Ніколі не бывае занадта добра
Як вы думаеце, якая дарога вядзе да поспеху? Напрыклад, да ўстанаўлення рэкорду, здабыванне чэмпіёнскага тытула альбо першага месца ў конкурсе? (...) Безумоўна, трэба мець адпаведныя здольнасці. Але гэта яшчэ не ўсё! Вельмі шмат людзей нават не ведае сваіх здольнасцяў. He адкрывае і не развівае іх. Такім чынам, акрамя здольнасцяў, трэба таксама мець добрага настаўніка ці трэнера, які дапаможа дасягнуць поспеху. Уявіце, што трэнер гаворыць удзельніку спаборніцтваў: «Не стамляйся! Ты ўжо шмат дасягнуў! Што з таго, што ёсць шмат лепшых за цябе? Падумай, колькі ёсць слабейшых за цябе!». Можна ўявіць такога трэнера. Аднак нельга ўявіць, што такі ўдзельнік спаборніцтваў даб’ецца поспеху.
Толькі патрабавальны настаўнік ці трэнер можа прывесці да поспеху. Добры настаўнік альбо трэнер ніколі не бывае цалкавіта задаволеным. Нават, калі ўдзельнік спаборніцтваў дасягнуў поспеху, нават калі ўстанаўлівае рэкорд свету, ён будзе гаварыць: «Можна лепш! Памятай, ніколі не бывае занадта добра! Можаш дасягнуць большага! Гэта яшчэ не ўсё, на што ты здольны!». Добры настаўнік ці трэнер не дазваляе спачываць на лаўрах. Трэба, аднак, ясна сказаць, што гэта — адзіны шлях, які вядзе да поспеху.
Пра добрага Настаўніка расказвае сённяшняе Евангелле. Хто ім быў?(...) Гэта быў Езус. Так яго называе адзін чалавек, які прыбег і ўпаў на калені перад Езусам. Аднак гэты чалавек прыбег да Езуса не для таго, каб пакланіцца Яму. Ён меў да Езуса адно вельмі важнае пытанне. Якое? Аб чым ён запытаў Езуса? (...) «Добры Настаўнік! Што мне рабіць, каб дасягнуць жыцця вечнага?» (гл. Мк 10, 1 7). Безумоўна, гэты чалавек спадзяваўся пачуць ад Езуса штосьці незвычайнае. А што пачуў? Адказ Езуса быў вельмі просты: «Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не крыўдзі, паважай бацькоў тваіх» (гл. Мк 10, 19).
Toe ж самае паўтарае сёння нам Езус падчас гэтай Эўхарыстыі. Няма іншага шляху да жыцця вечнага, акрамя захавання Божых запаведзяў. Да кожнага з нас Езус гаворыць: «Ведаеш прыказанні». I заклікае: «Згодна з імі ўкладай сваё жыццё!». Гэтак жа робіць суразмоўнік Езуса, які на словы: «Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не крыўдзі, паважай бацькоў тваіх», — адказвае: «Настаўнік, усяго гэтага прытрымліваўся я з дзяцінства» (гл. Мк 10, 20).
Вельмі смелы і праўдзівы гэта быў адказ. Калі б так не было, іначай паступіў бы Езус. Ведаем, што не патураў Ён тым, хто хваліўся. Што зрабіў Езус, калі пачуў ад субяседніка: «Настаўнік, усяго гэтага прытрымліваўся я з дзяцінства». «Езус глянуў на яго з любоўю» (гл. Мк 10, 21). Падобнае робіць добры настаўнік, калі вучань дабіваецца поспеху.
Я сказаў, што добры настаўнік ніколі поўнасцю не задаволены вучнем. Езус, як добры Настаўнік, паступае таксама. Ён не гаворыць гэтаму чалавеку: «Добра! Рабі гэтак і далей! Дасягнеш усяго! Больш не магу табе нічога сказаць!». Безумоўна, суразмоўнік Езуса быў вельмі здзіўлены, калі пачуў: «Аднаго табе не хапае» (гл. Мк 10, 21).
Езус не хацеў засмуціць субяседніка, сказаць яму, каб не думаў, што ён ужо такі дасканалы. Не гэта было самае важнае для Езуса! Езус хацеў, каб ён зразумеў, што можна лепш, можна дасягнуць большага! Гэта яшчэ не вяршыня тваіх магчымасцяў! Таму Езус гаворыць яму: «Пайдзі, прадай усё, што маеш, прадай і раздай бедным, і будзеш мець скарб на небе; потым прыходзь, і ідзі за Мною» (гл. Мк 10, 21).
Што ж адказаў субяседнік Езуса? «Той жа, збянтэжаны гэтымі словамі, адышоў засмучаны, бо меў многа маёмасці» (гл. Мк 10, 22). Здзівіла яго прапанова Езуса, гэтак, як можа спалохаць спартсмена завысока пастаўленая планка. Яму цяжка было ўсё дзеля Езуса пакінуць. Засталіся ў яго не толькі маёмасць, але і смутак на сэрцы. Ён адышоў, бо лічыў, што Езус зашмат патрабуе ад яго.
Мы павінны памятаць, што Езус як добры Настаўнік ніколі намі не задаволены да канца. Ён заклікае: «Ніколі не бывае занадта добра! Заўсёды можа быць лепш». Ён пастаянна чакае яшчэ большага, лепшага, глыбейшага. Хоча, каб мы з кожным днём станавіліся па Яго прыкладу больш святымі і больш дасканалымі. Гэта не павінна нас здзіўляць! Ён жа наш добры Настаўнік!
А як мы паступаем? Можа, пераблыталі кірунак? Замест: «Ніколі не бывае занадта добра! Заўсёды можа быць лепш! Усё не так дрэнна. Іншыя яшчэ горшыя за мяне!». I таму надалей атрымліваецца ўсё горай. Наш шлях за Хрыстом можна параўнаць з плаваннем супраць цячэння. Бо калі мы перастанем працаваць рукамі, цячэнне панясе нас у адваротны бок.
Таму сёння праверым сваю пабожнасць. Нехта скажа: «Я пасля Першай Святой Камуніі быў вельмі пабожны. З ахвотаю і радасцю хадзіў я на Святую Імшу, і малітоўніку не даваў спакою. Святое Пісанне, якое тады атрымаў у падарунак, вельмі часта чытаў. Добра ведаю гісторыю Абрагама, Майсея, Давіда. А сёння? А сёння ўжо гэтага няма! Што сталася?».
Пане Езу, як шмат нам не хапае! Прыгадаем сабе дзень Першай Святой Камуніі. Езу, хочам Цябе сёння прыняць з такой любоўю, з якою тады Цябе прымалі! Няхай Твая ласка падштурхне нас да ўзрастання ў пабожнасці, каб мы рупліва здзяйснялі добрыя ўчынкі!
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.