Пошук

30.10.2009 18:00  
Пракладзены шлях

Набліжаецца зіма. Яна мае сваю прыгажосць, але здараецца, што яна занадта цяжкая. Непрыемна, калі прыцісне моцны мароз. Яшчэ горш, калі вялікі снег засыпае дарогі. Цяжка тады дайсці да школы, асабліва, калі школа знаходзіцца далёка. Бывае, што некаторыя вёскі на нейкі час цалкам адрэзаныя ад свету. Толькі па неабходнасці пры такіх умовах (напрыклад, хворага трэба завесці да ўрача) хтосьці адчайваецца ехаць на машыне. Ён сур’ёзна рызыкуе, бо можа на доўгі час засесці ў гурбах. А што робяць жыхары адрэзанай ад свету мясцовасці? Звычайна нічога. Яны ўсе з нецярплівасцю чакаюць дарожных службаў, якія з дапамогаю адпаведнай тэхнікі расчысцяць дарогу.

У зімовы, сонечны дзень прайсціся па лесе вырашылі бацька і яго маленькі сын. Не было праблем, калі ішлі пратаптанаю ўжо сцежкаю. Праз некаторы час дзіця захацела ўзысці на невялічкі ўзгорак. Тады бацька спакойна яму растлумачыў, што гэта немагчыма, бо сцежкі ячшэ ніхто не пратаптаў, а снег вельмі глыбокі. Дзіця адказала: «Тата, гэта магчыма. Ты ідзі першы, а я пайду па тваіх слядах».

Навошта я вам усё гэта расказваю? Не для таго, каб напалохаць вас зімою ці навучыць хадзіць па гурбах. Тады навошта? Гэтыя прыклады дапамагаюць зразумець нам сённяшнюю ўрачыстасць Усіх Святых. Таксама нам будзе лягчэй знайсці адказ на пытанне, кім для нас з’яўляюцца святыя.

Аднак спачатку задумайцеся, хто мы такія? Сённяшняя ўрачыстасць дае для гэтага асаблівую нагоду. Мы — пілігрымы на гэтым свеце. Ці хто-небудзь у гэтым сумняваецца? Няхай тады проста паходзіць па могілках і пачытае, што напісана на помніках. Што ён павінен чытаць? Прозвішчы? Імёны? Напэўна, яны няшмат скажуць. Дык што павінен чытаць? Толькі напісаныя на помніках даты. Чаму менавіта даты? Безумоўна, іх не трэба запамінаць! Навошта тады чытаць? Для таго, каб добра ўсвядоміць, што ты — пілігрым на гэтым свеце. Тым, кім мы цяпер з’яўляемся, яны ўжо калісці былі. Тым, кім ёсць яны цяпер, мы калісьці будзем.

Навошта на помніку напісаныя дзве даты? (...) На помніку абавязкова пазначаюцца дзве даты: першая — дата нараджэння, другая — дата смерці. А я скажу інакш: першая дата — дата нараджэння — гэта дата пачатку пілігрымкі на гэтым свеце, другая — дата смерці — гэта дата завяршэння пілігрымкі.

Заўважце, што пілігрымка на гэтым свеце ў адных вельмі доўгая, трывае нават да ста гадоў, у іншых — вельмі кароткая, бывае ўсяго некалькі гадоў, некальмі месяцаў, нават некалькі дзён.

Думае мы пра гэта не для таго, каб трапіць у прыгнечанасць і смутак, а наадварот! Для таго, каб ні на хвіліну не забывацца, што мы — пілігрымы. Для таго, каб мы не прывязваліся празмерна да гэтага свету. Укараніцца тут не ўдасца! Смерць усё роўна вырве нас з гэтага свету.

Мы — пілігрымы, а «наша айчына ў небе» (гл. Флп 3, 20). Святыя добра зразумелі гэту ісціну. Нават у самых складаных сітуацыях яны памяталі, «калі наш зямны дом разваліцца, дык мы маем ад Бога жыллё на нябёсах, дом нерукатворны, вечны; ведаючы, што жывучы ў целе, мы далёкія ад Пана» (гл. 2 Кар 5, 1.6). Святыя — гэта тыя, хто перамог усялякія перашкоды і пераможна дайшоў да мяжы, да мэты. Менавіта пра іх гаворыць першае чытанне: «Стаяць перад пасадам і перад Ягнём» (гл. Ап 7, 9).

Хтосьці скажа: «Гэта яны стаяць перад Ягнём — яны спазналі збаўленне. Яны ўжо жыхары неба. Мы яшчэ не!». Гэта не азначае, што мы імі быць не можам. Далучыцца да жыхароў неба магчыма. Мы маем ужо пракладзены шлях да неба. Гэта менавіта святыя праклалі нам гэты шлях.

Святыя вельмі патрэбныя, бо яны глыбока паяднаныя з Хрыстом і яшчэ мацней умацоўваюць увесь Касцёл у святасці; няспынна просяць за нас Айца, ахвяроўваючы Яму заслугі, якія здабылі на зямлі; братэрскім клопатам цудоўна падтрымліваюць нашу слабасць (гл. ККК 49).

Запомніце словы святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус: «Прыйду да майго неба, каб рабіць дабро на зямлі» (гл. ККК 956).

Шлях да нябеснай айчыны пракладзены. Прайшло па ім ужо шмат святых, якія жылі ў розныя часы і ў розных абставінах, паходзілі з розных народаў, рас і нацыянальнасцяў. Таму сёння трэба задаць сабе пытанні:

— Ці сапраўды я вырушыў на гэты шлях?
— Ці, будучы пілігрымам на гэтым свеце, ахвотна і правільна іду па гэтым шляху?
— Ці, маючы перад вачыма прыклад святых, пераможна пераадольваю перашкоды і цяжкасці, што з’яўляюцца на маім шляху?
 
Падчас кожнай Эўхарыстыі памятайце аб дапамозе, якую аказваюць нам святыя. Бо мы прагнем атрымаць спадчыну «з Найсвяцейшай Паннай Багародзіцай Марыяй», са святымі Апосталамі Тваімі і слаўнымі Мучанікамі і ўсімі святымі, праз заступніцтва якіх мы спадзяёмся на Тваю нястомную дапамогу».

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа