Пошук

02.01.2018 12:26   Catholic.by

«Няхай Пан дасць нам у новым годзе велікадушна працаваць, каб пабудаваць свет больш салідарны і гасцінны», — сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якая прайшла 1 студзеня ў Ватыкане.

З нагоды Сусветнага дня міру, які адзначаецца ў гэты дзень, Пантыфік заклікаў забяспечваць бежанцам і мігрантам «будучыню міру».

«На першай старонцы календара новага года, дадзенага нам Панам, Касцёл дорыць нам цудоўную літургічную ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, — сказаў Папа. — У гэты першы дзень года мы скіроўваем наш зрок на Яе, каб распачаць пілігрымку па дарогах часу, пад Яе мацярынскай апекай.

Сённяшняе Евангелле (Лк 2, 16-21) вядзе нас да ясляў у Бэтлееме. Пастухі пайшлі спешна і знайшлі Марыю, Юзафа і Дзіцятка і расказалі, што бачылі: а менавіта анёлаў, якія абвясцілі, што гэты Нованароджаны з'яўляецца Збавіцелем. Усе здзіўляліся таму, пра што ім пастухі расказвалі. А Марыя ў той час “захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19). Панна Марыя дазваляе нам зразумець, як мы павінны вітаць цудоўную падзею Нараджэння Пана: не павярхоўна, але ў сэрцы. Яна паказвае нам верны спосаб, як атрымаць Божы дар: захоўваць яго ў сваім сэрцы і разважаць над ім. Гэта запрашэнне, скіраванае да кожнага з нас, каб мы маліліся, сузіраючы дар Бога, якім з'яўляецца сам Езус.

Праз Марыю Сын Божы прымае цела. Але мацярынства Марыі не зводзіцца да гэтага: дзякуючы сваёй веры Яна з'яўляецца першай вучаніцай Езуса, і гэта “пашырае” Яе мацярынства. Гэтая вера Марыі стане ў Кане прычынай першага цудоўнага “знаку”, які паспрыяе абуджэнню веры вучняў. Марыя прысутнічае ля падножжа крыжа і атрымлівае як сына апостала Яна. У канцы, пасля Уваскрасення, Яна становіцца Маці Касцёла, на які моцна спасылаецца Святы Дух у дзень Пяцідзесятніцы.

Марыя, як Маці, выконвае вельмі асаблівую ролю: Яна стаіць паміж сваім Сынам Езусам і чалавецтвам у рэчаіснасці яго жаданняў, патрэб і пакут. Заступаецца, будучы свядомай таго, што, як Маці, можа, і мае права паказаць Сыну патрэбы людзей, асабліва найбольш слабых і патрабуючых. Менавіта гэтым людзям прысвечана тэма Сусветнага дня міру, які сёння мы святкуем: “Мігранты і бежанцы: людзі ў пошуку міру”. Я жадаю ў чарговы раз стацца голасам гэтых нашых братоў і сясцёр, якія моляцца за перспектыву міру для будучыні. Для гэтага міру, што з'яўляецца правам усіх, многія з іх гатовыя рызыкаваць сваім жыццём у падарожжы, якое ў большасці выпадкаў доўгае і небяспечнае, церпячы цяжкасці і пакуты, і пераадольваць калючы дрот і муры, узнесеныя для таго, каб трымаць іх далей ад мэты.

Мы не павінны гасіць надзеі ў іх сэрцах, душыць іх чаканні міру. Важна, каб з боку ўсіх: грамадзянскіх інстытутаў, навучальных, дабрачынных і касцёльных устаноў, - былі намаганні, каб забяспечыць бежанцам і мігрантам будучыню міру. Гэта наша задача, наша адказнасць. Няхай Пан дасць нам у гэтым новым годзе велікадушна працаваць, каб пабудаваць свет больш салідарны і гасцінны. Заклікаю вас маліцца за гэта і разам з вамі давяраю Марыі, Маці Божай і нашай Маці, 2018 год, які толькі што пачаўся. Старажытныя рускія манахі-містыкі казалі, што ў часы духоўных катастроф трэба хавацца пад покрывам святой Багародзіцы Марыі. Думаючы пра шматлікія сённяшнія няшчасці, пра мігрантаў і бежанцаў, трэба маліцца так, як яны вучылі нас маліцца: “Пад Тваю абарону мы ўцякаем, святая Божая Маці: не пагарджай нашымі просьбамі ў нашых патрэбах, але збаў нас ад усялякай небяспекі, слаўная і благаслаўлёная Панна”».

Пасля малітвы Пантыфік падзякаваў прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі за добрыя пажаданні на новы год, а таксама выказаў удзячнасць за шматлікія малітоўныя ініцыятывы, арганізаваныя ва ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня міру.

Абноўлена 02.01.2018 12:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця