Пошук

15.11.2022 19:38   Тэкст: Вольга і Аляксандр Панамаровы / Фота: з архіву сям’і Панамаровых / Catholic.by

Вольга і Аляксандр Панамаровы ўжо дзесяць гадоў удзельнічаюць у «Сужэнскіх сустрэчах». Яны працягваюць дзяліцца сваім асабістым досведам таго, як падтрымліваць добрыя адносіны паміж сабой і з дзецьмі, а таксама як праз дыялог дасягаецца асэнсаванасць у гэтых адносінах.

Оля: Апошнім часам я шмат стала думаць над такой гранню адносін у сужэнстве, у сям’і, як асэнсаванасць, або, па-руску, осознанность. І стала я думаць аб ёй, вядома ж, не проста так.

Восень, апроч рознакаляровага лісця, якое шамаціць пад нагамі, прыносіць у наша з Сашам сямейнае жыццё шмат заданняў: увайсці ў школьны рытм, абраць і арганізаваць «дастаўку» дзяцей у шматлікія гурткі па інтарэсах, зноў акунуцца ў жыццё дзіцячага садку і кожныя пару тыдняў сядзець на бальнічным, выціраючы нос то аднаму малому, то другому, то трэцяму, пры гэтым увесь час вырашаць працоўныя пытанні ў бясконца змяняючыхся абставінах.

І ў гэтым усім не забыцца адзін пра аднаго, пра нашыя з Сашам адносіны, пра наша разам… ды і пра сапраўдныя адносіны з дзецьмі таксама б не забыць!

Прыходжу дадому і з парога пачынаю вылічаць: «Чаму ў калідорчыку ўвесь абутак раскіданы? Чаму талеркі пасля абеду на сталах? Чаму марская свінка без вады і без ежы?..»

Дзеці глядзяць на мяне ў надзеі, што мама іх зараз з радасцю абдыме… а я ўжо «завялася» і пра абдымкі забылася. Мне б хутчэй парадак навесці.

Саша: Еду дадому, хачу хутчэй убачыць Олю, сям’ю, а яна раздражнёна нешта крычыць з кухні і нават не выйдзе да мяне, каб абняцца. Пасля дзеці пачынаюць зноў нешта дзяліць паміж сабой, крычаць і біцца. І я сам не заўважаю, як выходжу з сябе і пачынаю крычаць на іх і разам з імі.

А вось ужо і дачка прыйшла са школы і колка, рэзка пачынае з намі размаўляць, кідаць крыўдныя слоўцы ў наш адрас. І ўва мне ўсё кіпіць ад такой несправядлівасці! Унутры проста імгненна ўзнікае крыўда на яе словы.

Чаму яны так сябе паводзяць? Чаму я на іх так рэагую? Чаму яны так рэагуюць на мяне? Чаму? Чаму? Чаму?..

Гэта толькі адзінкавыя прыклады, якія першымі прыгадаліся. А такімі, спачатку незразумелымі паводзінамі Олі, дзяцей і маімі спантаннымі рэакцыямі на іх словы і ўчынкі напоўнены кожны дзень. Я вельмі часта сам не разумею, чаму менавіта так рэагую на тую ці іншую сітуацыю. У выніку атрымліваецца, што такіх «параненых» неасэнсаваных кантактаў паміж намі так шмат, што ў нейкі момант разумею, што пачынаю губляць радасць у нашых адносінах.

Оля: Пачынае здавацца, што сыходзіць цеплыня і дабрыня з нашых з Сашам адносін. Больш за тое, знікае паразуменне ў адносінах з дзецьмі. Усё неяк пачынае губляць сэнс і радасць быцця разам. У гэтыя перыяды я перастаю адчуваць спакой, знаходзячыся ў нашым доме. Прыходзіць бясконцае штодзённае выкананне сваіх абавязкаў, руціна, размовы аб дзецях.

Шмат разважаючы пра ўсе падобныя сітуацыі, якія павольна, але дакладна разбураюць нашыя адносіны, аддаляюць нас адно ад аднаго, я ў нейкі момант усвядоміла, што менавіта дыялог па тых правілах, пра якія кажуць «Сужэнскія сустрэчы» на сваіх рэкалекцыях, дазваляе нам шукаць і знаходзіць асэнсаванасць у нашых з Сашам адносінах, у адносінах з дзецьмі і блізкімі. Кожная сямейная сітуацыя, якую нам удалося перажыць па правілах дыялогу, нечакана пачынае граць зусім іншымі фарбамі. Нават першапачатковы канфлікт пачынае даваць больш і больш разумення адно аднаго, а значыць, і ўзаемаразумення.

Саша: У нашай сям’і ёсць такая традыцыя, што ў нядзелю пасля святой Імшы мы часцей за ўсё едзем у госці да бацькоў ці сяброў або запрашаем іх да сябе. Заўсёды весела і шумна. Але ў апошні месяц старэйшая дачка стала вельмі груба і агрэсіўна паводзіць сябе ў гэты дзень.

Вось выдаўся цёплы сонечны дзянёк, і мы едзем у лес з сябрамі, а яна крычыць на ўсю машыну: не хачу, не паеду, вы ўсе дрэнныя. І ўсё ў такім духу. Першы час гэта выклікала ўва мне жудаснае раздражненне. Вось мы — такія добрыя бацькі, столькі табе ўсяго цікавага прапануем, столькі месцаў паказваем, а табе ўсё не тое…усё не так… нават не шануеш. І мы з Оляй пэўны час сваімі словамі і дзеяннямі у нейкай ступені абясцэньвалі яе ўнутраны бунт і пратэст.

Але жаданне зразумець Сафію і пачуць, што ў яе ўнутры, аказалася вышэй за мае спантанныя рэакцыі на яе паводзіны. Я стаў часцей прыходзіць да яе ў пакой і размаўляць з ёй перад сном пра тое, што яе па-сапраўднаму турбуе. Дзяліўся з ёю тым, як нам з мамай цяжка зносіць такія паводзіны, як нам сумна, і што мы заблыталіся. Я шмат слухаў таго, што яна бясконца шчабятала, і ў гэтых дыялогах яна нарэшце змагла сфармуляваць прычыну сваіх паводзін: ёй вельмі-вельмі вельмі хацелася, каб некалькі выходных дзён мы правялі толькі сваёй сям’ёй. Разам гатавалі нешта смачнае, разам глядзелі нейкі сямейныя фільмы ці гралі ў настолькі.

Для нас з Оляй гэта аказалася сапраўдным заданнем, бо прыйшлося не раз адмовіцца ад таго, чаго хацелася б нам. Але гэтыя некалькі выходных, праведзеных разам, «адрамантавалі» нашыя адносіны ў гэтым пытанні і вярнулі радасць у нашыя адносіны. Напоўніўшыся сумесным часам, дачка цяпер першая крычыць: калі мы паедзем у госці? Дыялог падараваў асэнсаванасць нашым з ёй адносінам і дазволіў лепш зразумець і прыняць адзін аднаго.

Оля: Мне катастрафічна не хапае часу, дзе ёсць толькі Саша і я. Калі ў мяне доўга няма гэтага часу «толькі для нас», я губляю ўнутраны спакой, мяне перастае цешыць тое, што я раблю. Такі важны для мяне маленькі адрэзачак нашага часу — гэта момант, калі дзеці спяць, а мы яшчэ не спім. У гэты момант я адчуваю сябе шчаслівай, патрэбнай і каханай. Часта здаралася так, што Саша ў позні час ладзіў доўгія гульні з дзецьмі: то доўгія настолькі, то доўгія размовы. І сон прыходзіў вельмі позна, і сіл адно на аднаго нам ужо не заставалася.

Замест таго, каб радавацца, што тата гуляе з дзецьмі, я ўсё больш і больш раздражнялася і «зрывалася» эмацыйна па розных дробязях, нават не звязаных з гэтым.

У дыялогу з самой сабой я ўсвядоміла, асэнсавала сваю патрэбу ў гэтым вячэрнім часе для нас з Сашам, назвала для сябе гэтую патрэбу «па імені». Я зразумела, адкуль бярэцца маё раздражненне, і падзялілася з Сашам тым, што мяне непакоіць адсутнасць часу адзін для аднаго. Дыялог дазволіў мне адчуць сябе выслуханай і зразуметай.

Ён таксама дазволіў нам свядома паводзіць сябе ў такіх сітуацыях. І цяпер я спакойна кажу: Саша, мне вельмі важна сёння хоць крыху пабыць толькі з табой. І бачу, што ён імкнецца зрабіць так, каб гэты час у нас быў. Гэтыя асэнсаваныя паводзіны вяртаюць радасць у нашыя сямейныя вечары.

Саша: Часам здаецца, што ў нейкім пытанні зусім няма паразумення, у нейкай сферы наступае крызіс. У пэўны момант думаеш: нічога не зменіцца, дарэмна прыкладаць намаганні. Муж такі… жонка такая… дзіця такое… і таму няма святла ў канцы тунэля.

Але наш вопыт жыцця ў дыялогу шмат разоў паказваў нам, што важна рабіць маленькія крокі насустрач адно аднаму. Галоўнае рабіць іх увесь час, кожны дзень.

Пачаць рабіць гэтыя невялікія, але вельмі важныя і асэнсаваныя крокі ў сужэнскім дыялогу можна на рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч».

Бліжэйшыя рэкалекцыі пройдуць 25–27 лістапада ў Баранавічах.

Запіс па тэл.: +375 (29) 729 46 35

Абноўлена 15.11.2022 20:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця