Пошук

12.10.2009 00:00  
Што ты зрабіў?

Як можна адказаць на пытанне: «Што зрабіў?». (...) Скажаце, што гэта залежыць ад сітуацыі. Часам пасля такога пытання трэба растлумачыць тое, што ты зрабіў. Маці задасць такое пытанне свайму дзіцяці, калі ад яго пачуе, што настаўніца прасіла зайсці кагосьці з бацькоў. Перад тым, як мама альбо тата пойдуць да настаўніцы, яны даведаюцца, што здарылася. Найперш запытаюцца: «Што ты зрабіў?».

У іншай сітуацыі падобнае пытанне можа быць нагодаю, каб расказаць пра дасягненні, каб пахваліцца. Напрыклад, сустрэча з людзьмі, якія дасягнулі нечага надзвычайнага, распачынаецца пытаннямі: «Што вы зрабілі?». А той, каго запыталіся, адказвае: «Я выратаваў дзіця з палаючага дома альбо хутка прыйшоў на дапамогу чалавеку, які тануў».

Езусу таксама задалі пытанне: «Што ты зрабіў?» (гл. Ян 18, 35). Хто задаў такое пытанне Езусу? (...) Гэта быў Пілат. Пілат быў самым галоўным рымскім пракуратарам у той частцы Палестыны, якая называлася Юдэя. Зрэшты, сама Юдэя не была вельмі вялікай. Яна была значна меншай, чым адна наша вобласць.
 
Калі Пілат задаў Езусу пытанне: «Што зрабіў?». (...) У вельмі складанай для Езуса сітуацыі. Адбылося гэта падчас суда над Езусам. Яўрэі прывялі Езуса да Пілата. Аднак яны не прадставілі канкрэтнага абвінавачвання супраць Езуса. Таму Пілат дапытваў Езуса. Першае зададзенае Езусу пытанне было такое: «Ты Цар Юдэйскі?» (гл. Ян 18, 33).

Навошта Пілат задаў Езусу такое пытанне? У гэтым пытанні няма нічога надзвычайнага, бо ў часы Езуса было шмат такіх, якія сцвярджалі, што яны пасланыя Богам, каб вызваліць габрэяў з-пад панавання рымлянаў. Таму, запытаўшыся ў Езуса: «Ты Цар Юдэйскі?», — Пілат на самой справе запытаў: «Ці Ты палітычны правадыр яўрэяў?».

Езус не адказаў Пілату: «Так». Бо не мог так сказаць. Ён не быў палітычным правадыром. На зададзенае пытанне Езус адказаў пытаннем: «Ці ад сябе ты гаворыш гэтае, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» (гл. Ян 18, 34). Што адказаў на гэта Пілат? Ён крыху раззлаваўся, пачуўшы такія словы. Нічога дзіўнага! Пілат быў вельмі важным пракуратам, а Езус —абвінавачаным, якога дапытваў. Таму Пілат сказаў Яму: «Ці ж я іудзей? Цябе твой народ і архірэі выдалі мне. Што ж Ты зрабіў?» (гл. Ян 18, 35).
Пытаючыся Езуса: «Што Ты зрабіў?», — Пілат хацеў, каб Езус расказаў пра сябе. Няхай абвінавачаны сам скажа пра сябе. Можа, гэта дапаможа высветліць справу. Ён спадзяваўся, што Езус будзе апраўдвацца і казаць, што ён ні ў чым не вінаваты, што Яго несправядліва абвінавацілі. Аднак так не сталася!
Адказваючы на пытанне, Езус гаворыць не пра сябе, але пра сваё валадарства: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б было з гэтага свету валадарства Маё, то слугі мае змагаліся б, каб жыды не выдалі Мяне. Але валадарства Маё не адсюль» (гл. Ян 18, 36). Гэта тлумачэнне было неабходнае! Без яго Пілат не мог зразумець, што азначаюць словы Езус Валадар. Яго валадарства не з гэтага свету. Яно цалкам іншае, чым тыя, што існуюць на гэтым свеце.

Пілат пытаецца паўторна ў Езуса: «Ты Цар?» (гл. Ян 18, 37). На гэты раз Езус адказвае проста: «Я Цар». I адразу дадае: «Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе» (гл. Ян 18, 37). Такім чынам Езус растлумачыў, на чым заснавана Яго місія. Менавіта цяпер Езус адказаў Пілату на зададзенае раней пытанне: «Што ты зрабіў?». Езус даў сведчанне праўды. Што гэта значыць? Аб якой праўдзе ідзе гаворка?

Безумоўна, не аб такой праўдзе, якую трэба сказаць бацькам, калі пытаюцца, што атрымаў у школе. Езус даў сведчанне праўды але такой праўды, якая паходзіць ад Бога. Езус прынёс гэту праўду на свет. Ён аб’явіў Айца, які так «палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 16).

Езус Хрыстус, Адзінародны Сын Айца, даў сведчанне праўды, бо збавіў людзей. Менавіта гэта зрабіў Езус.
Таму Айцец намасціў Яго Царом сусвету. Яго ўлада распаўсюджваецца не толькі на ўсіх людзей, але і на ўсе стварэнні (гл. Прэфацыя аб Езусе Хрысце, Валадары Сусвету). Гэта сапраўдная ўлада! Вельмі дрэнна, калі нехта не ўспрымае сур’ёзна гэтай улады. Чаму? (...) Бо мы гаворым, вызнаючы веру: «Адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых».

Здараецца, што некаторыя, падобна Пілату, і сёння задаюць Езусу Хрысту пытанне: «Што ты зрабіў?». Што зрабіў для чалавецтва, для паміраючых з голаду, для тых, хто пакутуе ад войнаў? Яны не павінны забываць таго, што некалі Хрыстус прыйдзе судзіць жывых і памерлых і запытае кожнага без выключэння: «Што ты зрабіў?». Што тады мы адкажам?

Удзел у кожнай Эўхарыстыі распачынаецца актам пакаяння. Мы павінны тады запытаць сябе: «Што я зрабіў?». Толькі рэальная ацэнка самога сябе можа дапамагчы нам атрымаць валадарства, падрыхтаванае нам ад стварэння свету (гл. Мц 25, 34).


З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа