Пошук

14.03.2024 08:58   Catholic.by

Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сужонкаў, духоўных і кансэкраваных асоб з усёй Беларусі на рэкалекцыі, якія адбудуцца з 5 па 7 красавіка. Яны пройдуць у цэнтры Caritas у Ляскоўцы каля Бараўлянаў, што пад Мінскам.

Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый ужо амаль 20 гадоў дапамагае сем’ям з Беларусі:

  • выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця,
  • абнаўляць свае пачуцці,
  • аднаўляць сваю любоў,
  • адчуваць радасць ад быцця разам,
  • паглыбляць узаемаразуменне і давер,
  • развіваць, падтрымліваць і клапаціцца пра свае адносіны ў звычайнай штодзённасці,
  • знаходзіць кірункі ўзаемнага росту, каб перажываць большую блізкасць, еднасць, цеплыню.

Сужонкі перажываюць рэкалекцыі у дыялогу паміж мужам і жонкай, а духавенства і кансэкраваныя асобы — у дыялогу з Богам.

Арганізатары адзначаюць, што сучасны лад жыцця, напоўнены пастаяннай мітуснёй і стрэсам, вельмі часта перашкаджае нам знаходзіць час для фармавання, ўмацавання і развіцця нашых сужэнскіх адносін. Занятасць працай, абавязкамі, дзецьмі і іншымі штодзённымі клопатамі вельмі часта выцясняюць моманты блізкасці, зносін і ўзаемаразумення паміж сужонкамі. Мы перастаем заўважаць патрэбы і пачуцці блізкага чалавека, губляем кантакт, пачынаем жыць у паралельных светах пад адным дахам.

«Сужэнскія Сустрэчы» прапануюць вырвацца са шматлікіх клопатаў штодзённасці, перажыць рэкалекцыі і паглядзець адно на аднаго і на ўзаемныя адносіны праз прызму дыялогу па канкрэтных правілах і ўжо падчас рэкалекцый атрымаць рэальны працоўны інструмент, які дапаможа будаваць, рамантаваць сужэнскія адносіны ў звычайным штодзённым жыцці. Удзельнікі змогуць і надалей самастойна выкарыстоўваць яго ў сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі.

Каму найбольш адпавядае праграма рэкалекцый?

  • Сем’ям, якія перажываюць крызіс у розных сферах свайго сужэнскага жыцця, якія, магчыма, сёння нават не вераць у тое, што ёсць выйсце.
  • Сем’ям, якія маюць трывалыя добрыя адносіны, але разумеюць, што пра адносіны вельмі важна ўвесь час клапаціцца. Ад гэтага клопату залежыць развіццё і ўмацаванне адносін.
  • Сем’ям, якія толькі пачалі свой шлях і жадаюць закласці трывалы падмурак, на якім можна будаваць і развіваць свае маладыя адносіны.
  • Духоўным і кансэкраваным асобам, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі

Вось некалькі сведчанняў ад удзельнікаў рэкалекцый:

Я вельмі ўдзячны, што на рэкалекцыях была створана прастора, у якой нам з жонкай удалося ў дыялогу па правілах „Сужэнскіх сустрэч“ шчыра пагаварыць аб складаных сітуацыях, не абвінавачваючы і не асуджаючы адно аднаго. Выязджаю з надзеяй, што форма дыялогу дапаможа нам вырашаць складаныя, канфліктныя сітуацыі і надалей, каб канчаткова выйсці з крызісу, у якім апынуліся.

Рэклекцыі паказалі мне, як можа выглядаць штодзённы дыялог паміж мной і мужам і якая яго мэта. У маім сэрцы ёсць рашучасць быць адкрытай для таго, што адчувае мой муж, але таксама і разабрацца ў сваіх пачуццях, чаму я рэагую так, а не інакш. Цяпер я ведаю канкрэтныя крокі па ўмацаванню нашых адносін, і гэта дорыць мне пачуццё супакою і надзеі, якія я ўжо была згубіўшы.

Аказалася, што наш падмурак нашмат больш трывалы, чым я думала. На ім можна пабудаваць нешта сапраўды цудоўнае!

Мне здавалася, што ў нас усё добра, бо я бачу свет, хутчэй, «чорна-белым». А тут я ўбачыў, што свет, асабліва свет маёй жонкі, значна багацейшы, і тое, што падзеі, нашыя адносіны маюць мноства адценняў. Жонка бачыць больш, у тым ліку тое, што яшчэ можна палепшыць. І я вельмі хачу, каб нам атрымалася рэалізаваць у нашай сям’і усё, што мы перажылі і атрымалі на рэкалекцыях.

Шмат разоў прапаноўвала мужу паехаць і, нарэшце, мы тут і мы вельмі радыя, бо зразумелі, што гэта нармальна: падаць і падымацца разам.

Наша сям’я вырашыла вельмі шмат пытанняў за гэтых рэкалекцыях. Я адчувала сябе тут бяспечна і спакойна; зразумела, што правілы дыялогу вельмі дапамагаюць.

Арганізацыйная інфармацыя

  • Пачатак рэкалекцый у пятніцу 5 красавіка ў 18.00.
  • Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 7 красавіка каля 15.00.
  • У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
  • Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
  • Адрас: Мінскі р-н,в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1 (каля Бараўлянаў).
  • Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!

Сем’і, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:

Абноўлена 02.10.2024 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця