Пошук

04.11.2021 10:39   Тэкст: Вольга і Аляксандр Панамаровы / Фота: з архіву сям’і Панамаровых / Catholic.by

Вольга і Аляксандр Панамаровы ўжо дзевяць гадоў удзельнічаюць у «Сужэнскіх сустрэчах». Яны дзеляцца сваім асабістым досведам таго, як падтрымліваць добрыя адносіны паміж сабой і з дзецьмі, а таксама як ім у гэтым дапамагае ўдзел у рэкалекцыях для сужонкаў.

Оля: Прыйшла халодная восень, а з ёй і жаданне хутчэй уцячы з мокрай вуліцы і больш часу праводзіць дома.

Не ведаю чаму, але менавіта з надыходам халадоў я пачынаю асабліва востра адчуваць холад і «паломкі» ў адносінах з мужам і дзецьмі.

Са слаты на вуліцы я жадаю вярнуцца ў цеплыню і ўтульнасць свайго дому, але далёка не заўсёды гэта атрымліваецца. І мае чаканні разбіваюцца аб стомленага на працы мужа, аб падлеткавыя крызісы і непаразуменні, аб грубыя словы і нават аб маю эмацыйную рэакцыю на ўсё гэта.

Але калі ў цішыні свайго сэрца я дыстанцуюся ад сваіх непрыемных пачуццяў і пачынаю глядзець на сваю сям’ю і нашыя адносіны як бы з боку, калі ўступаю ў дыялог з самой сабой і з Панам Богам, то штораз пачынаю заўважаць пэўную важную заканамернасць.

Для маіх адносін з Сашам або для маіх адносін з кожным з дзяцей вельмі патрэбныя штодзённыя «крошкі»… «Крошкі» — гэта хоць бы зусім крыху маёй шчырай увагі да кожнага з іх. І калі гэтыя «крошкі» ляжаць кожны дзень на стале ў «талерцы» нашых адносін, то я, адчыняючы дзверы, ступаю на добрую глебу і знаходжу ў сабе сілы яшчэ раз паспрабаваць зразумець, яшчэ раз пачуць, яшчэ раз прабачыць і яшчэ раз шчыра парадавацца цёпламу дыялогу з Сашам, усмешцы сына ці словам дачкі: «Ну давай паляжым з табой, матуля».

Калі маю гэтыя «крошкі», адчуваю радасць і смак свайго сямейнага жыцця. Не адчуваю голаду ў адносінах.

Так добра памятаю сваё пачуццё радасці і задавальненне маёй патрэбы быць каханай, калі за апошнія два тыдні ўсё часцей раніцай я заходзіла на ідэальна чыстую кухню. Гэтыя невялічкія «крошкі» вячэрняй прыборкі з боку Сашы напаўнялі мяне жаданнем і сіламі пражыць дзень для сваёй сям’і, жаданнем зрабіць нешта добрае ў адказ.

А яшчэ памятаю той працоўны дзень, калі патэлефанавала мужу са слязамі, што не спраўляюся з напорам дзяцей адносна вучобы. І замест нейкіх парадаў, абмеркавання майго стану і маіх дзеянняў, Саша слухаў мяне вельмі доўга, а потым прамовіў толькі тры словы: «Я разумею цябе!.. Увечары падумаем, што можам зрабіць». І ў гэты момант майго бяссілля я адчула сябе неверагодна выслуханай, прынятай і каханай. І гэтая «крошка» для нашых адносін дапамагла мне вярнуцца да дзяцей і працягнуць сваю працу.

Саша: У мяне ў апошні месяц стала атрымлівацца будаваць маленькія масткі ў адносінах са старэйшым сынам падлеткам. Гэтыя «крошкі» у нашых адносінах пачаліся з часу, які я свядома стаў знаходзіць на дыялогі з ім, на гульню ў настолькі, на вячэрнія шпацыры за машынай. Я, як ніколі раней, вучуся яго выслухоўваць, стараюся зразумець і бачу, як на гэтай глебе расце мая любоў і мая павага да яго. Ды і я сам пачынаю сябе адчуваць больш шчаслівым.

Але ж бываюць перыяды, калі «крошкі» на талерцы нашай сям’і заканчваюцца…

Бо ў штодзённай мітусні працоўных пытанняў, дзіцячых хвароб, бясконцых урокаў, гатавання і бытавых клопатаў лягчэй за ўсё забыцца менавіта пра гэтыя «крошкі» для нашых адносін.

А калі іх туды не падкідвалі ўжо даўно?.. То адчыняючы дзверы свайго дому, я адчуваю неймаверны голад і жаданне быць каханым, зразуметым, адчуваць павагу і сэнс нашых адносін… Такімі ж галоднымі адчуваюць сябе і жонка, і дзеці… і мы накідваемся адзін на аднаго, гатовыя разарваць на часткі… і ў гэты момант усё: і цеплыня, і лагоднасць, і разуменне, і каханне бурацца адначасова.

Я вучуся класці гэтыя «крошкі» ў талерку сваёй сям’і, вучуся пастаянна. Часам хочацца вялікіх і кардынальных змен у адносінах; ды так, каб хутка і адразу. Але атрымліваюцца сапраўдныя змены ў адносінах толькі павольна, паступова, і гэтаму неабходна прысвяціць сілы і час.

Вельмі шмат у разуменні канкрэтных крокаў па клопаце пра нашыя сужэнскія адносіны, па выбары канкрэтнай стратэгіі і тактыкі выйсця з канфліктных сітуацый далі нам з Оляй рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» яшчэ дзевяць гадоў таму.

І ўсе шматлікія сужэнскія праграмы ад «Сужэнских сустрэч» мы з вялікім задавальненнем праходзім да сённяшняга дня і выкарыстоўваем інструменты дыялогу ў сваёй штодзённасці.

Запрашаем сем’і на бліжэйшыя рэкалекцыі ад «Сужэнскіх Сустрэч», якія ўжо заўтра распачнуцца ў Навагрудку, каб неадкладна пачаць клапаціцца пра свае сужэнскія адносіны.

  • Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44
  • Падрабязнасці адносна ўдзелу і гісторыі іншых сужэнстваў ТУТ>>>
Абноўлена 04.11.2021 10:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа