Пошук

29.10.2009 23:00  
Любі

Колькі разоў даводзілася нам чуць спрэчкі на тэму «што ў жыцці самае галоўнае?». А як вы думаеце, што самае галоўнае? (...) Што ж, адказы самыя розныя. Найчасцей кожны на першае месца ставіць тое, чаго найбольш патрабуе. «Самае важнае — здароўе», — скажа невылечна хворы чалавек. «Найважнейшае — гэта маладосць», — скажа пажылы. «Найважнейшае — згода», — скажа той, у каго ў сям’і не ўсё добра.

А што з’яўляецца найважнейшым, каб быць добрым хрысціянінам? (...) Вы адкажаце: «Хадзіць у касцёл, маліцца, прымаць святыя сакрамэнты, рабіць добрыя ўчынкі, складаць ахвяры». Скажу вам, што ўсё гэта вельмі важнае, але не самае галоўнае. Дык, што ж самае важнае? Тое, на што ўказаў Езус у сённяшнім Евангеллі: «Першая запаведзь... Пан Бог наш, Пан Бог адзіны. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёю тваёю сілаю. I другая, падобная да яе: любі бліжняга твайго, як сябе самога» (гл. Мк 12, 29–31).

Вы скажаце: «Добра гэта ведаем! Любі. Паўтараем гэта два разы на дзень у малітвах. Гэта дзве запаведзі любові: запаведзь любіць Бога і запаведзь любіць бліжняга». Добра, што іх ведаеце, добра, што паўтараеце ў малітвах! Але гэта яшчэ не ўсё! Чаму? (...) Бо ведаць запаведзі і жыць паводле запаведзяў — гэта не адно і тое ж. Зрэшты, бацькі вучылі вас з самага дзяцінства, як любіць Бога і бліжняга.

Мы ведаем, што трэба любіць Бога і бліжняга, бо гэта — самае важнае ў жыцці хрысціяніна. Любі. Каго ж, аднак, трэба любіць больш? (...) Мы павінны Яго любіць «усім сэрцам, усёю душою, усім сваім розумам і ўсёй сваёй сілай», павінны Яго любіць больш за ўсё, так як пра гэта гаворым у акце любові:

Божа, хоць Цябе не разумею, ды найбольш любіць умею, за ўсё, што створана Табою, Тваёй бязмежнай дабрынёю. Бога трэба любіць больш за ўсё, а «ўсе стварэнні — для Яго і дзеля Яго» (ККК 2093).

Ці заўсёды так адбываецца? Не заўсёды і не ва ўсіх людзей. Замест любові часам з’яўляецца абыякавасць да Бога, адкідванне Бога і Ягонай любові да чалавека. Калі б Бог нас не любіў, свет бы сёння яшчэ не існаваў.

Забывае пра запаведзь любові да Бога той, хто няўдзячны Яму. «Дзякуй» мы гаворым не толькі людзям, але таксама Богу. А прычын, каб падзякаваць Богу, незлічоная колькасць.

Забывае пра запаведзь любові да Бога той, хто абыякавы да Яго. Як? Марудзіць з выкананнем альбо занядбоўвае абавязкі адносна Бога. Здараецца, што нехта стамляецца ці лянуецца і не служыць Пану Богу з ахвотаю і радасцю (гл. ККК 2094).

Той, хто шчыра і горача любіць Бога, гатовы Яму прысвяціць усё, што для яго самае дарагое. Неабавязкова гэта павінна быць штосьці сапраўды вельмі каштоўнае. Для нас гэта можа быць дробязь. Аднак лічыцца не прадмет, але любоў, якая суправаджае гэта. Так як гэта было з каралём Давідам, які падчас войнаў з філісцімлянамі знаходзіўся ў крэпасці, дзе не было вады. Калі ён адчуў смагу, група яго салдатаў, прабіраючыся праз непрыяцельскі лагер і падвяргаючы сваё жыццё небяспецы, здабыла ваду і прынесла яе Давіду. А што зрабіў Давід? (...) Тое, што ён зрабіў з вадою, было нечаканасцю для ўсіх. «Давід не захацеў яе піць, а выліў яе, ахвяруючы Пану» (гл. 1 Кр 11, 16–18). Заўважце, кароль Давід ахвяраваў Богу на першы погляд зусім мала, аднак у яго становішчы гэта было вельмі многа.

Акрамя запаведзі любіць Бога, ёсць таксама запаведзь любіць бліжняга. Таму любі не толькі Бога, але і свайго бліжняга, г.зн. кожнага чалавека. Як мы павінны любіць бліжняга? (...) Адказ просты: як самога сябе. Пан Езус сказаў тое самае: «Усё, што вы хацелі б, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце!» (гл. Мц 6, 13).
 
Гэта вельмі просты прынцып, і адначасова вельмі важны. Добра было б запомніць гэты прынцып, а самае галоўнае — прымяняць яго ў жыцці. Яшчэ раз яго паўтару, каб дапамагчы вам яго запомніць. «Усё, што вы хацелі б, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце». Таму:
— хочаш, каб табе дапамагалі — дапамагай іншым;
— хочаш, каб былі цярплівымі да цябе і разумелі цябе — будзь такім у адносінах да іншых;
— чакаеш ад іншых ветлівасці і культуры — паводзь сябе адпаведным чынам;
— хочаш, каб табе пазычылі — пазычай і ты, безумоўна, захоўваючы неабходную разважлівасць.
 
Любі. Гэта самае галоўнае ў тваім жыцці, у жыцці кожнага хрысціяніна. Запомніце словы з Паслання да Эфесцаў: «Хадзіце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас і выдаў Сябе за нас» (гл. Эф 5, 1).
 
Эўхарыстыя, у якой мы ўдзельнічаем, — гэта ахвяра і гасціна любові. З любові да нас Хрыстус ахвяруе Сябе за нас і становіцца спажыткам, каб абудзіць нас да любові Бога і бліжняга.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.