Сярод 21 іерарха, якія атрымаюць кардынальскую годнасць на Кансісторыі 7 снежня, будзе арцыбіскуп Неапаля Дамэніко Баталья.
Як паведаміла 5 лістапада Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак уключыў яго ў спіс кардыналаў пасля адмовы інданэзійскага біскупа Паcкаліса Бруна Сюкура OFM.
Па словах арцыбіскупа Батальі, прызначэнне «заспела яго знянацку». Ён падкрэсліў, што адчувае цяжар адказнасці і падзякаваў за тое, што для гэтай высокай пасады Папа Францішак абраў прадстаўніка Поўдня Італіі.
«Я лічу сваім абавязкам несці з сабой радасці і надзеі, трывогі і пакуты людзей, асабліва бедных і тых, хто пакутуе на нашым Поўдні і на ўсіх поўднях свету, не толькі геаграфічных, але і экзістэнцыяльных», — сказаў кардынал намінант, падкрэсліўшы, што для яго важна заставацца побач з простымі людзьмі. Ён адзначыў, што быць кардыналам — гэта найперш адказнасць, абавязак служыць людзям, а не прывілея.
61-гадовы Дамэніко Баталья — ураджэнец італьянскага рэгіёна Калабрыя. Філасофска-тэалагічную адукацыю атрымаў у духоўнай семінарыі ў Катандзара. Быў пасвячаны ў прэзбітэры ў 1988 годзе, а ў 2016 годзе прызначаны біскупам Чэрэта-Саніта – Тэлезэ – Сант’Агата-дэ-Гоці, у правінцыі Бэнэвэнта, дзе вёў актыўную сацыяльную працу з нарказалежнымі людзьмі і моладдзю, якая апынулася ў складаных сітуацыях. Са снежня 2020 года займае пасаду арцыбіскупа Неапаля.
7 снежня Папа Францішак у дзясяты раз правядзе Кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў.
У спіс уваходзяць прадстаўнікі розных кантынентаў: 11 еўрапейцаў, з якіх 5 італьянцаў; 6 іерархаў з амерыканскага кантынента, у тым ліку 5 паўднёваамерыканцаў, 3 азіята і 1 афрыканец. Агульная колькасць кардыналаў у Калегіі складзе 256 чалавек, з якіх 141 выбаршчык.