Пошук

31.03.2022 12:51   Тэкст: Марта і Павел Орда / Фота: з сямейнага архіву / Catholic.by

Як жывуць сучасныя сужонкі згодна з хрысціянскімі прынцыпамі? Маладажоны Марта і Павел Орда дзеляцца сваім асабістым досведам пошуку адказа на гэтае пытанне.

Марта: Хвала Хрысту! Мяне зваць Марта, маю 23 гады, навучаюся апошні год у медыцынскім універсітэце. Майго сужонка зваць Павел, яму 31 год, працуе ён інжынерам-энергетыкам. Прозвішча нашае Орда. Ідзе ўжо сёмы месяц, як мы прынялі сакрамэнт сужэнства.

Вернем час на год раней. Менавіта тады ў пабліку нашага моладзевага душпастырства Open, што дзейнічае ў Гродне, я заўважыла аб’яву анлайн-сустрэч для закаханых. Канечне ж, адразу запрапанавала Паўлу.

Павел: Так, я таксама быў ахвотны да ўдзелу, але не так моцна, як Марта.

Мяне турбавала, ці той, хто праводзіць сустрэчы, адукаваны ў гэтых справах, ці будзе на сувязі з намі святар…

Да таго ж, нам трэба было вызначыць месца сустрэчы. Нягледзячы на магчымасць падключыцца да канферэнцыі паасобку, нам хацелася ўдзельнічаць, выходзячы на сувязь з адной геалакацыі. І ведаеце, мы знайшлі даволі незвычайнае месца… [Марта усміхаецца] — ветэрынарную клініку, дзе працуе тата Марты! Там быў wi-fi, і пачатак сустрэч акурат супадаў з заканчэннем працоўнага дня ў клініцы. А самае галоўнае, менавіта там я пазнаёміўся з бацькам сваёй сужонкі, што было важным для мяне і для Марты.

Марта: Я не магла дачакацца, калі распачнуцца сустрэчы. Лічыла дні да распачацця, адмяніла ўсе важныя і няважныя справы на той дзень. Настолькі мне было цікава, як і што мы будзем рабіць на сустрэчах.

Чакалі мы наступнага: удасканаліць свае адносіны і паназіраць, як жывуць сучасныя сужонкі згодна з хрысціянскімі прынцыпамі.

На маю думку, мы і так нядрэнна паводзілі сябе ў адносінах: устрымліваліся ад інтымных зносінаў (нават ад пацалункаў), імкнуліся заўважаць станоўчыя і не зусім станоўчыя якасці адзін аднаго, стараліся разам удзельнічаць у святой Імшы.

Але хацелася і нейкай парады. Напрыклад, калі і як прасіць прабачэння падчас сваркі, як не ставіць на першае месца матэрыяльныя каштоўнасці і гэтак далей. Таму на час заканчэння сустрэч я ўжо чакала ад сябе падрыхтаванасці да сямейнага жыцця. Не на 100 адсоткаў, канечне, бо гэта немагчыма — смяецца Марта — але прынамсі адсоткаў на 80.

На той момант нашым адносінам быў ужо год. Заручын яшчэ не было, але мы размаўлялі на гэтую тэму і разумелі, што ў рэшце рэшт нашае цёплае сяброўства чымсьці такім скончыцца…

На пытанне пра тое, што новага мы пазналі адзін у адным, мне адказаць цяжка. Мабыць, нішто мяне ў будучым сужонку так моцна не здзівіла.

Павел: Я, наадварот, звярнуў тады ўвагу на тое, што ў нас адрозніваюцца погляды на пэўныя рэчы, хоць дагэтуль мне здавалася, што мы з’яўляемся амаль копіяй адзін аднаго.

Вось канкрэтны прыклад: да матэрыяльных каштоўнасцяў мы ставіліся па-рознаму. Марта, магчыма, з увагі на клопат з боку бацькоў, не магла правільна ацаніць ролю грошай у сямейным жыцці. Я, у сваю чаргу, пражыўшы пэўны час асобна, глядзеў больш рэалістычна на матэрыяльны бок жыцця.

Марта: Самым важным у сустрэчах для закакаханых мы абодва лічым магчымасць размовы на розныя тэмы: як прыемныя, так і не вельмі.

Гэта пошук адказаў на пытанні, на якія б мы, магчыма, і не звярнулі ўвагі, а можа, нават і пасаромеліся спытацца адзін аднаго.

Ці дапамаглі нам вечары для закаханых прыняць больш асэнсаванае рашэнне адносна заключэння сакрамэнту сужэнства? Так, безумоўна! Для мяне асабіста стаў захапляльным досвед іншых сем’яў, з якімі мы мелі магчымасць сустракацца падчас анлайн-вечароў. У меня з’явілася больш жадання прыняць на сябе абавязак жонкі і ўзрастаць у любові да выбранага мною маладога чалавека. Дзякуючы сведчанням, я адчула ўпэўненасць, што мы з Паўлам таксама зможам стварыць добрую хрысціянскую сям’ю, якая заўсёды была маёй марай.

Павел: А для мяне вечары сталі, па-першае, добрай магчымасцю лепш пазнаць дзяўчыну, у якую я без памяці закахаўся. Па-другое, не далі расчаравацца ў ёй.

І самае галоўнае, надалі ўпэўненасць у тым, што Марта — гэта чалавек, якому я прагну прысвяціць сваё жыццё.

Марта: Маючы ўжо ўласны невялікі досвед сямейнага жыцця, мы хочам падзякаваць арганізатарам за іх прыклад, за іх падказкі і парады, якія мы памятаем і якімі імкнемся карыстацца ў штодзённасці.

Пакуль што нам не даводзілася сутыкнуцца з сур’ёзнымі праблемамі, але і баяцца іх не варта. Што датычыцца дробных канфліктаў, то мой муж — дзякуй яму за гэта вялікі! — імкнеццца заўсёды разабрацца, што стала прычынаю непаразумення.

Пацікавіцца, як справы адзін у аднаго таксама варта. І не забываць пра рамантыку — гэтую параду я чамусьці добра запомніла! Кветка для жонкі без асаблівай нагоды або намаляванае сэрца на запацелым ад пары люстэрку надае адносінам сапраўдную ўсмешку і жаданне далей служыць адзін аднаму.

Зацікавіліся? Запісвайцеся!

19 красавіка у 19.00 у Беларусі зноў стартуюць «Вечары для закаханых» у фармаце анлайн. Удзельнікаў чакаюць 9 незабыўных сустрэч па аўторках. Унікальная аўтарская праграма, шмат рамантыкі і працы над адносінамі.

Абноўлена 02.04.2022 08:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.