Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Вольга і Аляксандр Панамаровы, якія ўжо дзяліліся з чытачамі Catholic.by рэцэптам свайго сямейнага шчасця, распавядаюць, якія жыццёвыя падзеі ў мінулым годзе сталі сапраўды важнымі для іхняга сужэнства і зрабілі іх яшчэ бліжэй адно да аднаго.
Оля: Я вельмі люблю калядны перыяд: падрыхтоўку да Нараджэння Пана — само свята і час пасля яго, калі ў сэрцы і ў паветры яшчэ лунае дух Калядаў.
Тады мяне проста перапаўняе радасць, хочацца часцей усміхацца сваім родным, рабіць больш дабра. Але разам з тым хочацца і падвесці невялікія сямейныя вынікі і ўспомніць аб тым, што я прынесла да ясляў з Нованароджаным Хрыстом?
І адказаць сабе на пытанне пра тое, што з таго, што ў апошні час было важна для нас з Сашам, зрабіла нас сапраўды бліжэй? Што ўмацавала нашы адносіны, у тым ліку і з дзецьмі?
Саша: Наш дыялог на гэтую тэму і ўсведамленне таго, што сапраўды было для нас важна за апошні год, дапамагаюць мне, па-першае, ацаніць падзеі, іх важнасць для нашай сям’і і, па-другое, падзякаваць Езусу за тое, што вядзе нас сваім шляхам: далёка не заўсёды простым, але асаблівым… Шляхам нашай з Оляй сям’і.
Часам Ён дакранаецца да нас нейкімі неверагодна складанымі падзеямі, але і яны паступова ўмацоўваюць нашае каханне, разуменне, давер і адчуванне каштоўнасці нашага «разам». Часта мне гэтыя падзеі цяжка зразумець, але на ўзроўні пачуццяў я ўсё ж усведамляю іх каштоўнасць.
Оля: Урыўкі з нашага дыялогу…
— Ты ведаеш, Саша, я цяпер успамінаю нашае лета і цяжкасці на працы, усе перажыванні, страх і эмацыйнае выгаранне. Мы з табой стомленыя, працуем, хвалюемся… І тут атрымліваем запрашэнне ад сяброў правесці невялікі адпачынак з дзецьмі на моры. Нам доўга здавалася, што гэтая „місія невыканальная“: ні фінансава, ні фізічна.
Але мы даверыліся гэтай магчымасці і атрымалі неверагодны падарунак ад Бога — сапраўдны адпачынак для ўсёй сям’і, ды яшчэ і з сябрамі.
Я памятаю кожны наш ранішні шпацыр па беразе і бесклапотны час, праведзены на пляжы з дзеткамі. Я проста захаплялася табою, калі ты весяліўся і дурэў з дзецьмі, а я ляжала з кнігай у руках. Усё гэта абнавіла маю цеплыню ў адносінах да цябе, а гэты час, праведзены толькі для сям’і, дазволіў нам усім стаць нашмат бліжэй, адчуваць сябе каханымі.
Саша:
— Оля, калі ты патрапіла з малодшай дачкой у бальніцу, а я застаўся з дзецьмі, я адчуваў страх за вас і адначасова вялікую павагу да таго, як ты спрытна спраўляешся з домам і дзецьмі. Гэта нейкі дар, які ў мітусні я так рэдка заўважаў.
Гэтыя думкі і пачуцці ўмацавалі маё каханне.
Я яшчэ таксама часта ўспамінаю, як мы з Мацвеем заўсёды разам гатуем бліны і піцу для ўсёй сям’і. Гэты працэс гатавання выклікае ўва мне пачуцці неверагоднай радасці ад таго, што мой сын стаіць побач са мной і мы на дзвюх патэльнях разам кулінарым. Гэта вельмі ўмацоўвае маю любоў да яго, адбудоўвае нашы адносіны.
Оля:
— Сашанька, так шмат складаных пачуццяў ува мне выклікаў перыяд Адвэнту, калі я і дзеці па чарзе так моцна хварэлі, што здавалася, гэтаму няма канца. Я ведаю, як для цябе было важна паехаць у камандзіроўку, але ты застаўся, каб даглядаць усіх нас. Адчуваю велізарную падзяку табе за гэтае складанае рашэнне і за клопат і адначасова ўсведамляю, што гэты перыяд дазволіў мне адчуваць сябе ў бяспецы побач з табой.
А яшчэ памятаеш, як, пакуль мы грыпавалі, я спрабавала зразумець складаныя паводзіны нашай дачкі.
Прыняла рашэнне весці з ёй дыялогі перад сном, каб адчуць, што ў яе ўнутры. Я, слабая, з цяжкасцю залазіла да яе на другі паверх ложка і слухала, слухала, слухала… Гэтыя намаганні дапамаглі мне ўсвядоміць, што ёй вельмі патэбна цяпер мая ўвага, маё прыняцце, мой час толькі для яе. І я адчула вялікую радасць ад гэтага разумення і жаданне быць бліжэй, цярплівей, ласкавей.
Саша:
— А для мяне яшчэ былі вельмі важныя нашыя сумесныя камандзіроўкі ў Гродна. Яны сапраўды набліжалі мяне да цябе. Дзякую Богу за гэтую магчымасць весці доўгую размову з табой па дарозе ў машыне. Я так рады, што мы прыдумалі сабе традыцыю: катацца ў Гродне на каньках, трымаючыся моцна за рукі. Добра, што ты не вельмі ўмееш катацца, і з-за гэтага твая рука маю не адпускае.
45 хвілін катання: так доўга мы за рукі ўжо даўно не трымаліся!
Так шчыра хочацца, каб і ў гэтым годзе ў нас з табой было шмат падзей, якія яшчэ больш наблізяць нас адно да аднаго. Няхай нават спачатку будзе здавацца, што яны нас адштурхоўваюць. Але я хачу заўважаць цябе, дзяцей, вашыя патрэбы, пачуцці і рухацца насустрач, каб будаваць наша «разам».
Усіх ахвотных, якія жадаюць аднавіць і ўмацаваць свае сужэнскія адносіны ў духу дыялогу, удзельнікі руху запрашаюць на ўнікальныя рэкалекцыі ад «Сужэнскіх Сустрэч», якія пройдуць 11–13 лютага ў Навагрудку.
«Няхай дарога да рэкалекцыйнага дома будзе не перашкодай, а пачаткам падарожжа ў свет дыялогу», — жадаюць арганізатары.
- Дадатковая інфармацыя і запіс па тэлефоне:
+375 (29) 652 11 44