У нядзелю 6 кастрычніка Папа Францішак абвясціў імёны 21 новага кардынала.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Кансісторый, на якім яны атрымаюць знакі гэтай годнасці, адбудзецца 8 снежня ў Ватыкане.
Новыя кардыналы прадстаўляюць розныя часткі свету: Іран і Інданэзію, Японію і Філіпіны, Кот-д’Івуар і Алжыр, а таксама Італію, уключаючы новага Генеральнага вікарыя Рымскай дыяцэзіі.
Нечакана, як ужо стала традыцыяй за амаль дванаццаць гадоў пантыфікату, Папа Францішак прачытаў спіс новых кардыналаў з акна Апостальскага палаца пасля нядзельнай малітвы Анёл Панскі.
Цікава адзначыць, што сярод будучых кардыналаў нунцый Анджэло Ачэрбі, якому 99 гадоў, верагодна, самы пажылы кардынал, прызначаны да гэтага часу. Ачэрбі будзе сярод кардыналаў, якія з прычыны ўзросту не змогуць галасаваць на магчымым канклаве.
У групу новых кардыналаў увайшлі Апостальскі нунцый на пенсіі арцыбіскуп Анджэло Ачэрбі, арцыбіскуп Лімы ў Перу Карлас Густаво Кастыльё Матасольё, арцыбіскуп Санцьяга-дэль-Эстэра ў Аргенціне Вісэнтэ Бакаліч Ігліч; арцыбіскуп Гваякіля ў Эквадоры Луіс Хэрардо Кабрэра Эрэра, арцыбіскуп Санцьяга-дэ-Чылі ў Чылі Фэрнандо Наталіё Чамалі Гарыб, арцыбіскуп Токіо ў Японіі Тарчызіё Ісаа Кікучы, біскуп Калаакана на Філіпінах Пабло Віргіліё Сіёнгка Давід, арцыбіскуп Бялграда-Смедэрэва ў Сербіі Ладзіслаў Нэмэт, арцыбіскуп Порту-Алегры ў Бразіліі Жаімэ Спэнглер; арцыбіскуп Абіджана ў Кот-д’Івуары Іньяс Бэсі Догба, арцыбіскуп Алжыра ў Алжыры Жан-Поль Вэско, біскуп Богара ў Інданэзіі Паскаліс Бруна Сюкур, арцыбіскуп Тэгерана-Ісфахана ў Іране Дамінік Жазэф Мацьё, арцыбіскуп Турына ў Італіі Рабэрто Рэполе, новы вікарый Рымскай дыяцэзіі арцыбіскуп Бальдасарэ Рэйна, арцыбіскуп Таронта ў Канадзе Фрэнсіс Леа, арцыпрэзбітэр-каад’ютар папскай базылікі Святой Марыі Вялікай арцыбіскуп Раландас Макрыцкас, экзарх украінскай епархіі Святых Пятра і Паўла ў Мельбурне Мікола Бычок, тэолаг айцец Цімаці Пітэр Джозэф Рэдкліф OP, падсакратар секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека айцец Фабіё Баджа і адказны за папскія падарожжы супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята ксёндз Джордж Джэйкаб Коавакад.
«Іх паходжанне выражае ўніверсальнасць Касцёла, які працягвае абвяшчаць міласэрную любоў Бога ўсім людзям зямлі. Уключэнне ў Рымскую дыяцэзію паказвае непарыўную сувязь паміж Пятровым Пасадам і мясцовымі Касцёламі ва ўсім свеце», — падкрэсліў Папа.
Абвяшчэнне новых кардыналаў — заўсёды важная падзея. Яны не толькі дапамагаюць Папу ў кіраванні каталіцкай супольнасцю, але і выбіраюць новага Пантыфіка пасля смерці або адстаўкі папярэдняга. Таму склад Калегіі кардыналаў у пэўнай ступені вызначае будучыню Касцёла.
Кансісторый 8 снежня стане чарговым крокам у фармаванні Папам Францішкам свайго бачання кіраўніцтва Касцёлам. Яно характарызуецца большай увагай да перыферыі; да краін, якія традыцыйна былі недастаткова прадстаўленыя ў Калегіі кардыналаў.