, кіраваць набажэнствам і малітваю верных, здзяйсняць сакрамэнталіі, кіраваць абрадам жалобы і пахавання. Дыяканы, якія прысвячаюць сябе абавязкам любові і служэння, павінны памятаць словы св. Палікарпа: “Міласэрныя, старанныя, якія паступаюць згодна з праўдаю Пана, які стаў слугою ўсіх”»2.
175. Тыя, каго пасвячаюць у дыяканы, за выключэннем асобаў, якія праз шлюбы ўвайшлі ў інстытут кансэкраванага жыцця духавенства, павінны быць прынятыя біскупам у лік кандыдатаў3.
176. Праз дыяканскае пасвячэнне адбываецца ўступленне ў духоўны стан і інкардынацыя ў пэўнай дыяцэзіі ці персанальнай прэлатуры.
177. Праз добраахвотнае прыняцце цэлібату перад абліччам Касцёла кандыдаты да дыяканату па-новаму пасвячаюцца Хрысту. Публічна выявіць гэта абавязаныя таксама тыя, хто склаў шлюб вечнай чыстасці ў інстытуце кансэкраванага жыцця.
178. У цэлебрацыі пасвячэння дыяканам давяраецца абавязак Касцёла, які праслаўляе Бога і моліць Хрыста, а праз яго – Айца за збаўленне ўсяго свету. Таму дыяканы цэлебруюць Літургію гадзінаў за ўвесь народ Божы і нават за ўсіх людзей.
ІІ. Абавязкі і паслугі
179. Усе вернікі дыяцэзіі павінны маліцца за кандыдатаў у дыяканы, асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў.
Паколькі дыяканы “пасвячаюцца для прыслугоўвання біскупу”4, на іх пасвячэнне трэба запрашаць духоўных асобаў ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх удзельнічала ў цэлебрацыі. Перш за ўсё належыць запрасіць на цэлебрацыю пасвячэння ўсіх дыяканаў дыяцэзіі.
180. Цэлебрантам пасвячэння з’яўляецца біскуп. Адзін з памочнікаў біскупа, адказных за падрыхтоўку кандыдатаў, на цэлебрацыі пасвячэння просіць ад імя Касцёла ўдзяліць пасвячэнне і адказвае на пытанне пра годнасць кандыдатаў.
У цэлебрацыі пасвячэння бяруць удзел дыяканы, якія апранаюць на пасвячаных дыяканскія шаты. Калі дыяканаў няма, гэта могуць зрабіць іншыя прыслугоўваючыя. Дыяканы, ці некаторыя з іх, вітаюць новапасвячаных братоў пацалункам на знак прыняцця іх у дыяканат.
ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння
181. Належыць, каб мясцовы Касцёл, у якім будуць служыць пасвячаныя дыяканы, быў падрыхтаваны да цэлебрацыі пасвячэння.
Самі кандыдаты павінны рыхтавацца да пасвячэння праз малітву ў маўчанні, удзельнічаючы на працягу прынамсі пяці дзён у рэкалекцыях.
182. Цэлебрацыя пасвячэння павінна адбывацца ў катэдральным касцёле альбо ў касцёлах тых супольнасцяў, з якіх паходзіць адзін ці некаторыя з кандыдатаў, альбо ў іншым больш значным касцёле.
Калі тыя, хто прымае пасвячэнне дыяканату, належаць да пэўнай супольнасці законнікаў, пасвячэнне можа адбывацца ў касцёле гэтай супольнасці, у якой яны будуць здзяйсняць сваё служэнне.
183. Паколькі дыяканат адзіны, належыць, каб на цэлебрацыі пасвячэння не рабілася ніякага адрознення паміж кандыдатамі з увагі на іх становішча. Але, паводле абставінаў, можна дапусціць асобную цэлебрацыю для дыяканаў жанатых і нежанатых.
184. Пасвячэнне павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў.
185. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй.
Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту, Велікоднага перыяду і дзён у актаве Пасхі. У гэтыя дні цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі.
Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы.
Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія.
186. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл просіць біскупа пасвяціць кандыдатаў. Упаўнаважаны на гэта прэзбітэр на пытанне біскупа публічна паведамляе, што ў дачыненні да кандыдатаў няма сумненняў. Кандыдаты перад біскупам і ўсімі вернымі выказваюць намер выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла пад кіраўніцтвам біскупа. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для кандыдатаў.
187. Праз ускладанне рук біскупа і малітву пасвячэння кандыдатам удзяляецца дар Духа Святога для выканання дыяканскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: “Спашлі на іх, просім Цябе, Пане, Духа Святога, каб умацаваў іх семярычным дарам Тваёй ласкі для вернага выканання абавязку служэння”.
188. Непасрэдна пасля малітвы пасвячэння пасвячаныя надзяваюць на сябе дыяканскую стулу і далматыку, што з’яўляецца знешнім знакам іх служэння, якое з гэтага часу яны будуць здзяйсняць у літургіі.
Уручэнне кнігі Евангелля ўказвае на абавязак дыяканаў абвяшчаць Евангелле на літургічных цэлебрацыях і прапаведаваць словам і чынам веру Касцёла.
Пацалунак біскупа – гэта нібы пячаць, што пацвярджае прыняцце іх у яго служэнне. Дыяканы пацалункам вітаюць пасвячаных, якія яднаюцца з імі ў супольным служэнні дыяканскага стану.
189. У эўхарыстычнай літургіі пасвячаныя першы раз выконваюць сваё служэнне, дапамагаючы біскупу, рыхтуючы алтар, удзяляючы верным Камунію, а асабліва служачы пры келіху і прамаўляючы заклікі.
ІV. Што неабходна падрыхтаваць
190. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць:
а) кнігу з абрадамі пасвячэння;
б) стулы і далматыкі для кожнага з прымаючых пасвячэнне.
191. Пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, пасад для біскупа рыхтуецца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы.
Месцы для прымаючых пасвячэнне размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне.
192. Біскуп і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць адпаведнае літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы.
Тыя, хто прымае пасвячэнне, апранаюць гумерал, альбу і пас.
Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне.
й
- Пар. Paulus VI, Litt. apost. Sacrum diaconatus Ordinem, 18 Iunii 1967: A.A.S. 59 (1967) 697-704.
- Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, 29.
- Пар. Paulus VI, Litt. apost. Ad pascendum, № I: A.A.S. 64 (1972) 538; CIC, can. 1034.
- Hippolytus, Traditio Apostolica, 8.