Пошук

25.11.2024 16:45   Catholic.by

23 лістапада ў Мінску адзначалася 425-годдзе мінскай Саборнай мячэці і 30-годдзе Мусульманскага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь.

З гэтай нагоды кіраўніка Мусульманскага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь муфція Абу-Бекіра Шабановіча і ўсіх вернікаў павіншавалі прадстаўнікі Касцёла: Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, а таксама Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока і ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Як паведаміў Catholic.by ксёндз Францішак, «мінская Саборная мячэць з’яўляецца найважнейшым духоўным цэнтрам мусульманскай супольнасці краіны. Яе шматгадовая асветніцкая і дабрачынная дзейнасць скіравана на захаванне рэлігійных і культурных традыцый, умацаванне маральных каштоўнасцяў. У сценах мінскай Саборнай мячэці заўсёды гучаць заклікі да згоды і верацярпімасці», — падкрэсліў ксёндз Францішак Рудзь.

Гэтымі днямі таксама адзначае сваё 85-годдзе муфцій Абу-Бекір Шабановіч. У дасланым яму віншаванні арцыбіскуп Станеўскі, між іншым, напісаў:

«Ваша нястомная дзейнасць скіравана на ўмацаванне міжнацыянальнага міру і згоды ў грамадстве, удасканаленне плённага міжканфесійнага дыялогу. Асабліва хочацца адзначыць ваш шчыры клопат у развіцці шматграннага жыцця мусульманскай супольнасці і выхаванне моладзі. Вы на асабістым прыкладзе дэманструеце адзінства, братэрства, добрасуседства, павагу і абарону традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў», — адзначыў у сваім віншавальным адрасе духоўнаму кіраўніку беларускіх мусульманаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Прадстаўнік Ватыкана монсіньёр Кшыштаф Сэрока, са свайго боку, падкрэсліў, што «прыемна бачыць, як з года на год расце ўзаемаразуменне паміж Касцёлам у Беларусі і мусульманамі, развіваецца міжрэлігійнае супрацоўніцтва.

Да віншаванняў далучыўся і ксёндз Францішак Рудзь. «У гэты святочны дзень віншую ўсіх мусульманаў са значнымі і памятнымі падзеямі. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, мірнага неба, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, працвітання і дабрабыту!

Дзякую Мусульманскаму аб’яднанню ў Рэспубліцы Беларусь за сяброўства, адраджэнне духоўнасці, падтрымку верацярпімасці і міжнацыянальнай згоды, захавання гістарычнай памяці ў імя міру і дабрабыту ў нашай роднай Беларусі», — дадаў ксёндз Францішак Рудзь.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.