Пошук

23.10.2009 00:00  
Хто такі святар

 У апошнія гады шмат святароў выязджае на місію ў іншыя краіны. Чаму некаторыя святары пакідаюць родны край і накіроўваюцца ў далёкія краіны? Безумоўна, яны не шукаюць там выгодаў — іх там няма. Часцей за ўсё там няма касцёла, а жыллёвыя ўмовы нікуды не вартыя. Навошта тады яны едуць туды? (...). Бо там не хапае святароў, бо там яны вельмі патрэбныя. Увогуле, у некаторых краінах вельмі мала святароў. Таму, калі да католікаў на тыя тэрыторыі прыязджае святар, яны вельмі радуюцца. Непакоіць іх толькі адно. Што? (...) Каб ксёндз, напрыклад, з-за стану здароўя іх не пакінуў і не вярнуўся дадому.

Вам таксама патрэбны святар. Можа, вы гэтага не заўважаеце, як тыя людзі, якія на працягу многіх гадоў не мелі святара. Таму, удзячныя Езусу Хрысту за дар святарства, паразважаем сёння разам, хто такі святар. Дапамогуць нам ў гэтым словы Святога Пісання. Некалькі хвілінаў назад быў прачытаны ўрывак з Паслання да Габрэяў, у якім шмат можна знайсці на гэту тэму.

Адкуль бяруцца святары? Кожны святар «з людзей выбраны, для людзей пастаўлены» (гл. Гбр 5, 1). Што гэта значыць? (...) Святар, перад тым як стаць святаром, выхоўваецца ў канкрэтнай сям’і, ходзіць у школу, мае сяброў, знаёмых, прыяцеляў, суседзяў. Думка стаць святаром у некаторых з’яўляецца вельмі рана — ужо ў дзяцінстве, у іншых крыху пазней, напрыклад, пасля здачы экзаменаў. Можа, сярод вас ёсць ужо той, хто думае стаць святаром. У іншых, мажліва, пазней з’явіцца такая думка.

Кожны святар пакліканы ад людзей і да людзей пасланы. Бо якая б карысць была ад святара, калі б Пан Бог яго паклікаў, сям’я добра выхавала, духоўная семінарыя падрыхтавала да працы, а ён не быў бы пасланы да працы сярод людзей. Менавіта таму святары выязджаюць на місіі, бо там ёсць людзі, якім патрэбны святар. Бо кожны святар пастаўлены для людзей.

Аднак скажаце: «I ўрач для людзей. Ён прызначаны лячыць людзей. Таксама і настаўнік. Ён для таго, каб вучыць. А навошта патрэбны святар?». (...) Святар, «людзям жа пастаўлены на служэнне Богу» (гл. Гбр 5, 1). Таму святар не прызначаны для многага! Хоць, напэўна, некаторыя хацелі б, каб святар мог справіцца з кожнай справай. Аднак так быць не можа! Чаму? Бо святар павінен сачыць за справамі, якія знаходзяцца ў яго кампетэнцыі. Якія гэта справы? Гэта Божыя справы. Як вам здаецца, пра што ідзе размова? Якія гэта справы? (...)

Першая справа — навучанне. Для кожнага святара гэта нешта вельмі важнае. Калі святар выконвае абавязак навучання? (...) Вы адкажаце, што ў касцёле падчас святой Імшы, калі прамаўляе гамілію, на занятках рэлігіі, на сустрэчах у розных групах, якія існуюць пры парафіі, і нават у індывідуальных размовах. Не ведаю, ці разумееце, што і цяпер, калі да вас прамаўляю, то таксама выконваю абавязак навучання.

Паколькі гэта вельмі важны абавязак, то нічога не павінна перашкаджаць святару ў яго выкананні. Нават справы, вельмі важныя для функцыянавання парафіі. Памятаеце, навошта Апосталы ўстанавілі сем дыяканаў? (...) Калі ўзрасла лічба вучняў, Апосталы не былі ў стане належным чынам паклапаціцца аб усіх бедных і жабраках, таму прызначылі сем дыяканаў і ім даручылі клопат пра ўбогіх. А што пакінулі сабе? (...) «Мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэнні словам» (гл. Дз 6, 4).

Побач з навучаннем — г. зн. з паслугай слова, надзвычай важнай з’яўляецца малітва. Вы ведаеце, што святар мае спецыяльную «кнігу для набажэнства». Як яна называецца? Называецца яна Літургіяй гадзінаў і змешчана аж у чатырох тамах. (Можна яе паказаць дзеням). Напэўна, вам цікава, што знаходзіцца ў гэтых далёка не малых кніжках? У іх пададзены малітвы, якія святар абавязаны чытаць ў адпаведныя гадзіны дня. А колькі разоў вы моліцеся кожны дзень? (...) Два разы: раніцаю і вечарам. Святар моліцца значна больш!

За каго ён моліцца? Безумоўна, за самога сябе. Але не толькі. За вас ён таксама моліцца. Асаблівым часам малітвы з’яўляецца святая Імша. Як вам здаецца, ці цэлебруе святар у вашай інтэнцыі святую Імшу? Хтосьці скажа: «Цэлебруе, калі падчас святой Імшы моляцца за мяне». Так, але не толькі тады! Вы павінны ведаць, што святар часта цэлебруе святую Імшу за вас, за ўсіх сваіх парафіянаў. Як часта? (...) У кожную нядзелю і ў кожнае свята, у якое мы павінны ўдзельнічаць у святой Імшы.

Сярод Божых спраў, якія павінен выконваць кожны святар, вельмі важнае месца займае ўдзяленне сакрамэнтаў. Колькі ёсць святых сакрамэнтаў? (...) Хто нам хутка іх пералічыць? (...) Ці мае права святар удзяляць усе сем сакрамэнтаў? (...)

Навучанне, асвячэнне праз справаванне Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, скіраванне вернікаў да Бога сваім прыкладам на ўзор Езуса Хрыста, добрага Пастыра — гэта найважнейшыя заданні кожнага святара.

Памаліцеся за святароў, каб ніхто і нішто не перашкаджала ім выконваць Божую справу. Памолімся, каб усюды хапала святароў, бо без іх не можа справавацца Эўхарыстыя. Памолімся таксама за нас саміх і за тых, каго Бог паклікаў да сваёй службы. А можа ён кліча і цябе?

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа