Пошук

18.09.2009 17:00  
Чаму паміж вамі сваркі?

Мы не любім слухаць сваркі. He хочам быць іх сведкамі. Чаму? (...) Бо пасля застаецца нейкае непрыемнае пачуццё. Таму знаходзім тысячу спосабаў, каб толькі не знаходзіцца сярод тых, хто сварыцца. Раздражняе нас не толькі павышаны голас. Тыя, хто сварыцца, звычайна не валодаюць сабой. Кожная абавязкова хоча «пераканаць» іншага ў тым, што толькі ён мае рацыю. Яны не кантралююць сваю мову, ужываюць вульгарныя словы, крычаць, абражаюць і прыніжаюць адно аднаго.

Калі эмоцыі бяруць верх, то людзі ўжо, мабыць, не зусім ведаюць, у чым справа, чаму ўвогуле яны сварацца. Тады галоўнае — стаяць на сваім, каб прынізіць іншых, зняважыць, абразіць і нават знішчыць. Усё выразней у голасе пачынае гучаць зласлівасць і нават нянавісць. Часам сварка даходзіць да бойкі. Здараюцца нават забойствы.

Сваркі бываюць не толькі ў чатырох сценах дома, у двары ці вуліцы. Насуперак нашай волі мы з’яўляемся сведкамі сваркі, якая адбываецца ў тэлевізійнай студыі падчас прамой трансляцыі. Часам, каб прынізіць кагосьці, хто мае іншыя погляды, выкарыстоўваюць зласлівасць. Чалавека зневажаюць, высмейваюць і прыніжаюць. Ужываюць нават абразлівыя словы. Вельмі дрэнна, калі такая сварка адбываецца на вачах мільёнаў тэлегледачоў. Чаму? (...) Нават у тым выпадку, калі мы не любім сварыцца і глядзім такую праграму з прыкрасцю, усё ж — нават несвядома — можам пераймаць такі стыль паводзінаў і лічыць чымсьці нармальным. Бо як інакш назваць, калі перашкаджаюць іншаму чалавеку падчас размовы, перапыняюць, не даюць закончыць сказ.

Асобна можна сказаць пра сваркі футбольных балельшчыкаў на стадыёнах падчас матчаў. Здараецца, што два «бакі» балельшчыкаў не выбіраюць словы і карыстаюцца найгоршымі. Чаму? Калі б у іх запыталіся аб гэтым, то думаю, што яны не змаглі б нічога сказаць. Таму футбольны матч замест таго, каб быць добрай нагодай для адпачынку, становіцца месцам для супольнай знявагі.

Сваркі — гэта не толькі справа асабістай культуры. Яны абражаюць Бога і зневажаюць годнасць іншага чалавека. Таму апостал Якуб напісаў пасланне, у якім, між іншым, вельмі моцна асуджае спрэчкі і сваркі, якія здараліся тады паміж хрысціянамі. Менавіта гэты ўрывак паслання быў выбраны як першае імшальнае чытанне. Святы Якуб напісаў: «Адкуль войны і бітвы ў вас? Ці не адгэтуль: з раскошаў вашых, што ў членах вашых ваююць? Жадаеце і не маеце; забіваеце і зайздросціце, — ды не можаце дасягнуць; сварыцеся і ваюеце, ды не маеце, бо не просіце» (гл. Як 4, 1–2).

Toe, што святы Якуб так востра напісаў, можна сфармуляваць вельмі коратка: войны і сваркі паміж людзьмі адбываюцца з-за таго, што беспарадак ёсць у сэрцы чалавека. Хтосьці скажа: «Як беспарадак можа быць у чалавеку? Зразумела, беспарадак у пакоі, беспарадак у шафе. Але ў чалавеку?». Значна лягчэй зрабіць парадак і скласці рэчы ў шафе, чым навесці парадак у самім сабе і ў сваёй галаве.

Спачатку трэба ўпарадкаваць уласную любоў. Згодзен, што мы павінны любіць не толькі Пана Бога і іншых людзей, але таксама павінны любіць саміх сябе. Калі добра ўмеем любіць саміх сябе, то таксама належна любім і шануем бліжняга. Бо такая ёсць запаведзь любові да бліжняга: «Любі бліжняга свайго, як сябе самога».

Аднак дрэнна, калі з’яўляецца хваравітая асабістая любоў да самога сябе альбо эгаізм. Эгаіст лічыць, што ягонае «я» найважнейшае: я — важны, іншыя — не. Ідзе па жыцці, распіхваючы іншых локцямі. А калі гэткі самы, як ён, трапіцца яму на шляху? Што тады будзе? Безумоўна, сварка гарантавана. У кожным з нас ёсць хоць трохі хворай любові да самога сябе альбо эгаізм. У адных ён праяўляецца больш, у іншых — менш. Менавіта эгаізм падштурхоўвае нас да сваркі. Ён падказвае нам: «Настойвай на сваім! Скажы яму, як ёсць на самой справе. Няхай нарэшце пачуе праўду аб сабе!». I так ад слова да слова, аж пакуль не адбываецца сапраўдная сварка.

Больш таго, некаторыя вельмі любяць сваркі. Любая зачэпка можа бьць падставай для сваркі. Гэта становіцца іх спосабам жыцця. Але ці гэта добра? Упэўнены, што не! Хрысціянін павінен пазбягаць сварак. Святы Павел нагадвае нам: «Калі магчыма з вашага боку, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі» (гл. Рым 12, 18). Варта таксама запомніць параду мудраца: «Гарачая спрэчка распальвае агонь, а гарачая сварка пралівае кроў. Калі падзьмеш на іскру, яна разгарыцца, а калі плюнеш на яе, патухне: гэта і іншае выходзіць з вуснаў тваіх» (гл. Сір 28, 11–12).

Сварка — гэта не шлях вырашэння цяжкіх спраў. Нярвуючыся, заўсёды скажаш больш, чым трэба. Звычайна застаюцца незаўважанымі сказаныя іншаму прыкрыя, а часам нават абразлівыя словы. Затое надоўга застаецца ў памяці, калі хтосьці абразіць і прынізіць. Таму не дазваляйце ўцягнуць сябе ў сварку. Шануйце годнасць кожнага чалавека. Збіраючыся на Эўхарыстыі:
Асцерагаймася таго, што нас падзяляе.
Няхай знікне ўсялякі гнеў і спрэчкі,
Няхай сярод нас будзе Хрыстус.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа