Папа Францішак прыняў просьбу біскупа Паcкаліса Бруна Сюкура OFM, які з’яўляецца францішканінам і ўзначальвае дыяцэзію Богар у Інданэзіі, не ўключаць яго ў спіс новых кардыналаў на кансісторыі, што адбудзецца 8 снежня 2024 года.
Гэты спіс, які Папа Францішак абвясціў 6 кастрычніка, складаўся з імёнаў 21 новага кардынала.
Як са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміла 23 кастрычніка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, рашэнне іерарха абумоўлена яго жаданнем працягваць свой шлях духоўнага развіцця і служэння Касцёлу і вернікам.
Адмова ад кардынальскага тытулу не з’яўляецца частым выпадкам у сучасным Касцёле, што надае рашэнню біскупа Сюкура асаблівае значэнне.
Пры гэтым яно паказвае на яго глыбокую адданасць служэнню і намаганні заставацца сціплым пастырам у духу святога Францішка, адзначаецца ў паведамленні.
Між тым вядомыя выпадкі, калі новапрызначаныя кардыналы, якія да гэтага не былі біскупамі, адмаўляліся прымаць належнае ім біскупскае пасвячэнне, але пры гэтым прымалі кардынальскую годнасць.